Сёння, 26 сакавіка а 20.00, у варшаўскім кінатэатры Atlantik адбудзецца ўрачысты прэм’ерны паказ фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам». На імпрэзу з удзелам каманды фільма адкрылі абмежаваны продаж квіткоў.
З 28 сакавіка драма беларускай рэжысёркі, натхнёная гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, выходзіць у польскі пракат.
Сёння на ўрачыстай прэм’еры чакаецца сустрэча з камандай карціны — фільм, нагадаем, ужо займеў мноства ўзнагарод і станоўчых водгукаў у еўрапейскага і амерыканскага гледача.
Нагадаем, што ігравая стужка «Пад шэрым небам», створаная за сродкі Польскага кінаінстытута, распавядае гісторыю беларускіх журналістаў на фоне пратэстаў 2020 года і ўзмацнення рэпрэсій. Рэжысёрка фіксуецца на стасунках галоўных герояў — журналістаў Лены і Ігара, якія, трапіўшы ў махавік рэпрэсій лукашэнкаўскага рэжыму, знаходзяць адно ў адным падтрымку і надзею жыць у страшных і складаных абставінах.
У кіно здымаліся: Аляксандра Вайцяховіч, Валянцін Навапольскі, Паліна Чабатарова, Андрэй Новікаў.
Дыстрыб’ютарам карціны беларускай аўтаркі з’яўляюцца кампанія Żółty Szalik, прадзюсары фільма — кампанія MEDIA CORPORATION.
Пакуль расклад паказаў карціны выглядае наступным чынам.
27 сакавіка «Пад шэрым небам» можна будзе ўбачыць у межах фестывалю Script Fiest. На паказе, які адбудзецца ў кінатэатры Elektronik, пройдзе сустрэча з рэжысёркай і сцэнарысткай карціны Марай Тамковіч, а таксама з беларускай актрысай Аляксандрай Вайцяховіч, якая выконвае ў фільме ролю журналісткі Лены.
Ад 28 сакавіка фільм трапляе ў кінатэатры па ўсёй Польшчы.
У Гдыні пракат будзе ісці ў Гдыньскім кінацэнтры (Gdynskie Centrum Filmowe)
У Лодзі — у кінатэатры «Чарлі» (Charlie)
У Катавіцах — у кінатэары «Святовід» (Swiatowid)
У Кракаве — у кінтэатрах «Кіка» (Kika) і «Мікро» (Mikro)
У Новым Сонжы — у кінатэатры «Сокол» (Sokol)
У Познані — у кінатэатрах «Булгарска, 19» (Bulgarska,19) і «Малта» (Malta)
У Варшаве — у кінатэатры «Культура» (Kultura)
Ва Уроцлаве — у кінатэатры «Новыя гарызонты» (Nowe Horyzonty)

Фільм Мары Тамковіч рэкамендуюць да прагляду слынныя польскія кінематаграфісты: кінарэжысёр Войтэк Смаржоўскі («Клір», «Валынь»), актор Анджэй Грабоўскі («Дзядзька Фаліярж», «Пітбуль», «Свет паводле кепскіх хлопцаў», «Дарожны аддзел»).
Заўважым, што калі ў польскім горадзе, дзе вы жывяце, кінатэатры не паказваюць карціну «Пад шэрым небам», вы можаце звярнуцца да кіраўніцтва кінатэатраў з адпаведнай просьбай. Яно мусіць зрэагаваць на цікавасць гледачоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram