Стала вядомае поўнае імя аўтара перакладу «Мінскага тафсіра» — першага кананічнага перакладу Карана на еўрапейскую мову

Культура
Фота: сайт Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання.

Мусульманскаму рэлігійнаму аб’яднанню ў Беларусі ўдалося высветліць поўнае імя аўтара «Мінскага тафсіра» — першага кананічнага перакладу Карана на еўрапейскую мову. Імя моваведа — Абу Раджаб Урыяш ібн Ісмаіл Шламовіч. Згадку пра мулу мячэці Мінска «Ур’яша Шламовіча» (арыг.: Uryasz Szlamowicz) удалося адшукаць навуковай супрацоўніцы Інстытута гісторыі Акадэміі навук Надзеі Палтаржыцкай у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Навуковай знаходкай падзялілася Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Беларусі.

«Намеснік муфтыя Максат Авезаў, праводзячы даследаванні выбітнага помніка ісламскай думкі Беларусі, так званага «Мінскага тафсіра», які стаў першым кананічным перакладам Карана на еўрапейскую мову, здолеў ідэнтыфікаваць поўнае імя аўтара перакладу», — адзначаецца на сайце аб’яднання.

Згодна з «другім» калафонам рукапісу, аўтарам перакладу з’яўляўся «імам мусульман горада Мінск, Ур’яш ібн Ісмаіл Шлама[…]».

Максат Авезаў меркаваў, што зацёртае прозвішча аўтара перакладу Карана павінна чытацца як «Шламаўскі».

Каб пацвердзіць або абвергнуць гэты варыянт чытання, трэба было вызначыць любое згадванне яго імя ў іншых дакументах.

Тады намеснік муфтыя звярнуўся да старшай навуковай супрацоўніцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Надзеі Палтаржыцкай, якой удалося ў Нацыянальным гістарычным архіве знайсці дакумент, датаваны за 8 ліпеня 1679 года. Дакумент сведчыў пра куплю нерухомасці мінскім мусульманінам Х. Ільяшэвічам ад іншага мусульманіна Смольскага, і змяшчаў паказанні сведкі мулы мячэці Мінска «Ур’яша Шламовіча» (арыг.: Uryasz Szlamowicz).

«Гэтая падзея адбывалася за сем гадоў да завяршэння напісання Мінскага перакладу Карана. Такім чынам, мы сёння нарэшце змаглі вывесці з забыцця поўнае імя аўтара Мінскага тафсіра — Абу Раджаб Ур’яш ібн Ісмаіл Шламовіч», — Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне называе знаходку сенсацыяй.

Мінскі тафсір — выбітны помніка пісьменства татараў былога Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Рукапісу, пра існаванне якого ў зборах ЦНБ (Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ) стала вядома на пачатку 2000-х гадоў, прысвечаны некалькі артыкулаў айчынных і польскіх даследчыкаў. Так, згодна з даследаваннем Міхаіла Тарэлкі, мова Мінскага тафсіра — гэта пераклад Карана на польскую мову з дзвюма істотнымі асаблівасцямі. Па-першае, яна насычана беларускімі элементамі, што натуральна для тэксту, створанага на этнічнай беларускай тэрыторыі . Па-другое — мае моцны ўплыў мовы арыгінала (арабскай) на сінтаксіс мовы перакладу, што характэрна для перакладаў Святога Пісання.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: