30 студзеня ў варшаўскай сядзібе Усходняга дома (пл. Канстытуцыі, 6) распачне працу выстава малюнкаў беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца. На праекце «У сэрцы — Беларусь» будуць прадстаўлены малюнкі, якія лідар «Маладога фронту» стварыў за кратамі.
Павел Севярынец маляваў свае творы ў зняволенні ў Шклоўскай турме на простых папяровых аркушах звычайнымі алоўкамі — стоячы ў камеры. На малюнках — партрэты сям’і, беларускія храмы і краявіды.
«Павел скончыў мастацкую школу, але не маляваў вельмі даўно, хіба са студэнцтва, — распавядала «Вясне» пра захапленне мужа Вольга Севярынец. — І так цікава было назіраць, як ён узгадвае тэхніку, як з кожным лістом малюнкі станавіліся ўсё больш яскравымі. Малюнкі гэта такія своеасаблівыя дадаткі да лістоў, якія Павел піша сыну. Спачатку ліст, пасля малюнак, — дзеліцца Вольга. — Павел не мае зараз вялікай магчымасці кантактаваць з сынам, выхоўваць яго і бавіць з ім час. Усё, што ў яго ёсць, гэта лісты і кароткія званкі, таму ў лісты да Францішка ён укладае ўсё самае лепшае – настаўляе яго, распавядае гісторыі пра сябе і сваё дзяцінства, вучыць быць сапраўдным беларусам, вернікам, мужчынам. Францішак вельмі чакае ад яго лістоў і заўсёды вельмі радуецца, калі знаходзіць ліст у скрыні».
Падчас імпрэзы будзе абвешчаны збор на выданне кніг Паўла, удакладняюць арганізатары.
Грамадскага і палітычнага актывіста, галоўнага заснавальніка партыі Беларуская хрысціянскага дэмакратыя, аўтара шматлікіх кніг пра Беларусь Паўла Севярынца арыштавалі 7 чэрвеня 2020 года і асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі. 30 снежня ён адзначыў 47-годдзе.
Арганізатарам выставы беларускага палітыка з’яўляецца ініцыятыва Беларускага хрысціянскага клубу і фундацыі «Białoruska Chrześcіjańska Demokracja». Адкрыццё падзеі адбудзецца 30 студзеня а 18.00 у прасторы Witryna Domu Wschodniego.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: