На «Беларусьфільме» нядаўна падвялі вынікі конкурсу сцэнарыяў. З 250 заявак журы выбрала 4 праекты, якія атрымалі рэкамендацыю да далейшай распрацоўкі: «Па слядах Белай маланкі» Аляксандры Шышовай, «Ванькава лета» Андрэя Бурыма, «Вужовая карона» Маі Вятровай і «Кумаха — дэман восені» Вячаслава Яфрэмава.
Фільмы павінны з’явіцца ў 2027-2028 гадах.
«Конкурс праводзіўся ў два этапы, — расказаў генеральны дырэктар кінастудыі Дзмітрый Сямёнаў. — Амаль з 250 заявак у фінал выйшлі 16 праектаў. Перад журы стаяла няпростая задача: кожны тэкст пільна аналізаваўся і абмяркоўваўся. Для нас было важна адшукаць гісторыі, вартыя экранізацыі, а разам з тым адкрыць новых аўтараў, здольных працаваць у кіно».
Перш чым атрымаць экраннае ўвасабленне, кожная задума павінна прайсці грунтоўную падрыхтоўку і дэталёвую распрацоўку. Гэтым цяпер займаецца «Беларусьфільм», каб у далейшым якасна падысці да запуску чарговых карцін.
Сцэнарыі паступалі на конкурс не толькі з Беларусі, але і з Расіі. У выніку – толькі адзін з тэкстаў – на беларускай мове, гэта «Вужовая карона» Маі Вятровай.
Гран-пры конкурсу атрымала Аляксандра Шышова – расійская рэжысёрка і сцэнарыстка, сярод яе праектаў – сцэнарый да фільма пра аператыўніка Глеба Котава і яго сабаку «Мухтар. Он вернулся». Яе сцэнарый «Па слядах белай маланкі» — гэта спартыўная драма пра дзяўчынку, якая сутыкаецца з адваротным бокам вялікіх амбіцый.
У далейшым плануецца праводзіць конкурсы, звязаныя не толькі з гульнявым кіно, але і з анімацыйным і дакументальным.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
