Гісторыя Другой сусветнай вайны ў Беларусі – гэта трагедыя беларускага народу, разарванага паміж 2 злачыннымі рэжымамі, але ня толькі. У Менску, як і ў Беларусі ў цэлым, ладную частку насельніцтва складаў этнас, лёс якога стаў асабліва балючым у гэтыя часы. Але пачнем з больш даўняй гісторыі.
«Некалькі сталецьцяў таму назад жыды перабраліся ў наш край праз Заходнюю Эўропу і Польшчу. Да заняцьця нашага краю Расеяй, яны, апрача волі гандлю, рамесла і жыхарства ўсюды – і па вёсках – мелі яшчэ і сваё самаўпраўленьне – «кагал». Значнейшыя рэпрэсіі над імі ў нашым краі расейскім урадам былі паўзяты каля 1820 г., хаця ўжо зараз жа пасьля «брацкага» прылучэньня Беларусі да Масквы, што сталася пры апошнім разьдзеле Польшчы ў 1795 годзе, Беларусі надавалася роля жыдоўскага «гета».
Гэта пісаў тарашкевіцай беларускі патрыёт габрэйскага паходжання Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) у сваім артыкуле 1918 году, які так і называецца «Жыды на Беларусі», маючы на ўвазе «рысу аселасці» – уведзеную расейскімі ўладамі забарону перасяляцца габрэям з польскіх і беларускіх губерніяў імпэрыі ў расейскія губерніі, а таксама іншыя дыскрымінацыйныя законы.
Заўважым, што ў беларускай, як і ў польскай мове слова «жыд» не мае абразлівага значэння, і што яно стала ўспрымацца адмоўна як раз у выніку русіфікацыі беларускага насельніцтва.
«Жыды=бальшавікі»?
Крызіс, а потым крах Расейскай імпэрыі знішчылі муры вялізнага гета «мяжы аселасці», але ў Беларусі ў 1920-1930-я гады захаваўся і нават узмацніўся антысэмітызм – у асноўным з-за таго, што ўлада бальшавікоў стала для значнай часткі беларускага і мясцовага польскага насельніцтва асацыявацца з габрэямі.
Вось што пісаў у 1941 годзе пасля прыходу нямецкіх войск беларускі 18-гадовы хлопец Кастусь Ярмілаў, які ўсё жыццё пражыў пры савецкай уладзе і скончыў савецкую школу, у сваім дзённіку:
«Усё ж лепш немцы, чым жыды. Як згадаеш мінулыя гады, дык толькі адныя ссылкі ды тыя ж самыя расстрэлы ці яшчэ горш. Усю Украіну замарылі голадам».
Як мы бачым, гэты хлопец, які праз год стане антыфашыстам і будзе расстраляны за падпольную дзейнасць нямецкай паліцыяй, выкарыстоўвае слова «жыд» як сінонім слова «камуніст». Нажаль, многія ягоныя аднагодкі-беларусы рабілі тую ж памылку.
Калі нацысты прыйшлі ў Менск, яны зрабілі стаўку на пашырэнне і ўзмацненне антысеміцкіх настрояў. Адным са спосабаў эксплуатацыі, дыскрымінацыі, адасаблення і ў выніку знішчэння людзей стала стварэнне гета – раёна гораду, у якім жылі толькі габрэі.
На вуліцы Астроўскага ў Менску – быў адзін з 2 уваходаў у гэты — зачынены для іншых жыхароў Менску раён, межы каторага праходзілі па: Калгасным завулку, р.Свіслач, вуліцам Астроўскага, Рэспубліканскай, Шорнай, Калектарнай, Мебельным завулку, вул. Нізавой, 2-м Апанскім завулку і Заслаўскай вуліцы.
На тэрыторыю прыкладна ў 2 квадратныя кіламетры ў ліпені 1941 году нямецкая ўлада загадала перасяліцца 80.000 чалавекам. З гэтага раёну павінны былі выселіцца ўсе не-габрэі, а на іхнае месца засяліцца ўсе габрэі Менску – больш за чвэрць даваеннага насельніцтва гораду. Спачатку паміж жыхарамі адбываўся звычайны абмен жыллём, але потым пад ціскам немцаў габрэйскае насельніцтва пачало проста кідаць свае дамы і прыходзіць у гета, бо жыць па-за межамі гета было забаронена пад страхам смяротнага пакарання.
Для рассялення жыхароў і арганізацыі ўнутранага жыцця гета немцы пастанавілі стварыць орган унутранага самакіравання – юдэнрат – 2-павярховы будынак якога знаходзіўся на Юбілейнай плошчы. Беларуская гарадзская ўправа павінна была заняцца рассяленнем жыхароў, якія пераязджалі з раёну будучага гета ў вольную частку гораду.
Гаспадарамі жыцця і смерці ўнутры гета сталі органы СС (ахоўныя атрады нямецкай нацыстоўскай партыі), якія наўпрост давалі загады і ставілі ўмовы юдэнрату – патрабуючы здачы грошаў і каштоўных металаў. Юдэнрат арганізоўваў парадак у гета з дапамогай узброенай палкамі габрэйскай паліцыі.
Тэрыторыя гета была абнесеная калючым дротам і па перыметры патрулявалася нямецкай і беларускай паліцыяй – нацыстоўская прапаганда пераконвала беларусаў, што габрэі ня толькі бальшавікі і звязаныя з НКВД, але і ёсць адной з крыніцаў звычайнай крымінальнай злачыннасці.
Усе жыхары гета мусілі нашыць на вопратку жоўтыя кругі ці зоркі, каб іх было адразу бачна сярод іншых менчукоў, таксама – белую нашыўку з нумарам будынка пражывання – усе дамы ў гета атрымалі новую нумарацыю ад №1 да 273.
Адначасова ў горадзе і не ў горадзе
«Вакол гета вырас дротавы плот. Выхад і ўваход – толькі з канваірам. Кожны дзень новыя загады. За невыкананне адно пакаранне – расстрэл… Хадзіць толькі па цэнтру вуліцы, строем і пад канвоем. Зранку – на працу, вечарам змучаныя, галодныя – у гета», – пісаў Яфім Тунік, якому ў той час было ўсяго 13 год.
Цяжка ўявіць сабе, як жыццё ў гета адразу падзяліла Менск на два светы – свет, дзе ідзе хоць ваеннае, але жыццё звычайнага гораду, і іншы свет, дзе, здаецца, нават сонца ня так ярка свеціць.
«Кажуць, фронт ужо за Смаленскам. Вечарамі да нас даносяцца гукі музыкі, працуе кіно. Няўжо людзі яшчэ могуць гуляць, глядзець кіно?.. Мы з тугой і цікавасцю глядзім за калючы дрот – там людзі ходзяць без нашывак, куды хочуць, смяюцца..», – пісаў хлопец.
Антысэміцкая палітыка нацыстаў не вырашыла аніводнай іхнай праблемы, але толькі стварыла новыя. Стварэнне гета пазбавіла Менск значнай колькасці дактароў, спецыялістаў, рамеснікаў, працоўных.
Многіх жыхароў гета цэлымі групамі перадавалі прамысловым прадпрыемствам, у выніку чаго там ствараліся сваеасаблівыя «міні-гета» – працоўныя жылі проста ў асаблівых памяшканнях на заводах ці майстэрнях.
Менавіта на важнасць габрэяў для гаспадаркі спасылаўся генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ, калі спрабаваў спыніць ці замарудзіць масавыя забойствы, якія праводзілі эсэсаўцы. Ён, канешне, як і ўсе нацысты, быў антысемітам, але ня быў фанатыкам і не лічыў, што габрэяў трэба забіваць.
«Ён праціўнік нашых антыгабрэйскіх акцый… Кубэ цалкам не падыходзіць да адміністратыўна-кіраўнічай дзейнасці і варожа ставіцца да СС і паліцыі, а таксама ў габрэйскім пытанні займае абсалютна немагчымую пазіцыю», – пісаў кіраўніку СС Генрыху Гімлеру начальнік службы бяспекі СС Эрых Штраўх з Менску.
Некалькі разоў эсэсаўцы праводзілі пагромы ў гета – каб знішчыць «лішніх» ці, верагодна, згодна са сваймі фантастычнымі ўяўленнямі пра «жыдабальшавізм», наказаць насельніцтва гета за дыверсіі савецкіх падпольшчыкаў і дыверсантаў.
Першы такі пагром адбыўся ўжо ў лістападзе 1941 году, перад тым, як у Менск прыбылі першыя цягнікі з габрэямі з Нямеччыны. Каб пасяліць новых людзей у гета, нацысты вырашылі знішчыць частку «лішніх».
Вось што ўбачылі новапрыбыўшыя: «Сотні трупаў пакрывалі зямлю. Паўсюль была кроў, на печах і на сталах яшчэ стаяла ежа, ва ўсіх памяшканнях суцэльны беспарадак. У памяшканнях не было ані святла, ані вады, ані шкла ў вокнах, ані абагрэву».
Нямецкіх габрэяў пасялілі ў 2 новых асобных гета з асобным юдэнратам. Усяго іх прыбыла, як лічаць гісторыкі, каля 25.000.
Смерць і памяць
Паступова жыхары гета сталі разумець, што ўсім ім нацысты наканавалі смерць, і што ў гета не атрымаецца перажыць вайну. Людзі сталі бегчы з гета, шукаць сувязі з сусветам за калючым дротам. Праўда, і пабег з гета не гарантаваў выжывання – савецкія партызанскія атрады часта таксама былі атручаныя антысэмітызмам, дый іхнае начальства з Масквы паведамляла, што быццам б габрэі, якія збеглі з гета – магчымыя агенты гестапа.
Вялікія пагромы ў гета адбыліся яшчэ двойчы – у сакавіку і ў ліпені 1942 году. Савецкія партызаны паведамлялі яшчэ пра некалькі пагромаў у 1941 і 1942 годзе, але сучасныя гісторыкі аспрэчваюць дакладнасць гэтых дадзеных. Магчыма, гэта былі аблавы і масавыя вобшукі, якія даволі часта праводзіліся эсэсаўцамі.
А ў кастрычніку 1943 года гета было цалкам знішчанае – часткова на месцы, у «Яме» на сучаснай вуліцы Мельнікайтэ, а часткова ў лагеры Трасцянец, тэрыторыя каторага зараз ужо знаходзіцца ў межах Менску. Сорамна, у гэтым злачынстве ўскосна ўдзельнічалі – бо атрымалі загад патруляваць межы гета – і некаторыя жаўнеры 13 беларускага паліцэйскага батальёну.
Пасля вайны ў «Яме» паставілі помнік. Аднак вельмі хутка аўтараў гэтага помніка арыштавалі і саслалі ў савецкія лагеры за «праяву габрэйскага буржуазнага нацыяналізма» – яны напісалі, што тут забівалі габрэяў, а не проста «мірных савецкіх грамадзян». Мерапрыемствы каля помніка Саветы праводзіць не дазвалялі.
У выніку нацысцкага генацыду габрэйскае насельніцтва Менску, якое не паспела збегчы з гораду, загінула амаль цалкам – лічыцца, што з 100.000 чалавек, якія патрапілі ў гета, выжыла ня больш за 2-3 адсоткі.
Цяпер у Беларусі яшчэ жывуць 74 вязня створаных нацыстамі ў розных беларускіх гарадах гета, з іх каля паловы – вязні Менскага гета.
«Бог даў мне памяць, а беларусы мяне ўратавалі, каб я змагла распавесці пра Менскае гета», – сказала ўчора ў сваім выступе на мемарыяльным мітынгу ў «Яме» Фрыда Рэйзман, адна з былых вязняў.
Змітрок Бядуля, якога я цытаваў напачатку гэтага артыкула, у 1918 годзе спадзяваўся на хуткае стварэнне беларускай незалежнай дзяржавы, у якой у сяброўстве будуць жыць беларусы, габрэі і людзі іншых народаў і веравызнанняў.
Нажаль, тады мара пра Беларускую Народную Рэспубліку не спраўдзілася. Гэта каштавала абодвум народам вельмі дорага ў ХХ стагоддзі, калі жыхароў Беларусі бальшавікі і нацысты аднолькава прыносілі ў ахвяру сваім антычалавечым планам.
Будзем спадзявацца, што на тым шляху, на які Беларусь выйшла ў 1991 годзе, калі здабыла незалежнасць, мы не забудзем гэтых ахвяраў.
***
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
***
Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!