Прэзентацыя польскага перакладу «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец, які нядаўна выйшаў у выдавецтве Kolegium Europy Wschodniej (KEW), атрымалася кранальнай і захапляльнай, бо хутка ператварылася з апісання фармату кнігі ў развагі пра беларускую гісторыю і неспазнавальныя глыбіні жыцця.
Сустрэча адбывалася ў новым будынку варшаўскага Музея сучаснага мастацтва. Мадэратаркай была літаратуразнаўца Юстына Чахоўска.
На польскую мову твор пераклала Малгажата Бухалік. Кніга мае назву «O wilku mówiono w izbie» — гэта цытата з байкі Лафантэна, якую перастварыў Адам Міцкевіч. Ідэя новай назвы з’явілася ў рэдактара, з-за чаго вобраз ваўка набыў крыху іншае, чым у беларускай кнізе, але вельмі падобнае адценне. Бо ў той байцы воўк таксама па нешта прыходзіць, аднак безвынікова.
«Па што ідзеш, воўча?». Адказ на гэтае пытанне гучыць так: «Па апошняе». Вобраз воўка настолькі складаны, што пісьменніцы даводзіцца кожны раз расказваць чытачам новыя гісторыі, бо як і зло «мае пэўную прыцягальнасць для людзей, іначай яно б не існавала», гэтак і воўк у міфалагічнай трактоўцы мае дваістую прыроду. З аднаго боку, ён той, хто прыходзіць «па апошняе» і асацыюецца са смерцю, з іншага, гэта жывёла — татэмная, беларусы здаўна любілі ваўкалакаў і захавалі легенду пра Усяслава Чарадзея, які перакідваўся ў ваўка і за ноч мог дабегчы да Кіева і вярнуцца назад.
У іншых перакладах «Па што ідзеш, воўча?», шведскім, нарвежскім, чэшскім і нямецкім, назва перадавалася даслоўна. Прычым вобраз ваўка ў гэтых культурах таксама мае пазітыўныя рысы. Напрыклад, чэхі вераць, што існуе чорнае ваўчынае малако, і калі ім накарміць дзіця, то вырасце багатыр, – патлумачыла Святлана Курс.
У анатацыі да польскага перакладу пра ваўка гаворыцца як пра нейкае метафізічнае люстэрка, зірнуўшы ў яго, можна адшукаць сваю прыхаваную сутнасць: «O wilku mówiono w izbie» — гэта сімвалічная гісторыя, у якой воўк становіцца не толькі дзікай жывёлай, але і таямнічым сведкам чалавечых страхаў, надзей і нерэалізаваных жаданняў. У кнізе Евы Вежнавец сустракаюцца свет людзей і свет дзікай прыроды, і кожная сустрэча з ваўком прымушае герояў сутыкацца з уласнымі пачуццямі і трывогамі. Гэта рэфлексіўная гісторыя пра тое, што нас звязвае з навакольным светам і як шмат мы можам даведацца ў тых, каго баімся зразумець».
Прэзентацыя пачалася з двухмоўнага прачытання фрагменту і апісання фармату кнігі. Яна тоненькая, яе можна адолець за адзін вечар, — сказала мадэратарка Юстына Чахоўска. «Людзі чытаюць доўга, бо ненавідзяць маю гераіню», — удакладніла аўтарка Святлана Курс (Ева Вежнавец). Чытач адкладае кнігу і вяртаецца да яе пазней.
Насамрэч, і гэта пацвярджаюць многія чытачы, «Па што ідзеш, воўча?» цяжка прачытаць за адзін раз. Юстына Чахоўска падкрэсліла, што кніга насычана сімваламі, якія польскаму чытачу будзе цяжка разгадаць, бо дзеянне адбываецца ў іншай прасторы.
Асаблівасць беларускай прасторы ў тым, — патлумачыла аўтарка кнігі, — што гвалт ёсць нашым вечным пракляццем, лёсам, але адначасова доказам таго, што нас цяжка растаптаць: «мы нібы шарыкі ртуці».
«Балотная казка» сапраўды вельмі канцэнтраваная, а некаторыя сюжэты выглядаюць нерэалістычнымі. Аднак Святлана Курс, па-першае, радыкальна скараціла рукапіс, каб дасягнуць моцнага ўздзеяння, а па-другое, шмат працавала ў архівах. Усё апісанае ў кнізе адбывалася і існавала насамрэч. Пачынаючы з хаты, дзе жывуць бацькі Рыны і яе бабка-вядзьмарка. Хата падзелена на чорную і белую часткі, у чым можна ўбачыць глыбокі сімвалічны падтэкст. Падобны будынак апісаны ў адным з дакументаў як дом Уладзіслава Сыракомлі, у ім ён нейкі час жыў з сям’ёй.
«Нават тое, што ў кнізе здаецца нейкім дзівам, з’яўляецца праўдай», — патлумачыла Святлана Курс і раскрыла адну з галоўных крыніц вобразаў кнігі. У дзяцінстве яна жыла ў невялікай вёсцы і шмат камунікавала з вельмі старымі людзьмі: «Я памятаю людзей, народжаных напрыканцы ХІХ стагоддзя, якія не ўмелі размаўляць па-расійску, не глядзелі тэлевізара, не мелі электрычнасці. Іх галасы для мяне вельмі важныя. Таму я не мусіла нічога прыдумляць. Няма такіх фантазій у маім жыцці».
Калодзеж «Белы слуп» у кнізе таксама мае свой прататып – праўдзівую гісторыю пра крыніцу, якую засыпалі 11 разоў – царква, касцёл і Саветы. «Для мяне крыніца – адначасова і душа чалавека, якую кожная ўлада, нездаровая, крывая, псіхапатычная, хоча засыпаць, каб чалавек быў цалкам ёй належаў», — падсумавала Святлана Курс.
«У кніжцы — вялікая гісторыя Беларусі. І аказваецца, што малы закуток Беларусі, пра які гаворыш, і які цяжка знайсці на мапе, стаў цэнтрам, дзе разыгрывалася гэтая вялікая гісторыя. Тут былі палякі, расіяне, немцы, яўрэі. Ці свае, не лепшыя, — кажа Юстына Чахоўска. — Нават чытала, што Карл ХІІ праходзіў».
«Так, — пацвярджае Святлана Курс, — бацька мне расказваў, што наша вёска – гэта новыя Баянічы, а былі старыя Баянічы, і жывая была памяць пра тое, як шведы спалілі старыя Баянічы разам з людзьмі. Той спорт – прыйсці і спаліць літвінаў ці беларусаў – вечны. Цягнецца яшчэ з Сярэднявечча. І там, дзе стаялі старыя Баянічы, знаходзяць часамі шведскія рэчы».
Адзін з важных вобразаў кнігі – балота. Пра мясцовыя балоты пісаў нават Янка Купала, іх знішчылі, каб вырошчаваць кок-сагрыз. Аднак пісьменніца згадала, як прыехала дадому і ёй прысніўся сон пра мора, які спраўдзіўся адразу. На тарфяное высушанае балота непадалёк ад вёскі прыйшла вада, так з’явілася мясцовае мора. «Тыя балоты пакрысе адраджаюцца, і гэта дае пачуццё спаўнення майго сну. І надзею на тое, што можна ўсё адрадзіць».
Аднак пакуль — гэта толькі надзея. Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Тацяна Нядбай выступіла напрыканцы прэзентацыі, каб нагадаць, што ў Беларусі за кратамі — мінімум 38 людзей слова, і мінімум 170 чалавек са сферы культуры знаходзяцца ў зняволенні… Ёсць выпадкі пераследу менавіта за літаратурную творчасць, якая сёння часта прызнаецца «экстрэмісцкай». У Беларусі сёння экстрэмізмам прызнаюць усе выказванні, не лаяльныя да дзейнай улады.
Ілюстрацыі да кнігі «O wilku mówiono w izbie» выканала Аляксандра Канарская. Падчас сустрэчы яе малюнкі праектаваліся на сцяну залы.
Кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» выйшла ў друк у 2020 годзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм». Польскі пераклад з’явіўся зусім нядаўна, яго можна набыць тут.
Таксама рыхтуецца выданне «Па што ідзеш, воўча?» на ангельскай мове. Пераклад ужо гатовы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram