У анлайн-кінатэатры беларускага кіно VODBLISK з’явіўся новы фільм — кінаэсэ Юлі Шатун «Межы»

Культура
Кадр з фільма "Межы" Юлі Шатун. Фота: online.northernlightsff.com.

Учора на анлайн-платформе незалежнага беларускага кіно VODBLISK была выкладзена новая стужка — кінаэсэ «Межы» адной з самабытных рэжысёрак Беларусі — Юлі Шатун.

VODBLISK — анлайн-кінатэатр беларускага кіно, які стварыла каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» на чале з прадзюсаркай Воляй Чайкоўскай, каб гледачы мелі магчымасць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі.

«Межы» Юлі Шатун — кіно, створанае на мяжы дакументальнага кіно і відэа-арту. Задаючыся пытаннем «Дзе палягае мяжа горада?», Юля Шатун спрабуе ў фільме выбудаваць асабістую сістэму каардынат у прасторы ды часе. Рэжысёрка парушае межы і ўспрымання кіно, пазбаўляючы гледача звыклых апораў — «жанр», «від», «сюжэт» — прапануючы ему досвед сумеснага мыслення і назірання. Калі знаходзіць пэўныя паралелі, то можна ўзгадаць карціну нямецкага дакументаліста Томаса Хайзе «Радзіма — гэта месца ў часе» — яна блізкая «Межам» па інтанацыі, але фільм беларускай аўтаркі мае прывязку да «персанальнай геаграфіі».

Юля Шатун даследуе абліччы і межы тых гарадоў, дзе яна нарадзілася, вырасла, вучылася, жыла — Гусеў, Мазыр, Мінск, Масква, але пры гэтым кіно станавіцца сродкам адчужэння свайго — тым інструментам, які дазваляе ўбачыць у асабістым — універсальнае. У які момант кіно пра цябе становіцца фільмам пра кожнага? Ці пра горад? Ці пра час? «Межы» — гэта падарожжа углыб з апорай на наш візуальны «габітус». Кіно як сродак «зазямлення» ў часе.

Юлія Шатун скончыла БДУКіМ па спецыяльнасці «культуралогія», навучалася ў Беларускім Калегіуме у майстэрні філосафа Валянціна Акудовіча. Яе дэбютная поўнаметражная карціна «Заўтра» стала сенсацыяй у 2018 годзе, трапіўшы ў міжнародны конкурс колішняга фестывалю «Лістапад», узяўшы ўзнагароды на міжнародным кінафоруме ў Марселі. У 2020 годзе разам з Мікітам Аляксандравым Юля Шатун зрабіла фільм «Апошні дзень гэтага лета». «Межы» — персанальны праект рэжысёркі, створаны за асабістыя сродкі ў 2019 годзе. Карціна стала пераможцай нацыянальнага конкурсу фестывалю «Нефільтраванае кіно» ў Мінску ў 2021 годзе.

Нагадаем, анлайн-кінатэатр VODBLISK з’яўляецца платформай для прагляду незалежнага беларускага кіно — пляцоўка адкрылася сёлета на базе сайта фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Каб паглядзець фільм, трэба зарэгістравацца на vodblisk.northernlightsff.com, выбраць упадабаную карціну ды купіць да яе доступ за 5$. Стужка будзе даступная на працягу 30 дзён з моманту першага прагляду. Варта падкрэсліць, што для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, VODBLISK у 2023 годзе бясплатны.

На сёння ў зале VODBLISK — дзве карціны: вышэйзгаданы фільм-кінаэсэ «Межы» Юлі Шатун і дэбютная поўнаметражная дакументальная стужка аднога з нядаўніх пераможцаў Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно CPH:DOX у Даніі — Аляксандра Міхалковіча — «Мая бабуля з Марсу». Гэты фільм распавядае пра змены ў жыцці бабулі рэжысёра, якая жыве ў Крыму. Пасля 2014 года да яе ўсё складаней дабрацца сваякам, ды «атачэнне» бабулі зусім не спрыяе веры ў будучыню. Пяшчотнае кіно на цяжкую і надзённую тэму.

Глядзець фільмы ў VODBLISK можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: