Слуцкія паясы з відамі батальных сцэн: як будзе выглядаць новы гістарычны музей у Мінску

Культура
Праект гістарычнага музея ў Мінску. Фота: minsknews.by

Будаўніцтва новага гістарычнага музея ў Мінску пачнецца ў 2025 годзе на месцы былога забаўляльнага парку «Дрымлэнд», недалёка ад Палаца Незалежнасці. Там жа будзе разбіты Парк народнага адзінства. Дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» падрабязна расказала пра канцэпцыю будучага музея. З яе вынікае, што комплекс задумваўся як важны акцэнт «квартала дзяржаўнасці» — з усімі адпаведнымі функцыямі.

«Кварталам дзяржаўнасці» называе ў артыкуле месца, дзе плануецца ўзвесці гістарычны музей, галоўны архітэктар «Мінскпраекта» Уладзімір Архангельскі. Тут знаходзяцца Палац Незалежнасці, Вярхоўны Суд, плошча дзяржаўнага сцяга. «Таму выбар месца для гістарычнага музея быў лагічны, — распавёў архітэктар. — Да таго ж тут можна размясціць немаленькі аб’ект без сур’ёзнага ўкаранення ў зялёную зону».

На тэрыторыі Парку народнага адзінства прадставяць усе сем рэгіёнаў рэспублікі. Кожную вобласць пазначаць вялікімі (каля 3,5 м у вышыню) скульптурнымі кампазіцыямі ў выглядзе герба з аднаго боку і знакавых архітэктурных збудаванняў з другога. Таксама дададуць інтэрактыўныя экраны, на якіх можна будзе па запыце ўбачыць разнастайную інфармацыю аб рэгіёне. Відэакантэнт яшчэ распрацоўваецца.

«Перад музеем будзе вялікая плошча для ўрачыстых мерапрыемстваў, — пішуць «Минск-Новости». — Ад Арлоўскай арганізуецца парадная лесвіца да будынка, а на ўзроўні вуліцы з’явіцца запрашальны ўваходны партал у парк. Па эскізах відаць, што гэта збудаванне камусьці нагадае крылы бусла, камусьці — ручнік або слуцкі пояс. Размяшчацца асноўная канструкцыя будзе на сямі апорах-калонах у выглядзе снапоў пшаніцы з гербамі рэгіёнаў. Аблічча ўсяго партала зараз дапрацоўваецца».

Раней анансавалася, што новы будынак музея будзе нагадваць па форме геаграфічную карту Беларусі. Аднак спецыялісты высветлілі, што з вышыні чалавечага росту вобраз карты праглядацца не будзе нават пры вялікім ухіле даху. Таму ад такой ідэі адмовіліся, але ў плане (калі глядзець зверху) музей сапраўды будзе сімвалічна нагадваць абрысы Беларусі, толькі з больш плаўнымі контурамі.

Будынак абліцуюць керамагранітам з тэкстурай каменя, што нагадае аблічча суседніх аб’ектаў — Вярхоўнага Суда і Палаца Незалежнасці.

На ўваходных зоне зробяць вялікі напаўпразрысты вітраж, верхняя частка якога будзе станавіцца пры неабходнасці экранам (яго размесцяць на вітражы з боку памяшкання).

Акцэнтам і ўпрыгожаннем галоўнага фасада стане мастацкае афармленне ў выглядзе шасці вертыкальных гарэльефаў, якія ўвасабляюць Старонкі гісторыі Беларусі. Гэта будуць аб’ёмныя кампазіцыі (4х17 м), размешчаныя сіметрычна адносна галоўнага ўваходу. Кожная са «старонак» складаецца па вышыні з трох частак. У ніжняй траціне размесціцца інфармацыя аб гістарычным перыядзе і яго падзеях. У сярэдняй будуць паказаныя знакавыя персанажы таго часу. Верхняя частка — слуцкія паясы, якія развяваюцца. На іх размесцяць віды батальных сцэн, гістарычныя карты і эпізоды з гісторыі Беларусі. Канцэпцыя цяпер дапрацоўваецца. Верагодней за ўсё, гарэльефы зробяць з бронзы, але, магчыма, адна з частак будзе з каменя.

Будынак будзе 4-павярховым. На першым узроўні, акрамя галоўнага вестыбюля, гардэроба і буфета, размесціцца зала для часовых выстаў. Па галоўнай параднай лесвіцы можна падняцца на 2-гі паверх, дзе пачнецца асноўная пастаянная экспазіцыя: яна паслядоўна будзе весці наведвальнікаў з залы ў залу.

Акцэнтам унутры музея стане атрыум — вольная прастора ў цэнтры будынка, якое пачнецца з 2-га паверха і дойдзе да самага верху. Атрыум прапануюць упрыгожыць мастацкім вітражом з нацыянальнай тэматыкай.

У конкурсе на канцэптуальнае рашэнне музея прынялі ўдзел студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ і навучэнцы Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа. Пераможцам стаў чацвёртакурснік каледжа, а цяпер тэхнік-праекціроўшчык «Мінскпраекта» Уладзіслаў Кашкоўскі. Ідэі яго эскізнага рашэння ляглі ў аснову праекта, які цяпер распрацоўваецца на прадпрыемстве.

Слуцкія паясы з відамі батальных сцэн: як будзе выглядаць новы гістарычны музей у Мінску
Праект гістарычнага музея ў Мінску. Фота: minsknews.by

Ідэі для натхнення спецыялісты шукалі ў музеях Кітая, Азербайджана, Казахстана.

Цяпер Міністэрства культуры сумесна з супрацоўнікамі музея і Беларускім саюзам мастакоў займаецца распрацоўкай начыння экспазіцыйных залаў, у тым ліку будуць задзейнічаны экспанаты з запаснікаў. Плануюць напоўніць музей інтэрактыўнымі стэндамі, лазернымі выявамі, будзе нават 5D-кіназала для дэманстрацыі фільма пра Беларусь.

Дарэчы назва атрыкула пра беларускі гістарычны музей вельмі сімптаматычная: «С национальным колоритом. Каким будет новый исторический музей Беларуси». Буслы і ручнікі гэта, канешне, «харашо». Крыху цікава, ці будзе які-небудзь «национальный колорит» у саміх экспазіцыях?

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости