15 чэрвеня ў аграгарадку Гудзевічы Мастоўскага раёна ўпершыню пройдзе «Гудзевіцкі фэст». Свята праводзіцца з мэтай захавання і папулярызацыі ўнікальных традыцый падвойнага ткацтва, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У мясцовым літаратурна-краязнаўчым музеі сабрана дваццаць падвойных дываноў. Першы экспанат з’явіўся ў 1981 годзе. Паэтка Ларыса Геніюш, дзед якой жыў у Гудзевічах, ахвяравала музею падвойны дыван з надпісам «1900R». Дзякуючы такому каштоўнаму экспанату стваральнік музея Алесь Белакоз зацікавіўся тэмай падвойнага ткацтва і пачаў шукаць іншыя вырабы, выкананыя ў гэтай тэхніцы.
У 1987 годзе святар Індурскага касцёла Казімір Жыліс ахвяраваў для музея падвойныя дываны. Сярод іх быў вельмі каштоўны, датаваны 1898 годам. Гэта адзін з самых старажытных падвойных дываноў у Беларусі, на якім вытканы год. Яшчэ адзін дыван з Індуры вытканы ў 1926 годзе. Ён вылучаецца з усёй калекцыі нечаканым сюжэтам: пад разгалістым дрэвам ваююць сабака з ваўком.
Такім чынам, у калекцыі падвойных дываноў музея апынуліся вырабы, вытканыя ў канцы ХІХ – першай палове ХХ стагоддзя, два з якіх маюць больш за сто гадоў.
Назва гэтых дываноў — «падвойныя» або «двухасноўныя» вынікаюць з асаблівасцей тэхнікі выканання: на кроснах адначасова ствараецца дзве тканіны, якія злучаюцца паміж сабой у месцах узору.
Падчас свята будзе працаваць традыцыйная летняя школа «Майстэрня падвойнага ткацтва», дзе будуць створаны ўмовы для абмену вопытам і ведамі майстроў традыцыйнага вырабу і дэкарыравання тэкстылю (ткацтва, вышыўкі, вязання, навучання прыёмам і спосабам рамяства «падвойнага ткацтва»). Запланавана і сустрэча з Верай Ігнатаўнай Белакоз – народным майстрам Рэспублікі Беларусь, ткачыхай і галоўным носьбітам гэтай традыцыі, а таксама яе пераемнікамі.
Яркім момантам праграмы стане дэфіле-дэманстрацыя мужчынскага і жаночага традыцыйнага касцюма Гродзеншчыны, выставы тканых вырабаў, выступленне фальклорных калектываў.
Сёлета «Гудзевіцкі фэст» прымеркаваны да святкавання 485-годдзя з дня заснавання вёскі Гудзевічы.
Поўная праграма тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: