У выдавецтве Gutenberg напрыканцы месяца з’явіцца кніга Канстантага Ільдэфанса Галчыньскага «Вуліца Шарлатанаў».
«Споўнілася мая даўняя мроя — у друк пайшла кніга, якую вельмі хацеў зрабіць, — піша перакладчык кнігі Андрэй Хадановіч. — Адзін зь некалькіх самых-самых любімых паэтаў, Галчыньскі. Але падрыхтаваць, як належыць, усё не выпадала. Першы раз, дваццаць гадоў таму, трэ было тэрмінова рэдагаваць пераклады сяброў-калегаў, і на ўласныя амаль не засталося ні часу, ні сіл. Другі раз не хапіла ўжо месца: у маленькую кніжку з сэрыі «Паэты плянэты» не ўвайшла і палова таго, што хацеў. Напрыклад, геніяльная паэма «Ніоба»! Цяпер увайшло — плюс летась і сёлета яшчэ шмат чаго наперакладаў. Або пера-пераклаў нанова.
Дзякуй кракаўскаму Інстытуту Кнігі, які падтрымаў праект, — і, вядома ж, выдавецтву Gutenberg, якое паверыла ў ідэю з Галчыньскім!».
Кніга выходзіць на дзвюх мовах – на беларускай (клясычным правапісам) і польскай.

«Пісаў зялёным атрамантам і не пісаў у шуфляду, бо прагнуў кантакту з публікай, якая яго багоміла. У міжваенны час меў багемную славу, і ўсенародную папулярнасьць пасьля вайны, — тлумачыць Андрэй Хадановіч у анатацыі выдання. — Зьведаў супэртыражы і забарону на друк. Творцу ня раз «кэнсэлілі» (і дагэтуль спрабуюць) за правую ці левую кан’юнктурнасьць, а ён так напраўду ня знаўся на палітыцы, бо шчыра верыў толькі ў натхненьне, паэзію і віртуознае майстэрства паэта. Здагадаліся, якога?
Шэсьць гадоў правёў у нямецкім палоне, дзе «маўчаў як скала», але тыя колькі вершаў, што напісаў, сталі легендарнымі. Год вандраваў па Эўропе, бо вяртаньне ў «народную» Польшчу азначала страту паэтычнай свабоды. І ўсё-ткі вярнуўся, бо дома былі жонка, дачка — і польская мова, якую ён умеў слухаць. І на тэрыторыі абсурду ды (сама)іроніі адваяваў сабе прастору для вольнай творчасьці, недаступную «сур’ёзьнейшым» аўтарам. Быў найлепшым польскім паэтам у найгоршыя для паэзіі часы».
Выдавецтва абвесціла перадзамову. Да 20 ліпеня, пакуль кніга друкуецца, яна будзе каштаваць таней.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
