З нагоды адкрыцця беларускага праекта «Official. Unofficial. Belarus» Reform.news звярнуўся па каментар да мастака, куратара і галоўнага рэдактара даследчай платформы сучаснага беларускага мастацтва Kalektar Сяргея Шабохіна, які цяпер знаходзіцца на Венецыянскай біенале.
Мастак падзяліўся сваімі ўражаннямі і меркаваннем пра праект і агульны кантэкст біенале і лічыць, што выказванне Беларускага свабоднага тэатра і куратаркі Даніэлы Каляды атрымалася «эмацыйным, плакатным і тэатральным», але пры – цалкам адпаведным агульнаму характару сёлетняй Венецыі.

– Назва беларускага праекта «Official. Unofficial. Belarus», прадстаўленага ў рамках афіцыйнай паралельнай праграмы 61-й Венецыянскай біенале, працуе як вельмі дакладны і амаль правакацыйны жэст, – лічыць Сяргей Шабохін. – Многія наведвальнікі спачатку сапраўды ўспрынялі яго як афіцыйны нацыянальны павільён Беларусі, задавалі пытанні, ці не стаіць за ім дзяржаўная структура, ці не санкцыянаваны ён беларускімі ўладамі. Але супрацьпастаўленне «official / unofficial» адразу разбурае гэтую ілюзію і ператварае саму назву ў каментар да сучаснага стану беларускай культуры, якая існуе паміж легальнасцю і выгнаннем, паміж афіцыйнай нябачнасцю і міжнароднай прысутнасцю. Само слова «Belarus» у кантэксце Венецыянскай біенале ўжо працуе як моцны маркер, асабліва цяпер, калі Беларусь у міжнароднай свядомасці амаль заўсёды асацыюецца з палітычным гвалтам, цэнзурай і эміграцыяй.

Праект адбываецца ў касцёле Святога Яна Евангеліста ў Венецыі і курыруецца Даніэлай Калядой. Сярод удзельні:ц — Сяргей Грыневіч, Уладзімір Цэслер, Мікалай Халезін, а таксама сама Даніэла Каляда, якая выступае тут не толькі як куратарка, але і як аўтарка некалькіх ключавых інсталяцыйных элементаў. Асобную ролю ў праекце адыгрывае кампазітарка Вольга Падгайская, якая стварыла site-specific арганную і гукавую кампазіцыю для гэтай прасторы.

Асобна трэба адзначыць саму прастору. Арганізатар:кам удалося арандаваць сапраўды вельмі моцны і ўражлівы касцёл — фактычна паўнавартасны ўдзельнік усяго праекта. У Венецыі касцёлы даволі часта выкарыстоўваюцца як выставачныя прасторы, і тут таксама экспазіцыя пабудаваная як site-specific інтэрвенцыя: амаль усе элементы ўзаемадзейнічаюць з архітэктурай, сакральнасцю прасторы, яе маштабам, акустыкай і драматургіяй руху гледача. Праца ідзе не толькі з візуальнымі вобразамі, але і са святлом, цемрай, гукам, пахамі, маршрутам і самой атмасферай касцёла.

Менавіта тут вельмі адчуваецца бэкграўнд Belarus Free Theatre. Праект «Official. Unofficial. Belarus» — хутчэй вялікая сцэнаграфічная пастаноўка, «мантаж атракцыёнаў». Усё працуе на эфект. Святло, гук, арганная музыка, пах жыта і саломы, аўдыяінсталяцыі, тэксты палітвязняў, элементы назірання, нават гастранамічныя дэталі на адкрыцці — усё гэта збіраецца ў адну татальную тэатральную сістэму. Шмат якія элементы выглядаюць наўмысна бутафорскімі, амаль дэкарацыйнымі, але менавіта такая тэатральная празмернасць сёння вельмі характэрная для вялікай колькасці палітычных праектаў на біенале.

У гэтым сэнсе беларускі праект упісваецца ў агульны кантэкст сёлетняй Венецыі. Тут надзвычай шмат выстаў, пабудаваных на тэмах постпраўды, палітычнага тэатра, медыйнага гвалту, кічу і спектакулярнасці. У якасці прыкладу можна ўзгадаць персанальную выставу Давіда Чэрнага, якая таксама пабудавана як тэатр палітычнага гвалту і выкарыстоўвае вельмі прамыя, амаль карыкатурныя вобразы. Але беларускі праект выглядае больш дакладным у працы з прасторай. Ён менш перагружаны і больш уважлівы да самой архітэктуры касцёла, хоць таксама працуе з вельмі прамой эмацыйнай і палітычнай мовай.

Адна з цэнтральных інсталяцый пабудаваная вакол своеасаблівай «споведзі», створанай Даніэлай Калядой у супрацоўніцтве з адмыслова запрошаным праграмістам. Гледач:кі заходзяць у канфесіянал, пасля чаго іх твар счытваецца сістэмай назірання, а сама сакральная прастора ператвараецца ў прастору кантролю і маніторынгу. Іншая моцная інтэрвенцыя — вялікі крыж, складзены з камер назірання з чырвоным святлом. Усё гэта выглядае як вельмі дакладнае site-specific уварванне ў касцёльную архітэктуру.

На алтары знаходзіцца вялізны шар, складзены з забароненых кніг, што непазбежна выклікае асацыяцыі з «451 градусам па Фарэнгейту» Рэя Брэдберы і з «1984» Джорджа Оруэла. Побач аўдыяінсталяцыя, у якой вядомыя актор:кі зачытваюць лісты палітвязн:ек. Усё гэта пабудавана як татальны эмацыйны досвед, у якім гледачу прапануецца не разважаць, а хутчэй эмацыйна перажываць.
Асобную ролю адыгрываюць жывапісныя палотны Сяргея Грыневіча, якія амаль усе звязаныя з тэмамі палітычнай слепаты, назірання, кантролю і фіксацыі гвалту. Ягоная жывапісная мова ў гэтым праекце наўмысна кічовая, вельмі прамая, пабудаваная на эфекце і пазнавальнасці. Гэта жывапіс, які працуе як плакат або палітычны банер.

У іншай прасторы размешчана інсталяцыя Уладзіміра Цэслера: поле жыта (і зноў адсылка да літаратурнай класікі), над якім вісяць традыцыйныя беларускія «павукі», але зробленыя ўжо з металічных турэмных прутоў. На маніторах паказваецца працэс пляцення гэтых канструкцый з саломы. Вельмі адчуваецца сувязь з Артурам Клінавым і ягоным цыклам «Салодкае саламянае жыццё» і з «Таемнай вячэрай», якую ён ужо паказваў у Венецыі ў афіцыйным павільёне.

Менавіта тут пачынае праяўляцца і галоўная праблема праекта. Большасць работ выбудаваныя на вельмі прамой, плакатнай, часам карыкатурнай мове. Гэта мастацтва эфекту, мастацтва хуткага счытвання і медыйнай пазнавальнасці. Праект працуе праз сімвал, праз эмацыйны ўдар, праз палітычны жэст. Тут шмат саломы, лёну, крыжоў, палітвязняў, слежкі, вясковай і рэлігійнай эстэтыкі. Нібыта — сакралізацыя нашага болю. Адзін з калегаў жартам назваў усё гэта «дажынкамі свабоднай Беларусі», і ў гэтым ёсць пэўная праўда.

Нават адкрыццё было пабудавана як працяг самой экспазіцыі. Суседні будынак праз двор быў амаль цалкам ператвораны ў прастору для прыёму гасцей. Быў запрошаны лонданскі дыджэй, арганізавана fusion-кухня на аснове беларускіх рэцэптаў, усё ўпрыгожана васількамі і каласамі. Нават торт быў зроблены з малюнкам працы крыжа.

І пры гэтым трэба прызнаць: арганізатары правялі велізарную працу. Belarus Free Theatre заўсёды вельмі моцна ўзаемадзейнічаў з міжнароднай прэсай, палітыкамі, прафесійна займаўся культурнымі сувязямі і прамоцыяй, і менавіта гэта зрабіла беларускую прысутнасць у Венецыі такой заўважнай. Праект працуе як добра прадуманая медыйная кампанія. І ў гэтым таксама ёсць важны сімптом часу. Беларускія структуры ў выгнанні паступова назапашваюць уласны міжнародны капітал — сувязі, рэпутацыю, арганізацыйныя магчымасці, доступ да грантаў і партнёраў. Гэта ўжо даволі ўплывовая культурная сетка, здольная рэалізоўваць такія маштабныя праекты.

Але менавіта таму праект выглядае ў першую чаргу палітычным і медыйным жэстам, а не складаным шматузроўневым мастацкім выказваннем. Ён эмацыйны і «інстаграмны». Для часткі гледачоў гэта працуе надзвычай моцна. Для іншых — выглядае занадта прамалінейным і збудаваным на ўжо добра вядомых штампах пра Беларусь.

Аднак у гэтым ёсць і больш шырокі кантэкст. Венецыянская біенале ўвогуле ўсё менш становіцца прасторай для сапраўды глыбокага мастацтва. Гэта ў тым ліку палітычны форум, нешта паміж сусветнай выставай, «Еўрабачаннем» і алімпіядай культурных амбіцый. Тут краіны і супольнасці дэманструюць не толькі мастацтва, але і ўласныя магчымасці, свае страхі, траўмы, свой рэсурс і свой сімвалічны капітал. Біенале заўсёды працуе як лакмусавая паперка культурнага стану, і беларускі праект вельмі дакладна паказвае сённяшні стан беларускай культуры ў выгнанні.
З аднаго боку — узмацненне дыяспары, яе самаарганізацыю, міжнароднаю бачнасць і здольнасць акумуляваць рэсурсы. З другога, пастаяннае вяртанне да траўмы — цэнзуры, палітычнага гвалту і страчанай краіны.
Таму гэтае выказванне атрымалася эмацыйным, плакатным і тэатральным. І для многіх менавіта такая мова сёння найбольш адпавядае часу папулізму, палітычнага спектакля і медыйнай перагружанасці.


Для шырокага кола гледачоў біенале адкрываецца 9 траўня і будзе працаваць да 22 лістапада.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
