У варшаўскай галерэі «Piwnica 62» адкрылася выстава беларускай мастачкі з Полацка Таццяна Козік. Яна — вядомая габеленшчыца і мастачка па тэкстылю. У Беларусі стварала габелены як класічныя, так і аб’ёмныя, эксперыментальныя, у якіх ужывала металічную сетку. Выразныя канструкцыі перасякаліся, перапляталіся, наслойваліся, ствараючы тонкія і складаныя кампазіцыі.
У эміграцыі для габеленаў не ставала ні натхнення, ні майстэрні, ні матэрыялаў. Але не займацца творчасцю было немагчыма, таму Таццяна захапілася жывапісам. Яна пісала карціны і раней, часам для душы, але ў асноўным у якасці эскізаў для будучых габеленаў.
Выстава у варшаўскай галерэі называецца «За даляглядам» — яна пра пералом і пра дарогу, якая ніколі не бывае прамой. І пра тое месца, дзе мы ідзем разам з небам.
Жывапіс на выставе стылістычна розны. Ёсць натурныя замалёўкі з пленэру на мазурскіх азёрах — гэта лёгкія і настраёвыя краявіды, як і усё яе жывапісныя творы напісаныя на палатне хуткімі крананнямі мастыхіну (пэндзаль аўтарка не выкарыстоўвае).
Ёсць творы-імпрэсіі, у аснове якой структуры, чымсьці падобныя на габелен, ці гэта перапляценні ніцяў, складкі тканін і абавязкова птушкі, фірмовы знак мастачкі, які заўсёды — відочна ці замаскіравана — прысутнічаў у яе габеленах.
Жывапісны дыптых «Мяжа часу. Боль», створаны адмыслова для гэтага памяшкання, адкрываў экспазіцыю. Гэтая праца — пра эміграцыю, пра боль мінуўшчыны і нявызначанасць будучыні. Выява разламваецца, змяшчаецца, брутальна падзяляецца краямі двух карцін. Асноўныя сродкі тут — кантрасныя колеры і экспрэсія мазка. І птушкі-анёлы, што нараджаюцца са стыхіі карціны.
Выстава Таццяны Козік у галерэі «Piwnica 62» будзе працаваць да 20 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Cudounaja vystava!Vydatnyja karciny!Vinšuju Taćcianu i zyču jašče nie adnu vystavu u samych prestyžnych Haleryjach!!!!