У гданьскім Цэнтры еўрапейскай салідарнасці адбылася прэзентацыя электроннага зборніка «Голас пакалення свабоды». Выданне сталася вынікам прэміі з аднайменнай назвай, якую сёлета заснавалі Беларускі ПЭН, «Вясна», БАЖ, Прэс-клуб Беларусь і «Свабодная прэса Усходняй Еўропы». У зборніку змясцілі 18 размоў з першымі лаўрэатамі.
Падчас прэзентацыі адбылася дыскусія, якую мадэраваў Аляксандр Класкоўскі, а рэпартаж падрыхтаваў Беларускі ПЭН.
Пакаленне 60+, з прадстаўнікоў якога былі абраныя лаўрэаты прэміі, паспелі атрымаць адукацыю ў савецкі час і засталі эпоху перамен у цалкам свядомым узросце.
Пра пошукі ідэнтычнасці
«Перабудова перавярнула свядомасць, — пачаў дыскусію мадэратар Аляксандр Класкоўскі. — «Тоўстыя часопісы», артыкулы пра расстраляных паэтаў, пра рэпрэсіі – свядомасць проста перакручвалася. Я тады і пра свайго прадзеда даведаўся: яго таксама забралі ў трыццатыя, толькі за словы і голас».
Пра пошукі ідэнтычнасці і шлях да беларушчыны гаварылі і іншыя ўдзельнікі дыскусіі.
У юрыста і кансультанта ў галіне мясцовага самакіравання Андрэя Завадскага гэты шлях пачаўся праз сям’ю, у якой шэсць чалавек рэпрэсавалі ў розныя часы. Таму далучыцца да нефармальных груповак — «Майстроўні», «Талакі» — было натуральным працягам. Працуючы ў Мінгарсавеце, займаўся вяртаннем гістарычных назваў вуліцам і плошчам сталіцы.
Праваабаронца Аляксандр Капуцкі таксама згадаў працу па перайменаванні вуліц, толькі ў Маладзечне. Хаця частку камісіі і складалі савецкія наменклатуршчыкі.
Чаму ў 1990-я не атрымалася?
Згадаўшы часы перабудовы, удзельнікі дыскусія задаліся пытаннем: «Чаму Беларусь у дзевяностыя не пайшла шляхам Польшчы ці краін Балтыі?».
«У нас быў вельмі моцны інтэлектуальны фундамент, — адзначыла грамадская актывістка Тамара Мацкевіч. — Моладзь канца 1980-х годна і натуральна ўспрымала ідэі нацыянальнага адраджэння і дэмакратыі. У пэўным сэнсе мы былі нават больш гатовыя да перамен, чым некаторыя суседзі. Але не мелі галоўнага – досведу. Умення. Мы не прайшлі ўласнай школы дэмакратыі. І, вядома, быў знешні ціск, які моцна тармазіў развіццё».
«Простыя людзі – глыбінка, працаўнікі – стаміліся ад галечы. І гэтым скарысталіся папулісты. Той, хто абяцаў «вярнуць мінулае», маніпуляваў: «Дэмакратыю на хлеб не намажаш», а далей, нечакана для многіх, выйшаў наперад. Вось я і думаю: можа, мы тады занадта заняліся арфаграфічнымі рэформамі і сімволікай, забыўшыся на будзённыя патрэбы людзей?», — удакладніў мадэратар.
Андрэй Завадскі мяркуе, што ў гэтым сцверджанні толькі доля праўды: «Немагчыма будаваць будучыню без нацыянальнай памяці, культурнага падмурку і ўласнай ідэнтычнасці. Калі чалавек не разумее, хто ён і адкуль, ніякія рэформы не трымаюцца. І яшчэ: я не згодны, што ў нас «не было дэмакратычных традыцый». Былі. І вельмі глыбокія: магдэбургскае права, самакіраванне гарадоў, раннія формы супольнай адказнасці. Дэмакратыя пачынаецца там, дзе чалавек прывык сам вырашаць сваё жыццё.
Як заклікаў Ян Павел ІІ – «Не бойцеся!». Вось у чым аснова самакіравання і грамадзянскай супольнасці: у смеласці браць адказнасць на сябе. Дзяржава – толькі адно крыло. Другое – мясцовая ўлада, супольнасць. Калі яе няма, грамадства кульгае», — перакананы Андрэй Завадскі.
«Паміж сярэднявечным самакіраваннем і ХХ стагоддзем – дзве сотні гадоў расійскай імперскай палітыкі, потым Саветы і новая русіфікацыя. Вялікі гістарычны перыяд, калі людзей мэтанакіравана адвучвалі думаць самастойна», — нагадала Тамара Мацкевіч.
«Мы знаходзімся ў адвечнай пятлі русіфікацыі, — удакладніла актрыса Зоя Белахвосцік. — І пра гэта яшчэ Якуб Колас пісаў больш за сто гадоў таму. Але мова – жывая. Яна ацалела ў немагчымых абставінах: калі яе хавалі, калі на ёй нельга было друкаваць, калі за яе каралі. І гэта значыць, што мы жывучыя. Проста трэба час і паслядоўнасць».
«Без адкрытага слова няма супольнасці, — дадала лінгвістка і выкладчыца Наталля Дуліна. — Савецкая сістэма будавалася на татальным падмане: думалі адно – казалі іншае. На кухнях адно, на вуліцы – іншае… У нас вельмі доўгі тармазны шлях: беларус-партызан і цяпер жыве ў многіх».
Як магчымая свабода за кратамі?
Згадаўшы падзеі 2020-га і Купалаўскі тэатр, дыскусія закранула рэпрэсіі. Мадэратар Аляксандр Класкоўскі спытаў Наталлю Дуліну: «У інтэрв’ю для кнігі сказалі дзве рэчы, якія зачапілі: «І на Марсе ёсць жыццё» і «Я нідзе не адчувала такой унутранай свабоды, як там». Як гэта магчыма – свабода за кратамі?».
«Для мяне свабода – гэта адсутнасць страху. Не геаграфія, а стан унутры, — адказала былая палітзняволеная. — Калі ты ўвесь час баішся: цемры, начальніка, сістэмы – ты несвабодны нават у сваім уласным доме. Калі страх сыходзіць, вельмі многае аказваецца і не такім ужо страшным.
У калоніі я не баялася псіхалагічнага ціску. Напэўна, да гэтага мяне падрыхтавала ўсё папярэдняе жыццё, у тым ліку і шматлікія адміністрацыйныя арышты. Спрабавалі ціснуць словам, правіламі, «размовамі»… Але даволі хутка супрацоўнікі зразумелі: нічога не працуе. Я настойвала на сваім праве выказваць нязгоду. І калі ты не баішся пакарання, у іх проста знікае матывацыя працягваць гэты тэатр.
Фізічна мне, можна сказаць, яшчэ пашанцавала. Жанчын, як правіла, не катуюць так, як мужчын. Сексізм, які ў звычайным жыцці працуе супраць нас, у гэтым выпадку часам ратаваў.
Аднойчы ў СІЗА на Валадарцы я сказала канвойнаму: «Вы разумееце, што мы тут – у камеры – на самай справе свабоднейшыя за вас?». Ён шчыра здзівіўся: «Як гэта? Я пасля працы магу пайсці піва выпіць…»
І ў гэтым – уся розніца. Ён лічыць свабодай мажлівасць пайсці выпіць піва… А для мяне свабода – не быць шрубкай чужога механізму. Турэмшчык, які выконвае загад, нават калі сам з ім не згодны, несвабодны. Купалаўцы, якія ўсведамляюць наступствы, але ўсё адно сыходзяць, свабодныя.
Свабода не ў масавасці. Яна ў тым, што ты не здраджваеш сабе», — падсумавала Наталля Дуліна.
«Нацыянальная ідэя не прыдумваецца штучна»
Напрыканцы дыскусіі ўдзельнікі вярнуліся да нацыянальнай ідэі.
Аляксандр Капуцкі адзначыў, што нацыянальная ідэя – гэта «вяртанне да лацінскай (еўрапейскай) цывілізацыі, у якой Беларусь жыла да канца XVIII стагоддзя. Не толькі ў рэлігійным сэнсе, а ў шырэйшым: тут рымскае права, свабодны ўніверсітэт, мясцовае самакіраванне, магдэбургскае права. Мы былі часткай гэтай традыцыі, а потым нас вырвалі і прымусілі жыць у іншай – імперскай, маскоўскай, ардынскай».
Зоя Белахвосцік падкрэсліла, што «нацыянальная ідэя не прыдумваецца штучна – яна паступова выкрышталізоўваецца ў самой нацыі. У пэўны момант на паверхню само падымаецца тое, у чым ёсць патрэба. Калісьці, падчас вялікіх гастроляў у Таліне, мы асабліва моцна адчулі тры рэчы, на якіх трымаецца народ: літаратура, музыка і вера. Ну і тэатр – бо гэта таксама слова, літаратура, сэнс. Ці можна такую ідэю прыдумаць у кабінеце і насадзіць? Не ўпэўненая».
Андрэй Завадскі адзначыў, што людзей аб‘ядноўвае не ідэалогія, а «каштоўнасці, традыцыі, культура. Кожны павінен адчуваць асабістую адказнасць за тое, каб Беларусь была самастойнай, роўнай, вольнай. Без адчування ўнутранай волі нічога не атрымаецца – раб не можа быць патрыётам. Гэта праца на дзесяцігоддзі».
Наталлі Дулінай увогуле не падабаецца паняцце «нацыянальная ідэя». «Мы станем беларусамі не тады, калі яе прыдумаем, а калі перастанем яе шукаць, — патлумачыла яна. — Іншыя будуць бачыць нас як нацыю – праз нашую культуру, паводзіны, адметнасць. Калі глядзець шырэй, галоўнае – чалавечнасць. Чалавечыя каштоўнасці, ад сям’і да адукацыі, гэта аснова, а ўсе іншыя складнікі прырастаюць ужо да яе: мова ў школе, гісторыя, культура, мастацтва».
«Кажуць, мы прайгралі ў 2020-м, — падсумавала Тамара Мацкевіч. — Нічога мы не прайгралі! Мы дабудавалі сваю нацыю. Мы ўбачылі яе: жанчыны, мужчыны, беларускамоўныя, рускамоўныя, сталыя, маладыя – усе разам. Гэта і ёсць нацыя. І для поўнага шчасця нам бракуе цяпер толькі аднаго: сваёй дэмакратычна абранай улады».
***
Электронная версія кнігі «Голас пакалення свабоды» даступная тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram