Будаўнікі хутка пачнуць рамонт касцёла Святога Сымона і святой Алены. Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Минск-Новости» паведаміў дырэктар прадпрыемства» «Мінская спадчына» Аляксандр Кохан.
На наступным тыдні пачнецца вываз маёмасці, дамоўленасць аб вызваленні памяшканняў з пробашчам парафіі дасягнутая, — сцвярджае Аляксандр Кохан. Абмеркаванне гэтага пытання адбылося і на ўзроўні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Пасля вызвалення памяшканняў у будынку Чырвонага касцёла пачнуцца рамонтна-аднаўленчыя работы.
«Комплекс рамонтна-аднаўленчых работ патрэбны для таго, каб забяспечыць захаванасць будынка як помніка архітэктуры і бяспеку яго функцыянавання, — растлумачыў Кохан. — Яны ўключаюць у сябе замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынерных сетак і аднаўленчыя аздобныя працы. Была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая прайшла адпаведную дзяржаўную экспертызу».
Нагадаем, у ноч на 26 верасня 2022 года ў Чырвоным касцёле адбыўся невялікі пажар: загарэлася праводка, у выніку была пашкоджаная маёмасць у адным невялікім памяшканні касцёла — закрысціі. Аднак мінскія ўлады закрылі Чырвоны касцёл, які па-ранейшаму належыць дзяржаве, заявіўшы, што капітальны рамонт патрэбны ўсяму будынку. Паводле афцыйнай версіі, увесь гэты час рапрацоўвалася і дапрацоўвалася праектная дакументацыя для рамонту касцёла.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram