Мінскі райвыканкам выставіў сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава на продаж. Паведамленне аб гэтым з’явілася на сайце Інвестыцыйнага партала Беларусі.
Комплекс XVIII стагоддзя, які мае статус помніка 2-й катэгорыі, і звязаны з імёнамі не толькі былых уладароў сядзібы — Хмараў, але беларускіх класікаў — Багдановічам, Коласам, Купалам, з імёнамі мастакоў Напалеона Орды, Язэпа Пешкі, мясцовыя ўлады плануць скінуць з балансу.
Ужо больш за дзесяць гадоў мясцовыя актывісты і не абыякавая да гістарычнай спадчыны грамадскасць змагаліся за тое, каб прыцягнуць увагу да сядзібы і яе стану, які з кожным годам усё пагаршаўся, але комплексу так і не ўдалося займець інвестара.
З 2021 года ў аграгарадку Сёмкава быў створаны Сёмкаўскі філіял Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў», пачаўся новы этап рэалізацыі праекта «Адраджэнне cядзібна-паркавага комплексу Сёмкава». Але продаж помніка, які пакуль утрымліваецца на балансе аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінскага райвыканкама, значна ўскладніць рэалізацыю праекта, калі не ставіць пад пытанне яго ажыццяўленне.

Зараз актывісты актыўна шукаюць тых, хто мог бы выратаваць сітуацыю.
«Вы знаёмыя з патэнцыйнымі інвестарамі? Ці ёсць яшчэ жадаючыя аднавіць палац-пярліну 18 стагоддзя (пераходны стыль ад барока да класіцызму з элементамі мадэрна), комплекс з 2 захаванымі гістарычнымі паркамі, з цікавай гісторыяй у святле зорак Багдановіч — Купала — Колас і няпростым лёсам праз дым, агонь і горыч падзей 20 стагоддзя… Давайце пазнаёмімся і паспрабуем яшчэ раз вярнуць гэтаму месцу былую славу і веліч!», — звяртаюцца яны да супольнасці.
Аб’ект «Стварэнне сядзібна-паркавага комплексу ў аграгарадку Сёмкава» — сядзібны дом і два флігеля — прадаецца на сайце за амаль 460 тысяч долараў.
Важна дадаць, што комплекс каштоўны не толькі гістарычнымі будынкамі, але ландшафтам — захаваліся старадаўнія паркі, якія атачаюць сядзібу.
***
Даведка: Пабудова першага каменнага палацавага комплексу ў Сёмкаве звязана з асобай апошняга менскага ваяводы – Адама Хмары. Сядзіба задумвалася як раскошная рэзідэнцыя магнацкага роду Хмараў, таму ў 1770-1780-х гадах, на схіле гісторыі Рэчы Паспалітай, пачалося шырокае будаўніцтва. Неабходны матэрыял дастаўляўся з розных мясцін: шкло – з Налібоцкіх мануфактур Радзівілаў, цэгла – з Заслаўя, кафля рабілася на месцы.
Архітэктарам сядзібы быў знакаміты італьянец Карла Спампані, які вёў шырокую дзейнасць на беларуска-літоўскіх землях. Менавіта па яго праектах у гэты час узводзяцца многія рэзідэнцыі (у тым ліку непадалёк, у Заслаўі).
Вялікі комплекс, які ўзводзіўся для Хмары, уключаў у сябе сядзібу, два флігелі (левы – для гасцей, правы – для слуг), парадны двор, прыгожы парк.
У пачатку ХХ стагоддзя тут пабывалі Янка Купала – працаваў паблізу на панскім бровары, Якуб Колас пісаў свае творы ў Сёмкаве (паэма «Новая Зямля», апавяданне «Салавей»).
Сядзіба пасля Адамы Хмары перайшла да яго брата Іахіма, затым – да ягонага сына. У канцы ХІХ стагоддзя яе выкупляе род Хелкоўскіх. Неўзабаве грымнула рэвалюцыя, новыя ўлады канфіскавалі сядзібу. Засталіся звесткі пра тое, як адбывалася рабаванне сядзібы. Газеты таго часу пісалі: «Мастацкія габелены ўжываліся на парцянкі, а вялікія малюнкі, пісаныя на палатне, драліся на доўгія кускі для абмотак».
У будынку былой шляхецкай сядзібы спачатку размяшчалася вучэбная ферма Інстытута сельскай гаспадаркі, пазней – дзіцячы інтэрнат. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяцей не паспелі вывезці. Фашысты ж выкарыстоўвалі дзяцей для сваіх мэтаў: бралі кроў для параненых салдат, ставілі вопыты.
Толькі ў пачатку 1944 года партызаны брыгады «Штурмавая» змаглі выратаваць дзяцей ад немцаў: за адну ноч незаўважна вывезлі іх (274!) на падводах (каля 60-70 падвод) у партызанскую зону і перадалі ў навакольныя вёскі ў сем’і. Аднак, на жаль, пры гэтым сядзіба была спалена… Толькі пасля вайны яна была адноўлена, праўда, ужо не ў такім выглядзе.
Комплекс знаходзіцца ў 12 кіламетрах ад Мінска.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram