Бойка прэм’ер на Дзень беларускага кіно: «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» ў Беластоку ці «Свінгеры» ў Варшаве?

«Свінгеры» Андрэя Кашперскага? Ці «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі? Літаральна бойка прэм’ер беларускіх рэжысёраў пройдзе ў Польшчы на Дзень беларускага кіно 17 снежня.

Адсвяткаваць 101 год беларускага кінематографа гледачы атрымаюць магчымасць ў Беластоку і ў Варшаве: паказы ажно чатырох нашумелых карцін ад трох актуальных кінематаграфістаў адбудуцца ў розных гарадах у адзін дзень.

Так, 17 снежня ў беластоцкім кінатэатры FORUM на вечар беларускіх фільмаў запрашае фестываль «Бульбамуві» — акурат на святочную дату адзін з заснавальнікаў вядомага партызанскага фэсту белкіно Януш Гаўрылюк запланаваў «паніхіду» свайго кінафоруму.

У праграме вечара: паказ удзельніка праграмы Берлінале-2025 — драмадзі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі з музыкай Вячаславам Кмітам у галоўнай ролі — карціны, фестывальная гісторыя якой яшчэ працягваецца.

Нагадаем, што фабула гэтай стужкі трымаецца на пошуку галоўным гером, маладым музыкантам, магічнага швэдара, які дапаможа яму напісаць найлепшую песню.

Таксама ў праграме імпрэзы — паказ ігравой поўнаметражнай карціны «Хто я?» ад беларускага рэжысёра Жэні Дарк. Фільм, які быў зняты ў Беларусі напярэдадні 2020 года, да гэтай пары з’яўляецца terra incognita —  карціна, нягледзячы на флер культавасці вакол яе, не мела гучных публічных сеансаў. І гэта сапраўдная ўдача — убачыць яго на вялікім экране ў Польшчы.

Жэня Дарк у сваёй прытчы стварае партрэт беларускага «грамадства-падлетка», не здольнага на ініцыяцыю і сталенне.

Кульмінацыяй вечара стане дыскусія «Беларускага кіно, якога няма» з удзелам культуролага, кінакрытыка Максіма Жбанкова, кінематаграфіста, дырэктара кінафестываля «Бульбамуві» Януша Гаўрылюка, экс-каардынатара беларускага конкурсу на фестывалі «Лістапад» Мікалая Лаўранюка і кінарэжысёра Юрыя Сямашкі.

А цяпер перанясемся ў Варшаву, у кінатэатр AMONDO, дзе з нагоды прафесійнага свята стваральнік серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі падрыхтаваў паказы дзвюх сваіх навейшых стужак: першай серый серыяла «Свінгеры» і кароткаметражкі «Суд мёртвых» з удзелам зоркі «Вольных Купалаўцаў» Зоі Белахвосцік.

Тут ёсць важная тэхнічная дэталь: паказы адбудуцца 17 снежня а 19.40 і 20.20. Уваход на сеансы бесплатны, але арганізатары звяртаюць увагу на тое, што ў зале ўсяго 30 месцаў, лепей прыходзіць загадзя, каб заняць месцы.

Некалькі словаў пра самі стужкі.

«Суд мёртвых» толькі перамагла ў Беларускім конкурсе фестываля «Паўночнае ззянне-2025». Палітычны хорар быў адзначына журы за ўражлівае майстэрства, цэласную канцэпцыю і нечаканае спалучэнне жанраў. Нагадаем, што ў каротhttps://www.youtube.com/watch?v=gDwOh0bt5bsкаметражнай карціне гаворка ідзе пра закон, які прынялі ўлады Беларусі, што дазваляе судзіць памерлых. Так вось тыя памерлыя ў сваю чаргу могуць не пагадзіцца з прысудамі суддзі і здзейсніць сваю помству.

Ды Андрэй Кашперскі пакажа на вечары пілотную серыю «Свінгеры» — праект цалкам у іншай плоскасці, лёгкі і забаўляльны, прызаваны адцягнуць увагу ад палітычнай барацьбы і пасмяяцца з рэчаў бытавых. У стужцы маладыя людзі 30-35 гадоў сустракаюцца, каб заняцца сэксам, але, як аказалася, свінгерства — гэта таксама не для слабых духам і целам. Калі вы марылі пра камедыю пра сваіх, — вам акурат сюды.

Падрабязней пра кінавечар у Беластоку можна дазнацца тут.

Пра імпрэзу ў Варшаве — тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!