Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Главное

Сярод новых кніг чэрвеня шмат перавыданняў класікі і параасэнсаванняў гістарычных падзей. Напачатку месяца ў Музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя факсімільнага «Вянка», папярэдняе перавыданне разляцелася адразу. Радуе, што супольнымі намаганнямі назбіраліся грошы на «Беларускія калыханкі», а даследчыкі падвынікавалі багаты матэрыял у выдатных кнігах, сабраных у рубрыцы нон-фікшн.

Мастацкая літаратура

Максім Багдановіч. Вянок. Факсімільнае выданне

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

У 1913 годзе ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшаў зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», які паэту дапамаглі выдаць супрацоўнікі першай беларускай газеты «Наша Ніва».

Адна з галоўных кніг беларускай паэзіі ўтрымлівае 92 вершы і 2 паэмы.

Сёння дакладна невядома, колькі захавалася экзэмпляраў кнігі: у полі зроку даследчыкаў знаходзяцца 42 экзэмпляры з 2000 «Вянкоў», выдадзеных у Вільні, што зберагаюцца ў дзяржаўных і прыватных бібліятэках Беларусі і замежных краін.

У 1985 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» было падрыхтавана першае факсімільнае выданне кнігі Багдановіча «Вянок», тыраж у 10 тысяч асобнікаў разышоўся ледзь не імгненна.

Выдавецтва «Капітал Прынт».

Набыць можна тут.

Васіль Быкаў «Трэцяя ракета», «Праклятая вышыня», «Дажыць да світання»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

 

Гэтыя тры аповесці прызнанага майстра ваеннай прозы Васіля Быкава апісваюць асобныя эпізоды франтавога жыцця Другой сусветнай вайны. На першы погляд, у іх няма нічога выключнага – такія падзеі дзе-нідзе адбываліся штодня, і звесткі пра іх нават не траплялі ў вайсковыя зводкі. Але кожны з герояў узрастае да асабістага подзвігу.

Раней пад адной вокладкай выходзілі аповесці Васіля Быкава «Круглянскі мост», «Абеліск» і «Воўчая зграя», што апавядаюць пра жыццё людзей пад акупацыяй.

Выдавецтва «Папуры»

Набыць можна на wildberries і oz.by, а таксама ў мінскай кнігарні «Параграф 45».

Алесь Камоцкі «Неўпрыкмет»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Шосты па ліку зборнік вершаў музыкі і паэта Алеся Камоцкага – гэта кніга адчуванняў і разважанняў, якія не заўсёды адпавядаюць узросту. Даніна даўняму захапленню пераспяваннем таго, што нехта праспяваў раней у другім раздзеле. Трэці ж раздзел — цалкам новая для аўтара гульня ў цюнінг народных казак.

Выдавецтва «Прынтбук»

Набыць можна тут.

Дзіцячая літаратура

Беларускія калыханкі

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Кніга падрыхтаваная музыкам Сяргеем Доўгушавым, які больш за год працаваў над ёй: шукаў і адбіраў калыханкі з розных куткоў Беларусі, укладаў і пісаў тэксты.

У кнізе сабраныя калыханкі з усіх этнічных беларускіх рэгіёнаў, у тым ліку Падляшша і Палесся. Апрача нотаў і тэксту, кожная калыханка мае гукавую версію, якую можна праслухаць, скануючы QR-код. Традыцыйная мелодыя, рытм, родная мова – гэтыя простыя сродкі дораць гармонію і шчаслівае дзяцінства, напаўняючы яго мірам і спакоем.

Галубок, пеўнік і, вядома, любімы каток – усе гэтыя знаёмыя персанажы ажываюць на старонках кнігі дзякуючы цудоўным ілюстрацыям. Гартаючы кнігу з дзіцём, вы вандруеце па магічным свеце, па краіне мараў і сноў. Заспяваць калыханку можа кожны, тут не патрэбная спецыяльная музычная адукацыя, бо галоўная каштоўнасць не ў майстэрстве, а ў гаючым голасе роднага чалавека, які дае адчуванне цеплыні і бяспекі.

Набыць можна тут.

Максім Танк «Блікі сонца: вершы, казкі»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

У кнігу народнага паэта Беларусі Максіма Танка «Блікі сонца» ўвайшлі творы, адметныя тонкім разуменнем дзіцячага светаўспрымання, метафарычнасцю, нацыянальным каларытам. Вершаваныя казкі і вершы сталі класікай беларускай літаратуры і вывучаюцца ў школе.

Выдавецтва «Звязда».

Набыць можна тут.

Пераклады

Алена Сабухава «Шаптухі»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Раман «Шаптухі» — гэта гісторыя пра Падляшша, расказаная падлеткамі, якія жывуць са сваімі праблемамі ў сучасным свеце, дзе, аднак, захаваліся асаблівыя традыцыі лячэння замовамі, памінання продкаў, узаемадзеяння з навакольнай прыродай.

Таямнічы, чароўны свет Падляшша… Дзе адбываюцца паломніцтвы да знакамітай «гары крыжоў» Грабаркі і стаяць чэргі да мясцовых шаптух, чые абрады не змяніліся з паганскіх часоў. Пад крылом Белавежскай пушчы прытаіліся вёскі, жыхары якіх па-свойму глядзяць на вакольны свет, па-свойму памінаюць продкаў, захоўваючы і працягваючы адметныя традыцыі. На старонках гэтай кнігі містыка часам пераплятаецца з рэчаіснасцю, свет інфернальны пачынае ўплываць на рэальны. Разам з тым героям рамана «Шаптухі» не чужыя і агульналюдскія праблемы, якіх немагчыма пазбегнуць у сучасным глабалізаваным свеце.

Пераклад са славацкай Кацярыны Кавалеўскай-Ахматавай.

Выдавецтва «Тэхналогія».

Набыць можна тут.

Вольга Такарчук «Правек і іншыя часы»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Гісторыя адной вёскі ў цэнтры Польшчы і свету, якая ахоплівае цэлае стагоддзе і складаецца з кароткіх гісторый яе жыхароў і іх рэчаў, дзе паўсядзённасць ствараецца з мноства выразных дэталяў, а рэчаіснасьць пераплятаецца з міфам.

Вольга Такарчук (нар. у 1962) – пісьменніцца, якая сцвярджае, што ўсю інфармацыю пра яе можна знайсці ў яе кнігах; аўтарка, у якой ёсць фенаменальны талент, бясконцае ўяўленне, у якой ёсць вялізная колькасць літаратурных ўзнагарод, прызнанне крытыкаў і чытацкая любоў. У 2019 годзе Шведская акадэмія ўручыла пісьменніцы Нобелеўскую прэмію – «за апавядальнае ўяўленне, якое з энцыклапедычным запалам паказвае перасячэнне межаў як форму жыцця».

Пераклад з польскай мовы Марыны Шоды.

Выдавецтва «Логвінаў».

Набыць можна ў Беларусі ці за яе межамі

Анджэй Сапкоўскі «Вядзьмар. Хрышчэнне агнём»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

У беларускім перакладзе выйшла пятая частка сагі Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта — адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі персанажамі сярод чытачоў па ўсім свеце.

Навошта адзін паэт, які на вайне не толькі не карысны, але часам нават і шкодны, усё ж ідзе туды, куды нават не хацеў? Чаму адна лучніца рызыкуе жыццём, каб дапамагчы зусім чужому ёй ведзьмару? Навошта адзін вампір, які мог весці спакойнае вечнае жыццё, выпраўляецца ў небяспечнае нават для яго падарожжа? Чаму адзін нільфгаардзец становіцца на бок таго, каго некалі лічыў лютым ворагам — і хто дагэтуль люты вораг яму? І чаму, урэшце, адзін вядзьмар, які прагнуў прынесці ў ахвяру наканаванню толькі сябе, прыняў ахвяры, на якія не меў права? Магчыма, таму, што «жыццё ад банка адрозніваецца тым, што першаму вядомыя даўгі, якія плацяць доўгам перад іншымі».

Пераклад з польскай мовы Кацярыны Маціеўскай.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Кніга стала вынікам вялікага выставачнага праекта Нацыянальнага мастацкага музея, партнёрам якога быў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН.

Прадстаўлены ў кнізе матэрыял пазнаёміць чытачоў з асаблівасцямі традыцыйнага беларускага строю канца XIX — сярэдзіны ХХ стагоддзя, яго ўнікальнымі рэгіянальнымі і лакальнымі варыянтамі з шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Заходняе і Усходняе Палессе, Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне, Цэнтральная Беларусь.

Выдавецтва «Беларусь»

Набыць можна тут.

Святлана Воцінава «Астроўскі. Сонечны круг»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Біяграфія вядомага беларускага біяхіміка, заснавальніка Інстытута біяхіміі Акадэміі навук БССР акадэміка Юрыя Астроўскага напісана ў актуальнай традыцыі гісторыка-біяграфічнага жанру. Для ўзнаўлення рэальнасці аўтар выкарыстоўвае не толькі архіўныя звесткі і газетныя публікацыі, дзённікавыя нататкі і вусныя ўспаміны, але і фотаздымкі, асабістыя рэчы, візіты на месцы падзей. А разам з тым ужывае не ўласцівыя дакументалістыцы мастацкія прыёмы, якія, не скажаючы рэальнасці, дадаюць псіхалагізму, ствараюць адчуванне набліжанасці, далучанасці і суперажывання.

Герой кнігі – сапраўдны феномен у гісторыі беларускай навукі – паўстае і як даследчык, і ў іншых сваіх іпастасях: як педагог і грамадскі дзеяч, публіцыст і паэт, патрыёт і сем’янін. Кніга перадае атмасферу навуковага пошуку, закранае пытанні маральнага абавязку, праводзіць чытача праз эпізоды трыумфаў і паражэнняў, дае слова многім прадстаўнікам школы Ю. М. Астроўскага.

Адрасуецца навукоўцам, выкладчыкам, аспірантам, студэнтам медыцынскіх і прыродазнаўчых спецыяльнасцей, аматарам біяграфій вядомых асоб і ўсім, каго цікавіць навука.

Выдавец: Цымбераў

Набыць можна тут.

Ягор Ненадавец «Водная прастора ў беларускім фальклоры»

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

Манаграфія этнографа і фалькларыста прысвечана сімвалам воднай прасторы ў беларускім фальклоры, разгледжана іх роля пры ўтварэнні Светабудовы, захаванасць згаданай тэматыкі ў беларускіх фальклорных творах.

У кнізе на багатым фактычным матэрыяле, сабраным падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, падаецца комплекснае ўяўленне пра значэнне вады (воднай прасторы) у будзённым жыцці нашага народа; асвятляюцца асаблівасці значэння калодзежа ў практычным жыцці беларусаў, а таксама захаванне гэтага своеасаблівага помніка народнай культуры ў памяці нашых продкаў.

Выдавецтва «Беларуская навука».

Набыць можна тут.

Таямніцы старога Менска

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

У выданні даступна і захапляльна апавядаецца пра ўзнікненне Менска на Менцы і час ягонага існавання тут з Х па сярэдзіну ХІІ стагоддзя. Аналізуюцца вынікі раскопак з 1954 па 2024 год. Наглядна паказваюцца самыя важныя знаходкі. Падрабязна апавядаецца пра грандыёзныя раскопкі 2023-2024 гадоў, калі былі адкрытыя велічныя дубовыя сцены 997 года і фактычна атрыманая новая дата заснавання горада. Выкарыстана больш за 200 ілюстрацый, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

Выдавецтва «Медыял».

Набыць можна тут.

Традыцыйны светалад беларусаў. Грамадства

Старая новая класіка і крыху містыкі. Новыя кнігі чэрвеня: літагляд

У чацвёртай (перадапошняй) кнізе серыі, прысвечанай ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў, гаворка ідзе пра тое, як традыцыйная культура бачыць сям’ю, грамадства, яго структуру і функцыянвавнне ў розных жыццёвых сітуацыях.

Выданне падрыхтавана ў інстытуце філасофіі Акадэміі навук Беларусі. Аўтары Т.В. Валодзіна, І.М. Дубянецкая, М.Б. Завадскі, У.А. Лобач, С.І. Санько, Д.В. Скварчэўскі.

Мастак М. С. Храпавіцкі

Выдавецтва «Беларуская навука».

Набыць можна ў мінскай кнігарні «Акадэмічная кніга».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости