«Не гвалт вярнуў людзям свабоду, а адвага працягваць дыялог у самых складных умовах»: Марыя Калеснікава адкрыла Зальцбургскі фестываль

Культура
Скрыншот з трансляцыі адкрыцця Зальцбургскага фестываля на ORF2.

Сёння, 26 ліпеня 2026 года, у знакамітай Фельзенрайтшуле (Felsenreitschule) у Аўстрыі афіцыйна адкрыўся Зальцбургскі фестываль — адна з найвядомых культурных падзей свету. На ўрачыстай цырымоніі з галоўнай прамовай выступіла беларуская музыка і палітычная актывістка Марыя Калеснікава. Творца з’яўляецца ганаровай прафесаркай Зальцбургскага ўніверсітэта Мацартэум і лаўрэаткай Міжнароднай прэміі Карла Вялікага. Яе выступ быў прысвечаны свабодзе, ролі культуры і важнасці захавання чалавечнасці і дыялогу.

«Яшчэ зусім нядаўна я не магла ўявіць, што зноў буду на сцэне»

Калеснікава пачала свой выступ з вельмі асабістага назірання: роўна 226 дзён яна жыве на волі пасля больш як пяці гадоў зняволення.

«Гэты дзень мае для мяне зусім асаблівае значэнне. Яшчэ зусім нядаўна я не магла сабе ўявіць, што зноў буду стаяць на сцэне, слухаць жывую музыку і прамаўляць перад поўнай залай. Роўна 226 дзён я зноў жыву на волі. Гэта былі найкаштоўнейшыя дзён у маім жыцці… Але гэта радасць ніколі не бывае поўнай. Няма ніводнага дня, калі б я не думала пра тых людзей, якія ўсё яшчэ сядзяць у турмах».

Сюжэтам, які прайшоў праз усе часткі яе прамовы, стала ідэя адмовы ад нянавісці і захавання сваёй унутранай свабоды:

«Маёй найвялікшай перамогай было тое, што я не дазволіла, каб нянавісць пусціла карані ў маім сэрцы — і што я, нягледзячы ні на што, засталася чалавекам. Падчас зняволення я часта думала пра адну фразу: “Калі ты ненавідзіш, яны ўжо перамаглі”».

«Не гвалт вярнуў людзям свабоду, а адвага працягваць дыялог у самых складных умовах»: Марыя Калеснікава адкрыла Зальцбургскі фестываль
Скрыншот з трансляцыі адкрыцця Зальцбургскага фестываля.

Аркестр як мадэль вольнага грамадства і глыбінная роля культуры

Як флейтыстка і палітык, Марыя звярнулася да музычных метафар, каб растлумачыць, як будуецца сапраўдная дэмакратыя. Яна падкрэсліла, што культура і мастацтва — гэта не проста «прыемны дадатак» да жыцця, а яго падмурак:

«Культура, адукацыя, навука і свабоднае мастацтва — гэта не другарадныя рэчы. Культура фармуе падваліны вольнага грамадства. Яна — той прасторай, дзе чалавек вучыцца быць чалавекам. Яна вучыць нас спачуванню, сумневам і здольнасці бачыць свет вачыма іншага чалавека».

Калеснікава параўнала здаровае грамадства з сімфанічным аркестрам, дзе каштоўнасць кожнага чалавека вызначаецца яго індывідуальнасцю, але вынік залежыць ад здольнасці чуць суседа:

«Аркестр — гэта адна з найпрыгажэйшых мадэлей свабоднага грамадства. Кожная музыкантка і кожны музыкант прыносяць у яго свой уласны досвед, свой характар і свой голас. Ніхто не мусіць дзеля гэтага адмаўляцца ад сваёй індывідуальнасці. Наадварот: менавіта гэта індывідуальнасць робіць музыку жывой.

Але музыка ўзнікае толькі тады, калі людзі гатовыя рабіць больш, чым проста рабіць чутным сваім уласны голас. Яна ўзнікае там, дзе яны слухаюць адзін аднаго. Дзе кожны ведае, калі трэба весці за сабой, а калі — ісці за іншымі. Музыка можа навучыць не толькі асобнага чалавека, але і цэлае грамадства слухаць адзін аднаго».

«Не гвалт вярнуў людзям свабоду, а адвага працягваць дыялог у самых складных умовах»: Марыя Калеснікава адкрыла Зальцбургскі фестываль
Скрыншот з трансляцыі адкрыцця Зальцбургскага фестываля.

Пра свабоду, дыялог і Еўропу

Значная частка выступу была прысвечана сучаснасці — росту агрэсіі ў грамадстве, захапленню тэхналогіямі і адначасоваму заняпаду культуры размовы. І Марыя Калеснікава лічыць, што менавіта здольнасць працягваць дыялог у складаных умовых — і ёсць сёння сілай людзей.

«Сіла Европы выяўляецца не ў тым, што яна не ведае крызісаў, а ў тым, што людзі не перасталі размаўляць адзін з адным нават у найцяжэйшыя хвіліны. Не гвалт вярнуў людзям свабоду, а адвага працягваць дыялог у самых складных умовах… Толькі моцная Еўропа можа захаваць бяспечную прастору — прастору, у якой людзі могуць думаць, тварыць, спрэчвацца, памыляцца, вучыцца і быць пачутымі».

«Я сама спазнала на сабе, што можа зрабіць дыпламатыя. Тым, што я маю магчымасць стаяць сёння тут перад вамі, я абавязаная людзям, якія не адмовіліся ад дыялогу нават там, дзе ён здаваўся бясперспектыўным. Дыялог — гэта не знак слабасці. Ён належыць да найбольш моцных бакоў свабодных грамадстваў», — лічыць музыка.

Не абмінула ў сваёй прамове Марыя Калеснікава і тэму штучнага інтэлекту.

«Яшчэ некалькі гадоў таму штучны інтэлект здаваўся тэмай з фантастыкі. Цяпер ён піша тэксты і складае музыку. Але будучыня вызначаецца не тым, наколькі разумнымі стануць нашы машыны, а тым, наколькі чалавечнымі мы застанемся. Штучны інтэлект здольны на многае. Але спачуванню ён навучыцца не можа. Таму культура і творчасць у эпоху штучнага інтэлекту важнейшыя, чым калі-небудзь», — заўважыла яна.

«Не гвалт вярнуў людзям свабоду, а адвага працягваць дыялог у самых складных умовах»: Марыя Калеснікава адкрыла Зальцбургскі фестываль
Скрыншот з трансляцыі адкрыцця Зальцбургскага фестываля.

Напрыканцы свайго выступу Марыя Калеснікава звярнулася да залы з заклікам не быць абыякавымі і выбіраць давер замест страху:

«Будучыня не ўзнікае сама па сабе. Яна ствараецца з мільёнаў чалавечых рашэнняў. У тым ліку з нашых. Яна пачынаецца з рашэнняў, якія мы прымаем сёння: ставіць свабоду вышэй за страх, давер вышэй за недопыт, чалавечнасць вышэй за абыякавасць — і ніколі не адмаўляцца ад дыялогу».

Пасля гэтых слоў уся зала Фельзенрайтшуле ўстала: прысутныя сустрэлі прамову Марыі Калеснікавай апладысментамі і прымалі яе надзвычай цёпла.

«Не гвалт вярнуў людзям свабоду, а адвага працягваць дыялог у самых складных умовах»: Марыя Калеснікава адкрыла Зальцбургскі фестываль
Скрыншот з трансляцыі адкрыцця Зальцбургскага фестываля.

Пра фестываль і яго праграму

Сёлета Зальцбургскі фестываль, які праходзіць у знакамітай Фельзенрайтшуле (Felsenreitschule), афіцыйна адкрыў Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэлен. У сваім выступе ён асобна адзначыў надзвычайную грамадзянскую мужнасць Марыі Калеснікавай.

Музычную праграму ўрачыстасці адкрываў Аркестр Мацартэума пад кіраўніцтвам другога выдатнага беларускага музыканта — дырыжора Віталя Алексяёнка, які цяпер займае пасаду галоўнага дырыжора Deutsche Oper am Rhein у Дзюсельдорфе і Дуйсбургу.

«Не гвалт вярнуў людзям свабоду, а адвага працягваць дыялог у самых складных умовах»: Марыя Калеснікава адкрыла Зальцбургскі фестываль
За дырыжорскім пультам — Віталь Алексяёнак. Скрыншот з трансляцыі адкрыцця Зальцбургскага фестываля.

Сёлетні Зальцбургскі фестываль працягнецца да 30 жніўня. Напрацягу 45 дзён на 19 розных пляцоўках горада адбудзецца больш за 170 спектакляў і канцэртаў з удзелам галоўных сусветных зорак оперы, тэатра і сімфанічнай музыкі.

Галоўнай опернай прэм’ерай года стане новая пастаноўка «Кармэн» Жоржа Бізэ ў прачытанні бельгійскага рэжысёра Габрыэлы Карыса з удзелам Асмік Грыгаран і Джонатана Тэтэльмана; музычным кіраўніком спектакля і дырыжорам аркестра Utopia выступіць Тэадор Курэнтзіс, чыё вяртанне зноў Выклікае дыскусіі праз яго невызначаную пазіцыю адносна Крамля. Сярод іншых ключавых афішных падзей сезона — пастаноўкі «Арыядны на Наксасе» Рыхарда Штрауса і «Святога Францыска Асізскага» Оліўе Месіяна, сусветныя прэм’еры новых п’ес нобелеўскіх лаўрэатаў Петэра Хандке і Эльфрыды Елінек, а таксама канцэрты Венскага і Берлінскага філарманічных аркестраў пад кіраўніцтвам Кірыла Пятрэнкі, Рыкарда Муці, Андрыса Нельсанса і з удзелам такіх піяністаў, як Марта Аргерых і Ігар Левіт.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.