У Акадэміі мастацтваў у адзін факультэт аб’ядналі два самадастатковыя кірункі навучання: факультэт экранных мастацтваў і тэатральны факультэт. Змены ў структуры ўстановы заўважыла тэатральная крытыца Анастасія Панкратава.
Адмыслоўца звярнула ўвагу, што пераўтварэнне двух аддзяленняў у новы «гібрыдны» факультэт пад назвай «кіно, тэатра і тэлебачання» па сутнасці спыняе дзейнасць аднаго са старэйшых дэпартаментаў — тэатральнага факультэта, які быў заснаваны яшчэ ў 1945 годзе.
«Калі [факультэт экранных мастацтваў] быў створаны 5 красавіка 2010 года, то [тэатральны факультэт] першы паклаў пачатак самой будучай Акадэміі. Памятаеце гісторыю? У 1945 годзе быў заснаваны тэатральны інстытут, а праз восем гадоў ён пераўтварыўся ў тэатральна-мастацкі», — звярнула ўвагу Анастасія Панкратава.
За гэтыя восемдзесят гадоў тэатральны факультэт рыхтаваў: актораў і рэжысёраў па кірунках «музычны тэатр», «тэатр драмы і кіно», «тэатр лялек», мастацтвазнаўцаў і арганізатараў тэатральнай дзейнасці. То-бок, гаворка ідзе пра факультэт легендарны, выпускнікамі якога з’яўляюцца выбітныя постаці беларускага тэатра: Ілья Львовіч Курган, Валер Раеўскі, Зоя Белахвосцік, Георгі Маляўскі, Арнольд Памазан, Сяргей Журавель, Аляксей Ляляўскі, ды іншыя вядомыя акторы і акторкі, рэжысёры і рэжысёркі.
Факультэт экранных мастацтваў як самастойны кірунак з’явіўся значана пазней — у 2010 годзе. Але яго ўтварэнне было звязана з прыходам новага пакалення актораў і рэжысёраў у кіно. Тут займаліся падрыхтоўкай: рэжысёраў ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно, рэжысёраў тэлебачання, аператараў, кінатэледраматургаў, гукарэжысёраў.
Зараз на сайце Акадэміі інфармацыі, якіх менавіта спецыялістаў будзе выпускаць на новым факультэце інстытуцыя, няма. Але пазначана, што тут будуць чатыры кафедры: майстэрства акцёра і рэжысуры; сцэнічнай мовы, вакалу і пластычных дысцыплін; кіно і тэлебачання; кінатэлеаператарства і гукарэжысуры.
Дэканам факультэта прызначаны рэжысёр Іван Паўлаў.
Чаму кіраўніцтва Акадэміі пайшло на такі радыкальны крок — па сутнасці абнулення гісторыі аднога з галоўных факультэтаў — каментараў няма. Можна толькі зрабіць здагадку, што сыходзячы з культурнай палітыкі апошніх гадоў, калі ў навучальных установах працягваюцца «чысткі» «нядобранадзейных» адмыслоўцаў, на шматлікіх кафедрах установы ўтварыліся такія кадравыя «пустоты», запоўніць якія ўжо не ўяўляецца магчымым.
«Аптымізацыя» факультэтаў нават з вялікай гісторыяй у такім выпадку — заканамернае выйсце, якое, як бы сумна гэта не гучала, яшчэ мае і эканамічныя выгоды. А што да самога тэатра і кіно, якое пацерпіць у выніку, то да іх, гледзячы па ўсім, нікому няма ніякае справы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram