У італьянскай Брэшыі адкрылася выстава Артура Вакарава «Беларусь: 30 год дыктатуры ў 30 постарах»

Культура
На адкрыцці выставы "Беларусь: 30 год дыктатуры ў 30 постэрах" у італьянскай Брэшыа. Фота: тэлеграм-канал Народнай амбасады Беларусі ў Італіі.

Вядомы праект беларускага дызайнера Артура Вакарава «Беларусь: 30 год дыктатуры ў 30 постарах» быў прадстаўлены ўчора ў Palazzo Martinengo Colleon у італьянскім горадзе Брэшыа.

На адкрыцці выставы, зладжанай Народнай амбасадай Беларусі ў Італіі пры падтрымцы Каталіка-дэмакратычнага культурнага кааператыва Брэшыі і арганізацыі Memorial Italia, выступілі прадстаўнікі італьянскіх і беларускіх інстытуцый. У прыватнасці, намеснік мэра муніцыпалітэта Брэшыі Федэрыка Мандзоні, прэзідэнт Калегіі адвакатаў горада Джавані Рокі, прэзідэнт Каталіка-дэмакратычнага культурнага кааператыва Брэшыі Філіпо Перыні, прэзідэнт Фонду музеяў гораду Франчэска Базолі, прэзідэнт Memorial Italia Джулія Дэ Фларыа, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Італіі Юлія Юхно.

«Шаноўныя еўрапейцы! Паглядзіце на нас, беларусаў: мы жывое сведчанне таго, як лёгка абраць дыктатара, а таксама як цяжка і дорага ад яго пазбавіцца», — цытуе словы Артура Вакарава на адкрыцці выставы Memorial Italia.

У італьянскай Брэшыі адкрылася выстава Артура Вакарава «Беларусь: 30 год дыктатуры ў 30 постарах»
З праекта «30 год дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.
У італьянскай Брэшыі адкрылася выстава Артура Вакарава «Беларусь: 30 год дыктатуры ў 30 постарах»
«30 год дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.
У італьянскай Брэшыі адкрылася выстава Артура Вакарава «Беларусь: 30 год дыктатуры ў 30 постарах»
«30 год дыктатуры ў 30 постарах». Фота: Артур Вакараў.

У трыццаці мастацкіх працах беларускага аўтара абыгрываюцца значныя вехі шляху Беларусі апошніх трох дзесяцігоддзяў: кайданкі ў выглядзе лічбы 30, герб з іржавымі падцёкамі, расійскія танкі з цыбульным купалам замест вежы, школьны фартух на турэмнай робе, рукі з трыццаццю сінімі пальцамі. Так вобразна мастак паказвае «дасягненні» беларускай рэчаіснасці пры Лукашэнку.

Да выставы Артура Вакарава ў Італіі таксама быў выдадзены альбом «Жывая Беларусь паміж дыктатурай і супрацівам» (1994-2024), якая змяшчае постары беларускага дызайнера. Публікацыя выдання стала магчымай дзякуючы Марцэліяне Шоле.

Артур Вакараў — сузаснавальнік вядомай мінскай студыі дызайну «Адліга», былы дырэктар мінскай крамы вінтажнай мэблі «Б/Уржуазные ценности». Аўтар больш за 20 гадоў супрацоўнічае з вядомымі нацыянальна арыентаванымі беларускімі праектамі. Як графічны дызайнер ён прывёз у Беларусь некалькі міжнародных узнагарод у галіне дызайну, у тым ліку першыя месцы і Гран-пры Біенале дызайну. У 2020 годзе маляваў плакаты для пратэсных маршаў. Праз пераслед з боку рэжыму ў 2022 годзе быў вымушаны эвакуявацца з Беларусі. Цяпер жыве ў Польшчы.

Нагадаем, што праект «30 год дыктатуры ў 30 постарах» экспанаваўся ў Вільні, Варшаве, Гданьску, Стакгольме, Таліне.

Выстава плакатаў у Брэшыі ладзіцца ў межах серыі ініцыятываў у лютым, прысвечаных Беларусі.

Экспазіцыя ў Palazzo Martinengo Colleon будзе працаваць штодзённа (з 16.00 да 19.00) да 9 сакавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости