У выдавецтве «Капітал Прынт» выйшла факсімільнае выданне «Вянка» Максіма Багдановіча.
10 чэрвеня а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца яго прэзентацыя, паведамляецца на сайце музея.
Самае першае факсімільнае выданне кнігі Багдановіча «Вянок» тыражом у 10 тысяч асобнікаў было выдадзена ў 1985 годзе і разышлося ледзь не імгненна.
«Вянок» — адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча. Намаганнямі «Нашай нівы» ён быў выдадзены ў пачатку 1914 года ў віленскай друкарні Марціна Кухты (на тытуле кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе, верагодна, яе выдаць не паспелі). Наклад зборніка быў 2000 асобнікаў.
Больш чым стагоддзе мінула з часу выхаду «Вянка» Багдановіча, з друку выйшла шмат яго кніг, але маленькая, сціпла выдадзеная кніга паэзіі застаецца самай запатрабаванай.
У першай рэцэнзіі на кнігу крытык Антон Луцкевіч пісаў, што Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па-свойму: «І лёгка льюцца яго вершы кунштоўнай філіграннай работы, а кожын формаю падходзіць да думкі. Думак тых – багата, і вось бачым у вянку вершы такой формы,такой будовы, – часта вельмі рэдкай, – якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя народы з найвышэй разьвітай літаратурнай мовай».
Уваход на прэзентацыю вольны.