У Варшаве 7 лютага пакажуць спектакль «Апошнi сведка» паводле тэксту маладой беларускай аўтаркі Амаліі Рызніч.
П’еса заснаваная на гісторыях затрыманняў журналістаў у 2020 годзе. Галоўны герой — Руслан — кожны дзень едзе на ровары па вуліцах Гродна, збіраючы навіны. Ён таксама запісвае гісторыі пра мінулае свайго горада і яго жыхароў.
Прататыпам галоўнага героя з’яўляецца гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч, які фіксаваў гісторыі жыхароў Гродна, а пазней у эміграцыі выдаў пра іх кнігу «Апошнія сведкі Гродна».
У тексце п’есы Амаліі Рызніч сплятаецца далёкая і нядаўняя гісторыя Гродна, напрыклад, скразным персанажам з’яўляецца падлетак – легендарны герой змагання гродзенцаў супраць бальшавікоў у 1939-м. Падлетак з такім жа імем з’яўляецца і ў 2020-я, аднак на гэты раз яго лёс складаецца не так трагічна.
Аўтарка дае слова і персанажам з супрацьлеглых лагероў – незалежнаму журналісту і шчыраму «рускімірцу», а фінал пакідае адкрытым.
Паразмаўлялі з Амаліяй Рызніч пра інтэрпрэтацыю нядаўніх падзей у яе п’есе, пра інтэграцыю і выбар мовы.
— Які перыяд перажывае сёння маладая беларуская драматургія?
— Драматургі падзяліліся на тых, хто за мяжой, і тых, хто ў краіне. І тым, і другім няпроста. У краіне – цэнзура, а ў замежжы маладыя драматургі абмежавана пэўнымі вызначанымі тэмамі.
І калі ты хочаш удзельнічаць у фестывалях і развівацца, табе трэба трапляць у тэмы, патэнцыйна цікавыя еўрапейскай публіцы. І гэта будзе не побытавая драматургія. Я не выключаю досвед, калі мы інтэгруруемся ў культуру краіны і пачынаем пісаць на чужой мове, але я ведаю толькі адзін такі выпадак.

— Давайце вернемся да тэмаў, цікавых еўрапейскаму гледачу. Спектакль па вашай п’есе – пра 2020 год. Ён ставіцца на ангельскай мове, хоць нехта з герояў размаўляе па-руску ці па-беларуску. Чаму вы думаеце, што наш 2020 год усё яшчэ тут цікавы?
— Мяркую, што гледачоў закрануць не столькі падзеі 2020-га, колькі тэмы крызісу, у якім мы знаходзімся, гуманітарнага крызісу. Тэма вайны ва Украіне таксама трапляе ў пласт гэтых тэмаў, але еўрапейскі глядач ад такіх сюжэтаў ужо крыху стаміўся. Сабраць на такі спектакль людзей – асобны квэст.
Як я ўжо казала, у беларускага драматурга ў эміграцыі застаецца два шляхі. Ці інтэграцыя ў краіну пражывання, што няпроста, бо тут ты нібы дзіця, якому трэба вучыць мову і заводзіць кантакты. Ці ты спрабуеш за мяжой заяўляць пра тыя тэмы, якія адпавядаюць твайму кантэксту. Нагадваючы, чаму гэта важна для ўсіх.

— Калі вы пісалі тэкст пра гродзенскага журналіста, на якога гледача вы арыентаваліся?
— Гэты тэкст пісаўся для праекта Contextual Echoes of Civic Resilience, які арганізоўваўся Фондам Маршала і Тэатрам імя Горкага ў Берліне, адпаведна, мы разумелі, што публіка будзе змешаная. Меркавалі, што хутчэй за ўсё прыйдуць немцы, якія цікавяцца тэмамі палітычнага актывізму, прадстаўнікі фонду і беларусы.
Спачатку спектакль быў разлічаны на гэтую публіку, і яна дастаткова абмежаваная.
Мой тэкст таксама і пра пошук беларускай ідэнтычнасці, таму ён больш зразумелы тым беларусам, якія тым ці іншым чынам гэты перыяд пражывалі. І мне здаецца, што ён для еўрапейскага гледача можа застацца незразумелым.
Гэта мае адчуванні, і я спадзяюся, што памыляюся, што нейкія метафары і алюзіі, якія там ёсць, усё ж дастаткова архетыпічныя і будуць зразумелы любому чалавеку.
Таму я разлічваю на вельмі высокага інтэлектуала, а далёка не кожны глядач будзе такім.
Усё яшчэ ёсць людзі, якія ходзяць у тэатр. Аднак большасць з іх арыентаваная на забаўляльны тэатр і ставіцца да спектакля як да баўлення часу. Толькі нямногія ўспрымаюць тэатр як прастору для рэфлексіі.
— У сваёй п’есе вы згадваеце антыбальшавіцкую абарону Гродна… Чаму спектакль не можа быць разлічаны на польскага гледача, не можа быць пастаўлены на польскай мове?
— Калі б я адразу думала пра пастаноўку ў Варшаве пры напісанні тэксту, я б, напэўна, зрабіла на антыбальшавіцкім змаганні большы акцэнт.
Калі раптам з’явіцца нейкая магчымасць перакласці тэкст на польскую мову, то за яе ўхапілася б. І калі знойдзецца нейкі праваднік, які будзе разумець, як гэта прадставіць польскаму гледачу….
Бо культурны код на мяне, канешне, уплывае і беларускую аўдыторыю я разумею лепш, чым польскую.

— Вы пішаце свае тэксты на рускай мове, якая ваша мэтавая аўдыторыя тут у эміграцыі? Таксама беларусы? Бо беларускамоўныя спектаклі ідуць у Польшчы гадамі…
— Шматмоўнасць – гэта адлюстраванне нашай рэальнасці. Мне сапраўды складана напісаць п’есу па-беларуску, складаней, чым на рускай мове.
Гэта не першая мая п’еса, у якой закладваецца ідэя таго, што наша культура ўвайшла ў крызіс і з яго яшчэ не выйшла. І не факт, што выйдзе. І я прадстаўнік той моладзі, якая кепска гэтую культуру ведае.
У сваіх п’есах я стараюся гэта адлюстраваць.
Беларуская мова ў маіх тэкстах таксама прысутнічае – як мова, якая пакутуе, якая пад ціскам.
— Прэм’ера спектакля «Апошні сведка» была на ангельскай мове ў берлінскім тэатры Максіма Горкага. Што гэта за тэатр?
— Гэта нямецкі тэатр з нямецкім рэпертуарам, проста яны не змянілі назву, таму застаўся тэатр імя Горкага.
Яны часам праводзяць разавыя праекты – шматмоўныя лабараторыя. Праект, у якім быў задзейнічаны наш спектакль, быў арыентаваны на краіны «Усходняга партнёрства» – Беларусь, Украіну і Расію.
Кожная каманда падымала тэмы нейкага актывізму. Я ўзяла тэму журналістыкі.

— Як адбывалася ваша супраца з журналістам Русланам Кулевічам, які стаў прататыпам галоўнага героя?
— Руслан спачатку быў запрошаны на гэты праект, каб зрабіць пра яго рэпартаж. Але праслухаўшы яго гісторыю, усе пагадзіліся, што Руслан можа стаць героем п’есы. Мяне яго гісторыя вельмі зацікавіла, але я не разумела, як за як узяцца, бо для мяне важна зачапіцца за нейкі ўнутраны канфлікт, а не проста пераказваць падзеі. Але ў нейкі момант Руслан расказаў, што калі яго пачала травіць прапаганда, у яго ўзніклі сумневы, а ці сапраўды яму зламалі рукі пры затрыманні. Мяне гэта ўразіла. Калі мы размаўлялі з маім рэжысёрам пра гэты выпадак, то зразумелі, што ў нас аднолькавыя асацыяцыі — з «Пераўтварэннем» Кафкі.
То-бок на цябе «апранаюць» нейкі вобраз, і ты пачынаеш у яго верыць. Аднак калі ты журналіст, ты працуеш з інфармацыяй, табе неабходна ва ўсім дакапвацца да сутнасці. І нават такога прафесіянала можна затравіць настолькі, што ён пачынае сумнявацца ў рэальнасці.
Мая п’еса і пабудавана на гісторыі гэтага ўнутранага канфлікту героя.
Гісторыя Руслана – галоўная ў п’есе, але сюжэт затрымання заснаваны на інтэрв’ю некалькіх людзей.
Таксама я апісваю гістарычныя тэмы таго перыяду, калі Гродна належаў Польшчы, пасля быў акупаваны савецкімі войскамі, пасля пачалася нямецкая акупацыя і зноў савецкая. Праз гэтую часавую арку ўдалося стварыць метафарычны вобразны шэраг, які праходзіць праз свядомасць Руслана, праз яго ўспрыманне рэальнасці, якая разбураецца.
Аднак калі падсумаваць, то ў мяне атрымалася гісторыя пра тое, што ніякай кармы не існуе. Гэта маё аўтарскае пытанне, якое я там пакідаю. Таму што за апошнія гады ў мяне склалася ўражанне, што карму проста прыдумалі харошыя людзі, каб неяк апраўдаць тое, чаму кепскія людзі так добра ўладкаваліся. І па вялікім рахунку, рыса, за якую нас найбольш караюць, – гэта наіўнасць. І ў некім сэнсе мая гісторыя пра гэта.

— У сваім тэксце вы праводзіце паралелі паміж бальшавіцкай акупацыяй і падзеямі 2020-га праз вобраз падлетка – Тадзіка Ясінскага, якога бальшавікі прывязалі да танка як шчыт. Але ў 2020-м у вашым сюжэце ён з’яўляецца зноў… Чаму?
— Для мяне ён стаў сімвалам тых маладых людзей, якія спрабуюць павесці гісторыю ў іншым кірунку, але аказваюцца проста шчытом для танка.
Магчыма, гэты хлопец толькі легенда, але некалькі розных людзей яго згадвае ў кнігах Руслана Кулевіча, на могілках ёсць яму помнік, хоць ён там і не пахаваны. Падазраю, што быў нейкі Тадзік Ясінскі, магчыма, яго гісторыя была крыху іншая, але жыхары горада яго ўспрымаюць як сімвал.

— У вашым тэксце адкрыты канец, шматкроп’е. Гэта таму, што гісторыя 2020-га не завершаная?
— Акрыты канец – мой роздум пра тое, што рабіць з нашай культурай, якая цяпер пад пагрозай знікненя. З гэтым трэба нешта рабіць, але на гэта пытанне я не даю адказу, таму што ў мяне яго няма. І мне здаецца, што гэта галоўны беларускі экзістэнцыйны крызіс.
Раней мне здавалася, што асвятляць падзеі 2020-га – гэта кан’юнктура. Але я змагла яе пазбегнуць з дапамогай той гістарычнай аркі, якую выбудавала ў сваёй п’есе. Я за яе зачапілася, і таму ўдалося напісаць тэкст, дзе няма чорнага і белага, дзе паказаны розныя бакі гэтага канфлікту. І таму, спадзяюся, я змагла адысці ад плакатнасці.
Спадзяюся, што і сам спектакль, і яго абмеркаванне стане прасторай для камунікацыі, прасторай, у якой могуць існаваць розныя погляды.
***
Спектакль адбудзецца 7 лютага на сцэне Teatr Powszechny на англійскай, рускай i беларускай мовах з англійскімі субцітрамі, дыскусія пройдзе на англійскай мове. У спектаклі граюць Міця Савелаў, Наталля Лявонава, Аляксандр Рацько, Аляксей Вайніловіч, Дзмітрый Рачкоўскі (голас).
Пасля спектакля ў Варшаве адбудзецца дыскусія на тэму «Перспектывы змен у Беларусі: 2026 год» з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў.
Квіткі можна набыць на сайце тэатра.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

