Святочная працэсія музыкаў на вуліцах аграрадка, народныя строі, спевы і танцы: учора, 4 ліпеня, у Ракаве святкавалі Купалле. Праграма стартавала ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці, які і ладзіў імпрэзу, і прадоўжылася шэсцем з традыцыйнай музыкай і спевамі па вуліцах мястэчка, прыцягваючы ўвагу мясцовых жыхароў і гасцей.
Асноўная дзея разгарнулася ўжо пад адкрытым небам. Арганізатары прапанавалі гасцям інтэрактыўную праграму з вольным уваходам, дзе можна было набыць вырабы мясцовых майстроў, паспяваць і патанчыць. Як адзначаюць наведвальнікі, ракаўскае Купаллае атрымалася ўтульным і вельмі свойскім. Кульмінацыяй вечару, як і належыць, стала запальванне вялікага святочнага вогнішча.
Ракаўскі цэнтр народнай творчасці шырока вядомы на Валожыншчыне сваімі фальклорнымі традыцыямі і захаваннем нематэрыяльнай спадчыны рэгіёна. Менавіта тут грунтуецца творчая база для калектываў — такіх як фальклорны гурт «Гасцінец» і народны ансамбль «Вянок», а частымі гасцямі лакальных святаў становяцца майстры інструментальнай музыкі — як, напрыклад, знакамітая Капэла Алёны Мялешкі.
















Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
