Тым ня меньш варта ў ёй служыць, варта ў ёй вучыцца і рабіць кар’еру. Калі ў адзін цудоўны момант вы ня хочаце прачнуцца пад паведамленне 1 каналу пра тое, што Пуцін ваш прэзідэнт.
Пачнем з аднаго міфа, які падманвае многіх беларускіх патрыётаў. У найбольш простай і распаўсюджанай форме ён гучыць так: «Армія ў нас прарасейская, таму калі што пайду бараніць краіну ў дабраахвотны атрад, а не ў армію. Менавіта дабраахвотнікі ўратавалі Ўкраіну».
Сапраўды з вясны-лета 2014 году распаўсюдзілася меркаванне, што толькі ўкраінскія дабраахвотніцкія батальёны былі ратавальнікамі Радзімы — і яны на самой справе ў значнай ступені надалі імпэт усёй вялізарнай сілавой машыне дзяржавы, паказалі прыклад, штурхнулі сілавікоў у бок актыўнага супраціву праціўніку.
Аднак амаль адразу
менавіта Ўзброеныя сілы Украіны і рэгулярныя фарміраванні Нацыянальнай гвардыі і СБУ* сталі асноўнай сілай, якая спыніла і пачала контрнаступ супраць прарасейскіх баявікоў
— дастаткова было паглядзець скаргі Стралкова-Гіркіна на ўкраінскіх артылерыстаў, на ўкраінскіх лётчыкаў і танкістаў.
* Як раз афіцэр «Альфы» Службы бяспекі Украіны першым загінуў у баі з баявікамі Стралкова. Дабраахвотнікі «Азову» вызвалілі Марыюпаль ад баявікоў пры падтрымцы бранятэхнікі Нацыянальнай гвардыі.
Зразумела, што гэта былі не дабраахвотнікі непасрэдна з Майдану — гэта былі звычайныя ўкраінскія афіцэры і жаўнеры, кантрактнікі і рэзэрвісты, якія, можа быць, і не так актыўна рваліся ў бой, але за тое мелі хаця б рудыментарныя навыкі ў вайсковай справе і абыходжанні з вайсковай тэхнікай.
Усю гэтую навуку дабраахвотнікам — студэнтам, працоўным, бізнэсоўцам і сяланам — прыйшлося спасцігаць ужо на вайне і плаціць за гэта кроўю. Паступова амаль усе яны альбо дэмабілізаваліся, альбо сталі ў шэрагі рэгулярных дзяржаўных вайсковых фарміраванняў Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў ці Нацыянальнай гвардыі.
Аднак справа ў тым, што слабая рэакцыя і нізкая гатоўнасць і ініцыятыўнасць арміі да супраціву ворагу на першым этапе канфлікта была абумоўленая тым, што армія не атрымлівала дастатковага фінансавання, туды амаль не траплялі людзі з выразна нацыяналістычнай (ці, калі хочаце, патрыятычнай) пазіцыяй.
Інтэлегенцыя, у тым ліку нацыяналістычная, ставілася да сваёй арміі з пагардай, служба не была прэстыжнай, дэградавалі і тэхніка, і людзі — у выніку ўкраінцы атрымалі ад сваёй арміі вясной 2014 году такую рэакцыю, якую атрымалі. Каб тады дабраахвотнікі-патрыёты былі не недасведчанымі навабранцамі, а афіцэрамі і жаўнерамі рэгулярных войск — можа быць нават Крым застаўся б ўкраінскім.
Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь было вырашана стварыць 20 верасня 1991 году — адпаведны дакумент праз месяц пасля жнівеньскага пракамуністычнага путчу ў Маскве падпісаў Станіслаў Шушкевіч.
Афіцыйна ж днём стварэння беларускай арміі лічыцца 20 сакавіка 1992 году. Армія стваралася на базе гіганцкай па сілах і колькасці разнастайнай баявой тэхнікі Беларускай вайсковай акругі — тут служылі аж 280 тысяч чалавек! Фактычна на кожныя 43 беларуса прыходзіўся 1 чалавек з «Калашнікавым».
У савецкі час менавіта тэрыторыя Беларусі была сваеасаблівым палігонам для засваення новых узораў узбраенняў — з аднаго боку тут было адносна блізка да патэнцыяльнага фронту вайны з НАТО, з іншага — не так блізка, каб за падвойнай жалезнай заслонай узнікала вялікая пагроза разсакрэчвання важнай інфармацыі. Напрыклад, вядомыя зараз зенітна-ракетныя комплексы С-300 упершыню праходзілі выпрабаванні як раз у Беларусі.
Сярод астатняга Беларусі дасталіся 3971 танк, 4020 больш лёгкіх браніраваных машын, амаль 400 баявых самалётаў, 78 ударных верталётаў.
Мала хто акрамя Зянона Пазняка, тады думаў, што да ўлады ў РФ прыйдзе ўмоўны Пуцін, таму было вырашана войскі радыкальна скараціць, а вялікую частку зброі — аддаць Расеі, прадаць ці проста ліквідаваць.
У тым ліку мы, як і Украіна, аддалі Расеі сваю атамную зброю, за што атрымалі фігавы лісток Будапештскага мемарандуму — цяпер Масква, Лондан і Вашінгтон абавязаліся паважаць і нават гарантаваць нашую тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт. У 1996 годзе атамнай зброі ў нас не засталося. Магчыма, дарма.
Пасля 25 год распродажу, падарункаў і ліквідацыі ў беларускай арміі засталіся каля 1600 танкаў, 2500 іншых адзінак бранетэхнікі, 1490 артылерыйскіх сістэм, некалькі дзясяткаў самалётаў і верталётаў. Вайсковаслужбоўцаў у арміі заслалося каля 64.000 чалавек.
У 1992 годзе гэта была дастаткова сучасная тэхніка.
Аднак прайшло 25 год — а ўвесь гэты час наша армія жыла на галодным пайку.
Няхай Сяргей Чалы на пальцах распавядзе, чаму беларускай арміі не хапае фінансавання, але канстатуем факты.
У беларускай арміі 64.000 жаўнераў і афіцэраў. У апошнія гады дзяржава аддае на закупку новай тэхнікі, на ўтрыманне ўжо існуючай, на паліва, снарады і кулі, на вайсковую ўніформу і заробкі вайскоўцам — $700-500 мільёнаў у год (у залежнасці ад курсу даляра).
Усе пазнаецца праз параўнанне, таму параўнаем.
Польшча, маючы ўзброеныя сілы прыкладна ў 105 тысяч чалавек выдае на іх каля $9,3 мільярда.
Армія Летувы складаецца меньш чым з 20.000 чалавек — хутка будзе поўныя 20.000, бо зараз яны фарміруюць новую пяхотную брыгаду. Дык вось на свае меньш чым 20.000 байцоў яны выдаюць больш за $800 мільёнаў. І гэта пры тым, што летувісы свядома фактычна адмовіліся ад баявой авіяцыі — самы «страшны» самалёт у іх на ўзбраенні гэта лёгкі вучэбны самалёт Aero L-39, на які ў лепшым выпадку можна падвесіць трохі бомб і паставіць авіяпушку. Арміі Латвіі і Эстоніі выглядаюць прыкладна гэтак жа і фінансуюцца прыкладна такім жа чынам.
Фінляндыя — краіна вельмі падобная на нас аж спачатку 20 стагоддзя, пашанцавала ім толькі з масавасцю здаровага нацыяналістычнага руху і здольнасцю адбіцца ад камуністаў. Зараз у іх 5,5 мільёнаў насельніцтва, армія — трохі больш за 30.000 чалавек.
Фінская армія прызыўная, прычым набіраюць у яе 23.000 навабранцаў кожны год — больш, чым 9-мильённай Беларусі.
Такім чынам праходзяць тэрміновую службу прыкладна 80% мужскога насельніцтва. Вайсковы бюджэт краіны — больш за $3 мільярда.
Можна прывесці дадзеныя па Украіне (армія ў 250.000 чалавек, абаронны бюджэт больш за $5 млрд), Расеі (армія ў 1 млн чалавек, бюджэт $70 млрд), па іншых краінах рэгіёна.
Але відавочна, што паўсюль у разліку на аднаго вайскоўца выдаюць грошаў у разы болей, чым у нас.
А гэта замінае арміі вучыцца (паліва, патроны, снарады, урэшце ўніформа і ежа), выжываць і перамагаць.
Тое, што пры гэтым беларуская армія лічыцца сярод аналітыкаў адной з найбольш баяздольных і падрыхтаваных ва Усходняй Еўропе, можна аднесці толькі на карысць тых нацыянальных якасцяў, якія адзначаліся за беларусамі яшчэ ў савецкай арміі. Як і прыбалты, беларусы сур’ёзна ставяцца да любой справы, якой пачынаюць займацца. І стараюцца быць прафесіяналамі нават на безграшоўі і на старой савецкай тэхніке.
Беларусь не мае вялікай колькасці грошаў, каб купляць сучасную замежную зброю ў заўважных колькасцях — новыя танкі, бранетранспарцёры, самалёты і верталёты можна пералічыць па пальцах адной рукі. Аднак можа быць мы можам нешта зрабіць унутры краіны?
Можам! Больш-меньш добрая тэхнічная адукацыя і нядрэнная прамысловая база ў нас яшчэ ёсць. Аднак у сувязі з тым, што БССР была толькі часткай савецкага ваенна-прамысловага комплексу, нашыя прадпрыемствы не могуць задаволіць усіх вайсковых патрэбаў.
Гэтак, у Беларусі даволі нядрэнна атрымліваецца распрацоўка і мадэрнізацыя вайсковага хай-тэку — супрацьпаветраных і супрацьтанкавых ракетных комплексаў. Прыцэлы (у тым ліку начныя) і сістэмы навядзення мы робім добрыя. МЗКЦ вырабляе супервыя шасі — расейцы дагэтуль не могуць скапіяваць. Аднак вытворчасць ракет засталася ў Украіне і ў Расеі.
Тое ж самае з ударнымі ракетнымі комплексамі «зямля-зямля» — нашыя інжынеры зрабілі дальнабойны ракетны комплекс «Паланэз». Распрацавалі шасі і сістэму навядзення. Аднак ракету выкарыстоўваюць, хутчэй за ўсё, кітайскую.
Самалёты (за выключэннем беспілотнікаў), верталёты і танкі ў Беларусі не вырабляюцца, гэтаксама як баявыя машыны пяхоты з бранетранспарцёрамі. Іх мы купляем у гамеапатычных дозах у РФ. Беларусь распрацавала разведвальныя бранемашыны «Кайман» — таксама выкарыстоўваючы старыя савецкія бранявыя карпуса і наладоўваючы іх сваёй сучаснай механікай і электронікай, але наўрацці яны масава пойдуць у армію.
Беларусь не мае заводаў, якія маглі б пастаўляць сваёй арміі артылерыю — хіба што пяхотныя мінамёты. Няма ў нас і вытворчасці стралковай зброі — штурмавых вінтовак, снайперскіх вінтовак, кулямётаў. Новыя ўзоры Сілы спецыяльных аперацый таксама купляюць з-за мяжы.
Такім чынам з электронікай, прыцэламі, беспілотнікамі з аўтамабільнай тэхнікай і рознымі інтэлектуальнымі штукамі ўнутры краіны праблем няма. Але ракеты і амаль усё астатняе «жалеза» можна атрымаць толькі з-за мяжы праз кааперацыю ці (што больш верагодна) за жывыя грошы. Якіх няма. Ці амаль няма. Мы з вамі не зарабілі.
Сапраўды, да беларускай арміі шэраговы грамадзянін можа мець шмат прэтэнзій — адныя называюць яе занадта слабой, іншыя скардзяцца на яе празмерна вялікі памер, хтосьці кажа, што яна прасавецкая і прарасейская, што ў ёй жывога слова па-беларуску не пачуеш, іншыя наракаюць на пранікненне ў армію рэлігіі (хоць у арміі ЗША рэлігія куды лепей сябе адчувае). Па меркаванні кагосці гэта месца, дзе маладзёны вучацца падпарадкоўвацца сіле і не думаць, для кагосці — гэта культ гвалту і лайт-версія турмы з яе блатнымі «паняццямі».
Усе гэтыя людзі будуць адначасова мець і ня мець рацыю — і справа не ў адсутнасці ў беларускай арміі бранецягнікоў.
Сучасная беларуская армія генетычна звязаная з СССР і ў сучасных умовах не спяшаецца вярнуць сабе нармальнае беларускае аблічча.
У пэўнай ступені яна, як хамелеон, сапраўды мімікруе пад савецкую і расейскую армію. Для чаго ёсць і ўнутраныя, і знешныя прычыны.
Першая ўнутраная прычына да гэтага — палітычны рэжым, які ў лепшым выпадку не надта замінае развіваць нацыяльнае пачуццё, а ў цэлым проста баіцца беларускага нацыяналізма* і выкарыстоўвае яго пераважна як сродак для супрацьвагі ўплыву Крамля ў краіне.
*********
* Тут я карыстаюся разуменнем нацыяналізма як палітычнай ідэалогіі, якая пастулюе наяўнасць і патрэбу ў абароне агульных палітычных, эканамічных і культурных інтарэсаў у пэўнай групы людзей, якую прыхільнікі гэтай ідэалогіі і лічаць нацыяй. Гэтыя людзі могуць мець, а могуць і ня мець агульнага этнічнага паходжання, аднак амаль заўсёды аб’ядноўваюцца вакол культуры пэўнага этнасу.
*********
Другая прычына — слабасць недарэфармаванай беларускай эканамікі, якая няздольная ў дастатковым аб’ёме задавальняць патрэбы нацыянальнай абароны. У выніку асноўную частку новай тэхнікі — бранетранспарцёры, танкі, самалёты, верталеты — беларуская армія атрымлівае з Расеі па больш-меньш ільготных коштах. Для гэтага і арміі, і ўсёй дзяржаве трэба выглядаць адносна прарасейскімі. Залежнасць тэхналагічная дапамагае захоўваць залежнасць ментальную.
Ну і апошняе, што вынікае з першых двух прычынаў — беларуская армія сапраўды даволі прарасейская ў выніку сваёй савецкай спадчыны і апошніх 22 год дзяржаўнага змагання з беларускасцю.
Хочаце прыклад? На асноўнай старонцы галоўнай армейскай газеты «Во славу Родины» (так, яна дагэтуль не мае беларускамоўнага назову) аж да мінулага месяца стаялі спасылкі на газету Мінабароны Расеі і газету «Красная звезда» — выданне арміі той жа суседняй дзяржавы. Нядаўна сайт трохі перарабілі, і спасылкі зніклі.
Немагчыма вечна адмаўляцца ад свайго і мімікрыраваць пад чужое без цяжкіх наступстваў для псіхічнага здароўя.
Аднак ці толькі сама армія, скажам шчыра ў гэтым вінаватая?
Хіба не цывільныя вырашылі лёс нацыянальнай сімволікі і адзінай дзяржаўнай мовы на рэферэндуме ў 1994 годзе? Армія тады складала меньш за 1% ад агульнага насельніцтва краіны.
Такім чынам, калі мы не плюем ва ўсіх цывільных за іхную «здраду» (а я так не раблю і спадзяюся, што вы так не робіце), калі мы наадварот хочам заяваць сэрцы ўсіх для справы пабудавання новай сучаснай дэмакратычнай і нацыяналістычнай Беларусі, то мы не павінны адварочвацца і ад арміі. Наадварот, мы павінны як мага лепш зразумець яе патрэбы і рабіць усё, каб яна была моцнай, прэстыжнай і беларускай.
У наступных частках 1 сезону нашага серыялу мы распавядзем:
• Чаму Пуцін падтрымае адмену прызыву ў беларускую армію,
• Ці можаш ты паступіць у Ваенную акадэмію,
• Хто пагражае адняць нашае сала і для чаго Беларусі армія,
• Што можна зрабіць для нашай арміі нават без вялікага падвышэння выдаткаў на армію?