У Міжнародны дзень роднай мовы Святлана Ціханоўская распачала чэлендж і распавяла, як натуральна ўвесці беларускую мову ў паўсядзённае жыццё.
«Мае нястомныя эльфы з каманды камунікацыі прапанавалі мне зрабіць месяц Роднай мовы! І таму цягам наступнага месяца чальцы Офіса будуць расказваць вам цікавосткі пра нашую родную беларускую мову», — расказала лідарка дэмсілаў.
У першым відэа палітык кажа пра крыніцы беларускай мовы ў жыцці сучаснага чалавека — сацсеткі, беларускія блогеры, кнігі.
«Карацей, глядзім, слухаем, але галоўнае — размаўляем. Каб размаўляць, трэба размаўляць і не баяцца рабіць памылкі. Я ведаю некалькі прыкладаў, калі беларускамоўныя блогеры пераставалі рабіць свае відэа на беларускай мове толькі таму, што іх там хэйцілі за нейкія памылкі ці за канчаткі небеларускія. Калі ласка, падтрымлівайце адзін аднаго і не забівайце жаданне размаўляць на беларускай мове», — заклікала яна.
Наступную цікавостку ў Офісе абяцаюць праз тыдзень.
Нагадаем, беларусаў у Міжнародны дзень роднай мовы таксама запрашаюць далучыцца да агульнанацыянальнай дыктоўкі і прыняць удзел у шэрагу івэнтаў.