У Францыі на маштабную рэканструкцыю закрыўся Музей сучаснага мастацтва ў парыжскім Цэнтры Пампіду. Плануецца, што яна працягнецца пяць гадоў.
На гэтым тыдні пачаліся працы па вывазе 2000 пастаянных калекцый музея. Карціны Шагала, Джакамеці і мноства іншых скарбаў Пампіду будуць перамешчаныя ў іншыя месцы ў Парыжы і музеі ў Францыі і па ўсім свеце, — піша «The Guardian». Частка будзе выстаўлена ў абноўленым Парыжскім Вялікім палацы (Grand Palais). Акрамя Францыі экспанаты з Цэнтра Пампіду будуць дэманстравацца ў іншых краінах, у прыватнасці ў яго ўласных культурных цэнтрах у Малазе і Шанхаі, неўзабаве і ў Бруселі.

Будынак, вядомы сваім фасадам, упрыгожаным маляўнічымі трубамі і вентыляцыйнымі шахтамі, будзе цалкам адрамантаваны, пачынаючы ад тэхналогій і даступнасці і заканчваючы энергаэфектыўнасцю. Найбольш важным з’яўляецца выдаленне асбесту, які прысутнічае паўсюль, ад столяў музея да яго труб, задача, якая здавалася настолькі маштабнай, што быў прапанаваны поўны знос будынка. У 1970-х выкарыстанне гэтага матэрыялу было дазволена, цяпер ён лічыцца небяспечным.

Пасля завяршэння будаўніцтва Цэнтр атрымае новую выставачную прастору, памяшканні для дзяцей і моладзі, а таксама пашыраную бібліятэку.
Цэнтр Пампіду, які ў мінулым годзе прыцягнуў больш за 3 мільёны наведвальнікаў, з’яўляецца адным з самых папулярных музеяў у свеце, саступаючы ў Парыжы толькі Луўру (8 мільёнаў) і Орсе (3,7 мільёна) з пункту гледжання папулярнасці.
Унікальны будынак Цэнтра Пампіду, які з’яўляецца сапраўдным творам мастацтва, быў узведзены ў 1977 годзе па праекце Рэнца П’яна і Рычарда Роджэрса і стаў першым па-сапраўднаму сучасным музеем у свеце, які аб’ядноўвае калекцыю, выставы актуальнага мастацтва, сінематэку, бібліятэку, лекцыйныя залы. Ініцыятарам будаўніцтва быў прэзідэнт Пятай рэспублікі Жорж Пампіду.

Арыгінальнае архітэктурнае рашэнне ў стылі хай-тэк выклікала неадназначныя ацэнкі сучаснікаў, аднак неўзабаве Цэнтр Пампіду стаў адной з візітовак Парыжа і ўвайшоў у лік самых наведвальных французскіх і сусветных славутасцяў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram