Беларускі музыка, лідар гурта «Leibonik» Сяргей Башлыкевіч прадставіў новую кампазіцыю, прысвечаную журналісту і стваральніку папулярнага праекта «Жизнь-малина» Мікіту Мелказёраву, які пайшоў з жыцця ў снежні 2025 года.
Песня пад назвай Malina стала своеасаблівым рэквіемам па «пакаленні неафітаў». Башлыкевіч малюе партрэт сучаснага беларуса — «крэакла ў модных джорданах», які праз лічбавыя платформы шукаў шлях да сваёй ідэнтычнасці і будаваў «беларускі Эдэм».
«Я ў табе сябе бачу — крэакла з белым каўнерам, / Sensitive sensual male — хоць cis-gender hetero, / Не ідэальны зусім — лысы у дваццаць восем. / І прымаю цябе — і сябе — такімі як ёсць мы», — гучаць радкі ў песні.
Музыка падкрэслівае боль ад таго, што знакавая постаць беларускай медыяпрасторы скончыла свой шлях «у варшаўскай кватэры», а не сярод родных краявідаў. Мелказёраў называецца «Скарынам ютубу», што ставіць ягоную асветніцкую дзейнасць у адзін шэраг з гістарычнымі постацямі беларускага адраджэння.
У тэксце выкарыстоўваецца шмат прыватных і культурных адсылак: ад маляванак Алены Кіш і блакіту возера Балдук да жоўтых кроксаў — вядомага элемента стылю Мікіты.
«Ты сышоў не адзін, з табой побач ляжа дваццаты, / Рэжысура жыцця вымагае змены фармату, / І ў ранках суботы так часта занятых табой / застанецца пустэча з блакітны Балдук глыбінёй», — Сяргей Башлыкевіч сыход журналіста падае як страту для цэлага пакалення.
Фінал песні пераносіць слухача ў метафізічную «лепшую версію Беларусі», дзе пануе вечнае лета.
Пад відэа на YouTube стаіць дата напісання кампазіцыі — 30 снежня 2025 года, Амстэрдам — Варшава.
Мікіта Мелказёраў — журналіст, аўтар праекта «Жизнь-малина», які за пяць гадоў стаў адным з галоўных пляцовак для дыскусій пра беларускую ідэнтычнасць, культуру і палітыку. Ён памёр напрыканцы снежня 2025 года ў Варшаве ва ўзросце 37 гадоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

