Ганна Мядзведзева — беларуская мастачка, якая цяпер жыве ў Польшчы. У Арт-цэнтры Марка Роткі ў латвійскім Даўгапілсе адкрылася выстава яе керамічных аб’ектаў пад назвай «Пейзажы».
Апошнім часам мастачка шмат вандруе, таму краявіды перад яе вачыма пастаянна змяняюцца. Калі Ганна выпраўляецца на шпацыр па знаёмых і незнаёмых месцах, яна звяртае ўвагу на некалькі рэчаў.
Па-першае, на вялікія прасторы, як іх афарбоўвае святло, як перацякаюць формы адна ў адну і ўзаемадзейнічаюць з небам.
Па-другое, яна звяртае ўвагу на драбнюткія дэталі — на будову моха, на колер апалай лістоты ці ўзоры, якія ўтвараюць розныя прыродныя структуры.
Канцэнтрат гэтых макра- і мікраназіранняў мы можам пабачыць у керамічных творах Ганны.
Маштабы і адлегласці тут імкліва скарачаюцца, прыродныя паверхні набываюць сваю заканамернасць і рытмізуюцца, у выніку складаных працэсаў, звязаных з тэхналогіямі і мастацкім уяўленнем, з’яўляюцца медытатыўныя аб’екты, у якіх увасабляюцца вобразы розных краявідаў, а не выявы канкрэтных месцаў.
Хоць фіксацыя краявідаў у Ганны чымсьці нагадвае фатаграфічныя здымкі, якія мы робім на памяць. Ганна таксама фіксуе для памяці, толькі ў выніку атрымлівае аб’ект, які можна ўспрымаць на дотык, згадаўшы паверхню зямлі, па якой яна хадзіла, асаблівы колер апалай лістоты ці пукатыя пагоркі далёкай краіны. Звязаўшы ўражанні ў адно, Ганна пачынае працаваць над сваёй скульптурай. Яна стварае выразную па сілуэце форму, якая графічна ўпісваецца ў прастору, а пасля пачынае працаваць над паверхняй. Мастачка выкарыстоўвае невялікія аптэчныя клізмы, з якіх выдаўлівае пластычную массу тонкімі ніцямі; яна вяжа свой узор, каб ахінуць абстрактную форму — наваствораны краявід — падрабязнымі дэталямі, тонкімі фактурамі і іншым дробным жыццём.
Так і атрымаліся яе «пейзажы» — фіксацыі пэўных месцаў і станаў прыроды.
«Восеньскі краявід» — гэта медытатыўны шпацыр па крохкай лістоце.
«Кусты» — гэта шар, створаны перапляценнямі галінак.
«Кастрычнік» — гэта лужыны пад нагамі і голыя дрэвы вакол.
«Краявід у паўзмроку» — гэта шэрыя структуры, якія ахінаюць нас, калі сыходзіць святло.
«Зімовы краявід» — адзін з самых загадкавых, бо пад покрывам снегу прадметы знікаюць.
«Жнівень» — гэта каласы ў полі, што нагадваюць жывы арганізм.
На яе выставе ў Арт-цэнтры Марка Роткі гледача пагрузілі ў медытатыўную атмасферу.
Штучны туман, загадкавыя гукі, сканцэнтраванае на творах святло… Скульптуры Ганны ў такім антуражы былі падобныя да аб’ектаў невядомага нам свету.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: