Выстава «Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Ад «козліка» да «яблака» адкрылася ў філіяле Веткаўскага музея.
Гэта чацвёртая выстава праекта «Адкуль родам знакі на нашых ручніках?», прысвечанага арнаментам Пасожжа-Падняпроўя. Яго мэта – пазнаёміць з матэрыяламі навуковых даследаванняў ткацкіх традыцый паўднёвага ўсходу Беларусі.

Новая выстава расказвае пра адзін з самых архаічных знакаў нашай традыцыі — касы крыж.
Ён цесна звязаны з культам нівы, можа абазначаць працэс узворвання, памнажэння, або — знак агароджы, абмежавання, закрывання.

Аднак, маючы выразную прыналежнасць да земляробства, касы крыж сягае сваімі каранямі ў глыбокую даўніну першабытных паляўнічых і збіральнікаў.
Напрыклад, на выставе паказваюць неалітычную пасудзіну з такімі ж, як на ручніках, арнаментамі.

Пераважная большасць традыцый, якія даследчыкі паспелі зафіксаваць, дае гэтаму знаку дастаткова зняважлівую, на першы погляд, назву «казёл». Касы крыж амаль заўжды ідзе ў пары з ромбам — не менш архаічным знакам зямлі, што зафіксавана ў прымаўцы «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць».

Падчас выставы праводзяцца экскурсіі, каб патлумачыць паходжанне знакаў на ручніках і сэнс архаічных традыцый.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram