Выстава Паўла Семчанкі «Melodia literarum» (з лацінскай — «Мелодыя літар») працуе ў галерэі «Панарама» на 22-м паверсе бібліятэкі.
Выстава адкрылася ў памяць пра вядомага мастака-каліграфа, які сышоў у 2025 годзе.

Павел Семчанка – не проста знакаміты творца, але і пачынальнік школы сучаснай беларускай каліграфіі. Ён пяцьдзясят гадоў выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, яго вучні, такія як Усевалад Свентахоўскі ці Генадзь Мацур, таксама выхавалі сваіх наступнікаў, якія працягваюць распрацоўкі шрыфтавых формаў.

На выставе паказваюць шрыфтавыя кампазіцыі і каліграфічныя эксперыменты, якія аўтар маляваў тушшу на паперы, а таксама крэсліў стальным штыхелем на металічных пласцінах. Гэтыя творы сталі эталонам беларускага каліграфічнага і шрыфтавога мастацтва.
Традыцыі беларускай каліграфіі і шрыфтоў сягаюць у ХІ—ХІІ стагоддзі, яны развіваліся ад першых рукапісаў, паўустава, беларускага скорапісу і кніг Францыска Скарыны. Наступны ўздым шрыфтавога мастацтва фіксуецца ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Тады адбываецца нармалізацыя сучаснай беларускай мовы, мастакі распрацоўваюць новыя шрыфты.

Пасля – з канца 1930-х — зноў наступае заняпад у развіцці беларускай каліграфіі і шрыфтавога мастацтва. Павел Семчанка, які пачаў удзельнічаць у выставах у 1970-я, паспрыяў рэнесансу беларускага шрыфтавога мастацтва, ініцыяваўшы творчыя эксперыменты. Украінец па паходжанні, ён зрабіў значны ўнёсак у фармаванне нацыянальнага стылю ў гэтым відзе мастацтва.

Павел Семчанка быў ініцыятарам стварэння і кіраўніком згуртавання беларускіх мастакоў-графікаў і каліграфаў «Літарт», якія перыядычна ладзілі выставы на прэстыжных беларускіх пляцоўках. Удзельнікі выстаў абыгрывалі гістарычныя формы шрыфтоў і распрацоўвалі новыя графічныя знакі. Ён сам распрацаваў некалькі варыянтаў адмысловых шрыфтоў, у тым ліку «Новаскарынаўскі», які быў прадстаўлены ў экспазіцыі. На выставе паказалі і варыяцыі беларускага нацыянальнага алфавіта, і яго работы па матывах ініцыялаў Скарыны.

У сучасным свеце рукапіс востраканцовым і шырокаканцовым пёрамі стаў набыткам графічнага мастацтва, дзе літара з’яўляецца не толькі носьбітам інфармацыі, але і формай для эмоцыі. Літары Паўла Семчанкі сапраўды можна чытаць на некалькіх узроўнях — непасрэдна, складаючы іх у словы, і вобразна, калі сам характар графікі нараджае вобразы, а нюансы пісьма пяром і нават фактуры, якія пры гэтым з‘яўляюцца, падказваюць музычныя асацыяцыі і выклікаюць адпаведны настрой. Шрыфт пад пяром сапраўднага майстра ператвараецца ва ўвасобленую ў знаках думку, а літары прамаўляюць па-за сэнсам слоў. А кампазіцыі з іх уражваюць вытанчанай — да тонкай ювелірнай агранкі — графікай.

Выстава будзе працаваць да 16 лістапада.