Круглы стол па пытаннях культуры з удзелам беларускіх і польскіх культурных дзеячаў і арганізацый адбыўся на Касцюшкаўскім форуме ў Гданьску — прадстаўнічай падзеі, зладжанай Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Еўрапейскім цэнтрам «Салідарнасці» ў мэтах падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці.
У абмеркаванні беларуска-польскіх дачыненняў у сферы культуры бралі ўдзел: кіраўнік Фонду «Тутака» Павел Станкевіч, куратарка Вольга Кліп, рэжысёрка Мара Тамковіч, прэзідэнтка Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, прадстаўніца Беларускай Рады культуры Марыя А., дырэктарка праграм Музея гісторыі польскіх габрэяў Polin Іяланта Гумула, дырэктарка Willi Decjusza ў Кракаве Дамініка Каспровіч, намесніца дырэктара па камунікацыі і стратэгіі Еўрапейскага цэнтра «Салідарнасці» Магдалена Містат, намесніца кіраўніка департамента культуры Маршалкоўскай управы Паморскага ваяводства Беата Явароўска.
Мадэратаркамі сустрэчы выступалі: Эліна Калнібалоцкая (Беларуская Рада культуры) і Магдалена Харкін-Яшча (Еўрапейскі цэнтр «Салідарнасці»).
На сустрэчы падымаліся праблемы інтэграцыі і захавання ідэнтычнасці, працэс адладжвання механізмаў уключэння культурных дзеячаў у культурнае і мастацкае жыццё Польшчы, падтрымка меншасцяў, візавае пытанне, падтрымка старэйшых беларусаў.
Reform.news пабываў на сустрэчы і занатаваў выступленні большасці спікераў.

«Праблемы патрабуюць «зааркестраванай» палітыкі рознага кшталту»
Дамініка Каспровіч, дырэктарка Willi Decjusza ў Кракаве, сябра праўлення сеткі ICORN, прафесарка
— Працуючы ў Ягелонскім універсітэце, у тым ліку са студэнтамі, якія прыязджаюць з Беларусі па праграме Каліноўскага, кожны дзень магу назіраць выклікі, з якімі яны змагаюцца. Якраз такія выклікі, якія стаяць перад намі як краінай, і беларускай дыяспарай, гэта пытанне гісторыі, пытанні барацьбы за правы чалавека.
Калі я думаю пра гісторыю Беларусі, пра тое, з чым беларусы змагаюцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, мне прыходзіць на думку некалькі прозвішчаў. Найперш — Святлана Алексіевіч, але таксама — Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута, Таццяна Нядбай. Яшчэ некаторыя асобы, якіх маю шчасце ведаць і магу назваць сваімі сябрамі. І гэтыя людзі ў апошнія гады найбольш расказалі нам пра тое, што варта зрабіць — палякам, дырэктарам інстытуцый культуры, менеджарам культуры, каб мы маглі сабе і ім дапамагчы…
Калі паглядзець на нядаўнюю польскую гісторыю, то такія выклікі, як бюракратычныя і юрыдычныя цяжкасці, звязаныя з побытам, легалізацыяй, працаўладкаваннем, пытаннямі існуючай або неіснуючай палітыкі інтэграцыі, пытанні грамадзянства і прызнання кваліфікацыі, адукацыі, пытанні звязаныя са статусам мастака, асабліва калі ён не мае польскага грамадзянства… Пытанні, звязаныя з арганізацыяй уласнай прадпрымальніцкай дзейнасці, моўнае пытанне, культурная адаптацыя — гэтых праблем, сапраўды, шмат. З аднаго боку, ты ўладкоўваеш жыццё ў краіне, якая цябе прымае, з іншага, змагаешся за захаванне культурнай ідэнтычнасці… І з гэтымі выклікамі сутыкаюцца не толькі беларусы, але палякі, якія выязджаюць на захад.
Якія з гэтага можна зрабіць высновы?

Мы — палякі, як грамадства, што прымае ўцекачоў, маем вялікі патэнцыял, каб грунтоўна арганізаваць альбо дапамагчы арганізаваць [працэс інтэграцыі] дзеля агульнага дабра.
Прыязджаючы да Цэнтра «Салідарнасці», немагчыма не гаварыць пра салідарнасць і асновы салідарнасці. Усе вышэйпералічаныя праблемы патрабуюць «зааркестраванай» палітыкі рознага кшталту не толькі з боку Польшчы, а таксама і ад людзей з досведам эміграцыі. І на тым полі інстытуцыі культуры маюць асаблівае значэнне.
Інстытуцыі культуры павінны ствараць бяспечную прастору, каб адаптаваць чужы досвед. Паводле свайго ўставу інстытуцыі культуры скіраваны на супрацу у грамадстве з дапамогай сваіх крэатыўных інструментаў. Яны за гэта адказваюць.
Існуе такая мадэль, якая называецца адкрытай мадэллю кіравання, якая шмат разоў ажыццяўлялася ў розных прасторах і ў розных галінах. І менавіта такі спосаб кіравання інстытуцыямі культуры, якія часам з’яўляюцца вельмі забюракратызаванымі арганізацыямі, робіць іх больш эфектыўнымі.
Ёсць некалькі ўзроўняў, на якіх гэтую адкрытую мадэль можна, а часам нават трэба рэалізоўваць. Ад працэсу ўключэння ў каманду чалавека з розным вопытам, у тым ліку бежанца, мігранта, праз сумеснае стварэнне праграм, стасункаў, якія ўлічваюць пераадоленне моўных бар’ераў, да, нарэшце, уступленне ў такія міжнародныя партнёрскія адносіны, якія дапамагаюць гэтай адкрытай мадэлі кіравання функцыянаваць.
Я магла б прачытаць тут лекцыю на паўтары гадзіны аб гэтым адкрытым кіраванні, але рэкамендую вашай увазе матэрыялы, якія можна знайсці ў Інтэрнэце. Гэта адкрытая мадэль можа быць крыніцай натхнення для тых дырэктараў, новых асобаў, якія толькі занялі кіраўнічыя пасады, каб па-іншаму зірнуць на структуру ўстановы, якой яны кіруюць. Ёсць некалькі такіх прыкладаў у Польшчы. Віла Дэцыюша ёсць такім прыкладам.
Далей, міжнароднае супрацоўніцтва. Ёсць некалькі варыянтаў. Не з’яўляецца вялікай праблемай уключыць у запланаваныя прапановы такі парытэт, у якім нашы праекты, нашы праграмы будуць даступныя для людзей, якія ўносяць новую оптыку, маюць іншы пункт гледжання або проста змагаюцца за тое, каб захаваць сваю мову, культуру, змагаюцца за сябе як творцаў у цалкам новай прасторы, што, у рэшце рэшт, па-вар’яцку складана.
Нават праграма Creative Europe дазваляе беларускім грамадзянам пры ўмове, што яны легальна знаходзяцца на Шэнгенскай тэрыторыі, прэтэндаваць на такія магчымасці.
Я рэкамендую таксама ўступаць у партнёрскія адносіны ў міжнародных сетках, напрыклад, у берлінскі Allians of Academies, еўрапейская сетка, якая аб’ядноўвае каля 80 інстытуцый культуры, галерэй, цэнтраў культуры, якая мае ўласную оптыку і ахвотна ўлучае людзей з мігранцкім досведам.
І напрыканцы. Што важнага для міжнароднага супрацоўніцтва могуць зрабіць установы культуры, асабліва буйныя, — гэта актыўна лабіраваць змены крытэрыяў удзелу ў конкурсах рознага ўзроўню, не толькі міністэрскіх, але міжнародных, змены, якія могуць служыць таму, пра што мы сёння размаўляем. Усё гэта дапаможа стварыць такую прастору, у якой мы не канкуруем, а ідзем да мадэлі, якую я называю міжзлучэннем — такі абмен, які ўзаемна ўмацоўвае нас. На працягу дзевяці гадоў мы робім гэта ў Кракаве, у Вілы Дэцыюша. І я ўпэўнена, што гэта магчыма і ў больш шырокім маштабе.
«Адна з тэрміновых праблем — праблема гуманітарных віз для беларусаў у Грузіі»
Таццяна Нядбай, прэзідэнтка Беларускага ПЭНа
— Для мяне гонар быць тут сёння і зрабіць свой унёсак у гэтую важную дыскусію. Я выступаю тут не толькі як прадстаўніца Беларускага ПЭНа, але і як прадстаўніца Беларускага Дома правоў чалавека.
На 31 студзеня 2025 года як мінімум 168 дзеячаў культуры, у тым ліку не менш за 37 Людзей Слова, застаюцца пазбаўленымі волі – альбо за кратамі, альбо пад хатнім арыштам.
Кааліцыяй культурніцкіх арганізацый быў распрацаваны дакумент «Рэкамендацыі і найлепшыя практыкі», якія могуць быць базай для рэкамендацый па культурных правах і падтрымцы беларусаў — дакумент даступны ў друкаваным выглядзе і анлайн.

Адзін з ключавых раздзелаў тычыцца таго, што іншыя краіны могуць зрабіць, каб падтрымаць беларускую культуру і дзеячаў культуры. Адзначу некалькі з рэкамендацый:
- Працяг палітычнага ціску на ўлады Беларусі, каб спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў з ліку дзеячаў культуры (і іншых).
- Фінансавую і інстытуцыйную падтрымку культурных праектаў як унутры Беларусі, так і ў эміграцыі.
- Спрашчэнне працэдур легалізацыі для беларускіх дзеячаў культуры ў выгнанні, у тым ліку магчымасць атрымання відаў на жыхарства і спрошчанага прызнання дакументаў.
- Павелічэнне намаганняў па абароне беларускай мовы ў міжнародных праграмах.
Мы адкрытыя для далейшых дыскусій і гатовыя сустракацца і абмяркоўваць як самі рэкамендацыі, так і іх магчымую рэалізацыю.
Далей я спынюся на некалькіх актуальных і тэрміновых праблемах, не разгорнутых у рэкамендацыях.
Першая праблема — гэта праблема гуманітарных віз для беларусаў у Грузіі.
Як вы, магчыма, ведаеце, у Грузіі жыве каля 12 500 беларусаў. Многія з іх уцяклі ад рэпрэсій, але атрымаць міжнародную абарону ў Грузіі амаль немагчыма — ужо было больш за 80 адмоў і ніводнага станоўчага рашэння.
Іх пашпарты, выдадзеныя на 10 гадоў, хутка скончацца, і без іх яны не змогуць перасекчы мяжу ці атрымаць юрыдычны статус. Многія з гэтых людзей імкнуцца выехаць у Польшчу, якая зрабіла найбольш для падтрымкі беларусаў — за што мы вельмі ўдзячныя. Аднак польскі кансулат у Грузіі сістэматычна адмаўляе ў гуманітарных візах, нават былым палітвязням і праваабаронцам.
Гэта праблема, якая не церпіць адкладаў — без тэрміновых дзеянняў гэтыя людзі неўзабаве застануцца без юрыдычных дакументаў. Я заклікаю прыняць палітычнае рашэнне, каб вырашыць гэтую праблему, і гатовая больш падрабязна абмеркаваць яе па-за межамі гэтага круглага стала.
Другі пункт — крызіс адукацыі на беларускай мове для беларускай меншасці ў Польшчы.
Цягам больш за 70 гадоў беларускія школы ў Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы адыгрывалі важную ролю ў захаванні мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці. Выпускнікі гэтых школ былі лідарамі барацьбы за вольную і дэмакратычную Беларусь. Аднак з 2022 года, у выніку памылковай інтэрпрэтацыі закона аб адукацыі Міністэрствам адукацыі, гэтыя школы знішчаюцца.
Гэта парушае канстытуцыйныя правы беларускай меншасці на адукацыю на роднай мове. Калі гэтыя працэсы працягнуцца, гэта прывядзе да поўнай ліквідацыі беларускіх школ у Польшчы, што стане пагрозай культурнай і моўнай ідэнтычнасці польскіх беларусаў.
Гэтае пытанне ўжо ўзнята Амбудсмэнам Польшчы, а сёння тут прысутнічаюць Анатоль Вап і Ілона Карпюк з Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, якія могуць расказаць пра сітуацыю больш падрабязна.

Трэцяе — падтрымка старэйшых беларусаў у выгнанні.
Нарэшце, я хачу звярнуць увагу на гуманітарную праблему, якая патрабуе тэрміновага рашэння — адсутнасць падтрымкі беларусаў пенсійнага веку ў выгнанні. Сярод іх ёсць дзеячы культуры, пісьменнікі, журналісты з істотным даробкам.
Многія з іх не могуць працаваць (не могуць быць паўнавартаснымі ўдзельнікамі рынку працы) і не маюць доступу да медыцынскага страхавання. Гэта людзі, якія маюць вялікі культурны і прафесійны ўнёсак, але сёння яны пад пагрозай беднасці і нават заўчаснай смерці з-за адсутнасці базавай падтрымкі.
Гэта не толькі сацыяльная праблема, але і культурная. Калі мы забяспечым ім годныя ўмовы жыцця, яны змогуць працягваць увасабляць сваю місію і ўзбагачаць беларускую культуру і яшчэ шмат зрабіць для нашай супольнай справы.
Заклікаю нас усіх падумаць, як мы можам дапамагчы.
Калі мы кажам пра падтрымку беларускай культуры, гэта не пра забавы. Гэта не толькі канцэрты, фестывалі ці народныя спевы — гэта каштоўнасці і структура, якая гарантуе стабільнасць любых дэмакратычных пераменаў.
Падтрымка культуры — гэта стварэнне імунітэту да прапаганды, да фальсіфікацыі гісторыі і рэчаіснасці, да экспансіі «рускага міру» і яго ідэалогіі, якая апраўдвае вайну ва Украіне.
Гэта інвестыцыя ў будучыню, дзе людзі робяць свядомы і дэмакратычны выбар. І сёння гэта важней, чым калі-небудзь. Таму калі мы гаворым пра падтрымку культуры, давайце разумець: мы гаворым пра доўгатэрміновае выжыванне дэмакратыі.
«Ёсць разуменне таго, што найважнейшае — ідэнтычнасць»
Магдалена Містат, намесніца дырэктара па камунікацыі і стратэгіі Еўрапейскага цэнтра «Салідарнасці»
— Заўсёды кажуць, што медыя ёсць чацвёртай сілай, але і культура можа быць таксама чацвёртай сілай. Гэта незвычайны інструмент, дзякуючы якому можна змяняць парадак рэчаў.
Сёння на нас ляжыць вялікі абавязак, каб знайсці рашэнне [якое дапаможа], але перадусім важна ўвесь час адсочваць дзейнасці і патрэбы беларусаў. Важна засяродзіцца на тым, што мы можам зробіць у самакіраванні, інстытуцыях культуры.
Мы знаходзімся ў Гданьскім цэнтры «Салідарнасці», таму нагадаю пра дарогу, якой мы ідзем колькі гадоў. Калі мы толькі занялі гэты будынак, мы вырашылі правесці імпрэзу, якая называлася «Салідарныя з Беларуссю». Гэта былі сустрэчы, на якія мы запрашалі прадстаўнікоў культуры, дэмакратычнай Беларусі, перад тымі выбарамі, на якіх стала лідаркай Святлана Ціханоўская, вядомая цяпер у цэлай Еўропе. Сёння мы ўсведамляем, якая кароткая гэта дарога, якую мы прайшлі, у кантэксце таго, што яшчэ патрабуецца.

На ўваходзе да гэтага будынка ўжо пяць гадоў на знешняй галерэі ёсць партрэты тых людзей, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі. А некаторых ужо няма. Таксама маем пачуццё, што не ўдалося нам моцна, культурна паўплываць на тое, каб можна было тую выставу зняць. І гэта выстава будзе вісець, пакуль тыя людзі не стануць вольнымі.
Што важна — гэта сіла, якая ў нас ёсць. Працуе падтрымка адукацыйнай прасторы, але на нашу думку, гэтага мала. Што можна зрабіць, каб вынікі былі бачнымі, накіраванымі на канкрэтныя патрэбы?
У такіх інстытуцыях, як наша, вельмі цяжка ўзяць на працу замежнікаў. На шчасце, горад Гданьск пастаянна выпрацоўвае разам з польскім урадам як у самакіраваных інстытуцыях можна легальна ўзяць на працу замежнікаў. Гэта адміністрацыйнае пытанне. Ёсць мноства правіл, якія не функцыянуюць у нашых штодзенных адносінах. Але ў справаводстве яны ёсць. Не хочам ламаць права, дапамагаючы. Але мы хочам змяніць правіла, каб дапамога была згодна з правам.
Напісала сабе шмат прыкладаў, але засяроджуся толькі на двух.
Прастора да супрацы: культура і мастацтва, адукацыя. Прастора ключавая не толькі для размовы пра дэмакратыю ў Беларусі і Украіны, але і ў Еўропе і ў свеце, калі паглядзець, што робіцца ў ЗША. Сёння тут прысутнічае амбасадар Канады. На пытанне, як справы, адказаў, што ніколі не быў так змабілізаваны, каб змагацца за сваю ідэнтычнасць.
У варунках небяспекі сёння адзіным рашэннем, якое нас аб’яднае, ёсць разуменне таго, што пытанне ідэнтычнасці ёсць найважнейшым.
Я называю адукацыю, культуру. А яшчэ тэхналогія, інавацыя, дэзінфармацыя. Гэта абшар, які нават у культуры з’яўляецца небывалым выклікам. Каб тое, пра што сёння размаўляем, было расказана праўдзіва і без фальшу.
Напрыканцы адна рэч, якая мне асабліва дарагая. Сем гадоў мы арганізуем Дзень волі — 25 сакавіка. Усведамляем, якое гэта важнае свята для беларусаў, як ненавідзіць яго дыктатар Лукашэнка. 25 сакавіка 1918 года — ужо тады Беларусь была дзяржавай на шляху да дэмакратыі. Праз некалькі месяцаў у тым жа годзе Польшча атрымала сваё свята незалежнасці — [11 лістапада 1918 года].
У гэтым годзе будзе 35 гадоў часткова вольных выбараў у Польшчы, і я спадзяюся, што беларусам таксама атрымаецца арганізаваць сваё свята не першых і не частковых, але праўдзівых выбараў, па-сапраўднаму і не адзін раз. І таксама праз культуру, і мастацтва, і тэхналогію, і адукацыю можна будзе ўзмацніць дэмакратыю ў Беларусі.

«Культура — скразная каштоўнасць, якая аб’ядноўвае і захоўвае нацыю»
Марыя А, прадстаўніца Беларускай Рады культуры
— Некалькі словаў пра кантэкст, у якім дзейнічаюць сёння ўсе беларускіх арганізацыі грамадзянскай супольнасці, і Беларуская Рада культуры з 2020 года. Гэта — рэпрэсіі, ціск на дзеячаў культуры, арышты, і пазбаўленне права на імя нават пасля высылкі з краіны.
Але ў Беларускай Рады культуры ўжо ёсць паспяховы досвед адвакацыі ўсёй сферы беларускай культуры на міжнародным узроўні. Гэта маштабная двухгадавая праграма ArtPower Belarus, якая рэалізуецца сумесна з Дацкім інстытутам культуры і сталася вынікам доўгага працэсу адвакацыі важнасці падтрымкі беларускай культуры на ўзроўні Еўрапейскага Саюза. Дзякуючы ёй атрымалі падтрымку 83 творчыя праекты беларускіх дзеячаў і 57 мабільнасцей.
Узгадаю тут і праграму Octopus, скіраваную на падтрымку школьнай адукацыі беларусаў, і праграму падтрымкі грамадзянскай супольнасці The Belarus Beehive civil society support program.
Сярод важных кірункаў працы Беларускай Рады культуры — і працэс ацэнкі патрэбаў усёй сферы культуры. Мы арганізавалі яго летась і ладзім сёлета сумесна з партнёрскімі культурнымі арганізацыямі. Дарожная мапа — вынік гэтай працы. У гэтым дакуменце ўлічаны ключавыя выклікі, якія стаяць перад сектарам, і абаснавана неабходнасць усестаронняй патрымкі з боку еўрапейскіх інстытутаў.
Дарожная мапа падтрымкі беларускай культуры на 2025-2027 гады заснаваная на выніках апытанння з удзелам каля сотні дзеячаў культуры, а пры яе складанні ўлічваўся досвед працы і высілкі дзясяткаў арганізацый. Акцэнт тут робіцца на наступных напрамках:
- роль культуры ў грамадстве,
- культурныя правы,
- рэалізацыя патэнцыялу суб’ектаў і роўны доступ да рэсурсаў,
- каардынацыя паміж арганізацыямі, пабудова цэласнай культурнай палітыцы,
- пашырэннк дыялогу і міжнародных кантактаў.
Гэта глыбокая праца ўжо была прадстаўлена на высокім узроўні ў Бруселі. У выніку аналагічнага працэсу такая дарожная мапа ствараецца і сёлета. У Беларускай Рады культуры ўжо ёсць досвед працы над падобнымі дакументамі, таму мы гатовыя каардынаваць працэс ацэнкі патрэбаў беларускіх суб’ектаў у Польшчы, каб наша супрацоўніцтва было больш мэтанакіраваным, дакладным і эфектыўным.
З гісторый поспеху мне хацелася б узгадаць дыялог паміж Люблінам і Беларускай Радай культуры. У верасні 2024 года Люблін перамог у конкурсе на званне Еўрапейскай культурнай сталіцы 2029 года. У сваёй заяўцы Люблін улічыў інтарэсы жыхароў Беларусі і прапанаваў канкрэтныя дзеянні па развіцці і прасоўванні беларускай культуры. Дадзеная заяўка была распрацавана сумесна з Беларускай Радай культуры.
Вельмі важна прасоўваць ідэю пра тое, што культура — гэта скразная каштоўнасць, якая аб’ядноўвае і захоўвае нацыю. Наша аўдыторыя — палітыкі, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, і з дапамогай метадаў адвакацыі і лабіравання мы працуем з донарскімі структурамі. І вельмі прыемна, што ў нядаўняй афіцыйнай заяве Еўрапейскай службы знешніх уздзеянняў адным з ключавых элементаў з’яўляецца падтрымка грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных палітыкаў у выгнанні і беларускай культуры.
Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць — аснова бяспекі ў рэгіёне і незалежнасці Беларусі. Я не вельмі люблю пускаць «рускі свет» у сваё паведамленне, але тут, на жаль, прыходзіцца гэта рабіць. Бо ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў — ключавы супраціў расійскаму ўплыву.
Таму важна падтрымліваць праекты, якія развіваюць нацыянальную самасвядомасць праз культуру, мову і гісторыю.
Да іх датычацца, напрыклад:
- стварэнне праграм і праектаў, якія робяць нацыянальную ідэю даступнай да шырокай аўдыторыі (адукацыйныя матэрыялы, выставы, медыяпраекты);
- арганізацыя сумесных фестываляў і мерапрыемстваў у Польшчы для дэманстрацыі моцнага вобразу беларускай культуры;
- стварэнне праграм для перакладчыкаў з польскай і беларускай мовы.
У ліку прыярытэтаў — і падтрымка прасоўвання Беларусі на міжнароднай арэне. Хоць мы жывем побач, маем агульную гісторыю і мяжу, беларусы і палякі мала ведаюць адно пра аднаго. Таму важнымі стануць медыяпраекты-знаёмствы. Аб культурных медыя і неабходнасці іх падтрымкі можна казаць асобна і вельмі доўга. Рэальнасць, якую яны ствараюць, альтэрнатыўная дзяржаўнай прапагандзе, з’яўляецца моцным антыподам ад шкодных наратываў, якія распаўсюджвае рэжым.
Яшчэ адзін істотны пункт — падтрымка беларускай культуры як унутры краіны, так і за мяжой. Гаворка ідзе аб творчай інтэграцыі беларускіх мастакоў у Польшчы (без асіміляцыі і распускання) і аб спецыяльных праграмах падтрымкі праектаў, якія дазваляюць жыхарам Беларусі захоўваць сваю ідэнтычнасць і доступ да незалежнай культуры: выставы, перформансы, адукацыйныя праграмы.
Што датычыцца шляхоў судакраняння беларускай і польскай культур, то эфектыўным спосабам магла б стаць інтэграцыя субкультур: умоўна звадзіць металістаў з металістамі, стэндэп-комікаў са стэндап-комікамі. І не блытаць металістаў са стэндап-комікамі проста таму, што яны беларусы.
Бяспека — адна з важнейшых умоваў. Нават знаходзячыся ў Польшчы, беларусы не заўжды могуць адкрыта наведваць мерапрыемствы на беларускіх пляцоўках (яны часта палітызаваны). Таму каб захаваць беларускую публіку, можна падумаць аб праграме адкрыцця дзвярэй для беларусаў польскімі арганізацыямі і польскімі пляцоўкамі.
«Этнанацыянальная меншасць мае магчымасць стаць мостам у культурным дыялогу»
Павел Станкевіч, кіраўнік фонду «Тутака» на Падляшшы
— Беларусы не апынуліся ў Польшчы знянацку ў 2020 годзе. Але я маю ўражанне, што менавіта так мяркуе большасць польскага грамадства. Не дапамагае рост у Польшчы цікавасці да Падляшша, дзе людзі размаўляюць так «смешна», як у фільме «Sami swoi» ці ва ўсёй серыі «U Pana Boga za piecem, w ogródku» і ва ўсіх іншых магчымых месцах. Не дапамагае прыгожы лозунг «Шматкультурнае Падляшша», бо гэта проста лозунг на фоне двух мячэцяў і некалькіх праваслаўных цэркваў. І сінагогі. Пустой, вядома. І нават на Падляшшы, калі я кажу, што я беларус, людзі з жывой цікаўнасцю пытаюцца, калі я прыехаў ці як даўно жыву ў Польшчы, бо выдатна размаўляю па-польску.

Беларусы маюць тысячагадовую гісторыю на тэрыторыі сучаснай Польшчы, і нават больш, калі казаць пра пераемнасць археалагічных культур. Нягледзячы на неаднаразовыя патрабаванні, у школах Падляшскага ваяводства не толькі не вывучаюць нацыянальныя і этнічныя меншасці, але і не вывучаюць рэгіянальную гісторыю. Беластоцкія вучні не ведаюць, што адбывалася ў Беластоку ў ХХ стагоддзі, не кажучы ўжо пра стагоддзі ранейшыя. Тое самае датычыць і ўсяго Падляшша. Адсюль і той шок, што выклікалі прадстаўнікі Падляшша — Niczos i Swada, заспяваўшы на не польскай мове падчас адборачнага тура «Еўрабачання».
Вядома, польскае грамадства вельмі часта захапляецца тым, што прыходзіць з усходу (бо яно такое «містычнае і арыентальнае»), але не мае элементарных ведаў на гэтую тэму. І таму паддаецца ўздзеянню расейскай прапаганды і маніпуляцыям «вялікім адзінствам усіх славян». Не дапамагае і тое, што большасць польскіх культурных праграм патрабуе альбо падкрэслівання польскасці, альбо цвёрдага вызначэння прыналежнасці да меншасці. Змешванне гэтых паняццяў і вядзенне сумеснай нарацыі прадугледжваецца рэдка. Я не бачу тут злога намеру, але бачу адсутнасць стратэгіі, як распавядаць пра нашу агульную спадчыну. Хіба што набліжаюцца выбары…
Беларуская культура — гэта таксама здабытак сучаснай польскай дзяржавы. Так я разумею нацыянальную спадчыну і зычу такога грамадзянскага і культурнага выхавання нашым будучым пакаленням. Без такога разумення сацыяльных працэсаў мы і надалей будзем жыць у небяспецы, што пры ўзмацненні знешніх пагроз і ўнутраных нацыяналістычных тэндэнцый мы хутка апынёмся ўцягнутымі ў вір гісторый пра пятую калону і сепаратызм. Мелі такі прыклад на пачатку міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы, калі адну з актывістак, якая ратавала людзей у лесе, дзяржаўнае тэлебачанне хутка абвясціла паплечніцай Лукашэнкі, бо яна казала адкрыта, што ёсць з беларускай меншасці.
Кожная этнанацыянальная меншасць мае магчымасць стаць мостам у культурным дыялогу. Важную ролю ва ўзаемным тлумачэнні польскай і беларускай культур можа адыграць беларуская меншасць у Польшчы. Узгадаваныя адначасова ў беларускай і польскай культуры, беларускія гісторыкі і пісьменнікі з Польшчы адыгрываюць важную ролю ў знаёмстве польскай грамадскасці з творамі беларускай літаратуры і беларускім поглядам на ўласную і агульную гісторыю. У сферы высокай культуры аб гэтым сведчаць агульнабеларускія літаратурныя прэміі, уручаныя Міхалу Андрасюку і Ганне Кандрацюк-Свярубскай. У беларускай гістарыяграфіі існуе паняцце «беластоцкай гістарычнай школы», адной з трох, акрамя мінскай і гродзенскай, што сведчыць аб яе аўтарытэце. Працы беларускіх гісторыкаў з Беласточчыны выдаваліся шматтысячнымі накладамі, прычым, варта адзначыць, выключна па-за афіцыйным абаротам.
Польшчы не можа быць усё роўна, мяжуе яна з Беларуссю ці Расіяй. Паланізацыя беларускай нацыянальнай меншасці на заходнім баку мяжы разам з русіфікацыяй на яе ўсходнім баку служаць менавіта гэтай мэце.
Тут я бачу магчымасці і, на мой погляд, адзіны шлях для паспяховага культурнага супрацоўніцтва: калі мы сапраўды захаваем і дамо магчымасць развівацца «нашым» беларусам, раскажам пра нашу агульную (часам няпростую) гісторыю і ідэнтычнасць польскай дзяржавы, незаменным кампанентам якой з’яўляюцца, між іншым, беларусы, то пабудуем сучаснае грамадства, вольнае ад комплексаў. Развіццё беларускай ідэнтычнасці ў Польшчы — гэта таксама магчымасць для Беларусі.

Сучасная Рэспубліка Беларусь не зацікаўленая ў пабудове сваёй нацыі і сваёй адметнасці ад Расейскай імперыі. У нашых інтарэсах мець за ўсходняй мяжой краіну з грамадзянамі, якія разумеюць, што мы маем больш падабенстваў, чым адрозненняў, што ў нас ёсць агульная спадчына і агульная еўрапейская будучыня. Беларуская дыяспара таксама мае патрэбу ў захаванні сваёй ідэнтычнасці. У адваротным выпадку яна будзе гетаізаваная ў Польшчы, а асіміляцыя (працэс, шкодны сам па сабе) будзе павярхоўнай. Яна будзе працягваць задавальняць свае культурныя і сацыяльныя патрэбы, спажываючы расейскі ці расейскацэнтрычны кантэнт.
Тое, пра што я так цьмяна кажу, гэта культурная і грамадзянская адукацыя — мы павінны працаваць дзеля разумення сучасных нацый і межаў як нацый палітычных, у якіх меншасці і новыя супольнасці будуць працаваць дзеля агульнай карысці і фармаваць яе, абапіраючыся на агульныя каштоўнасці.
Таксама мусім разумець саму беларускую міграцыю. Гэта не міграцыя, выкліканая вайной, калі перасяляць трэба ўсіх. Беларусь пакідаюць тыя, хто быў найбольш актыўны ў 2020 годзе. Сама рэвалюцыя — гэта рэвалюцыя з моцным ідэалагічным падмуркам, эканоміка не адыгрывала тут вялікай ролі. Таму цяпер маем у Польшчы шмат рашучых, часта добра адукаваных людзей. Людзей, якія ў Беларусі дасягнулі поспехаў, займелі рэпутацыю, пабудавалі кар’еру. Гэтыя людзі маюць прагу да творчасці. Гэта неверагодны патэнцыял, які цяпер хоча ствараць і працаваць у Польшчы.
Тут варта ўзгадаць пра беларускіх творцаў, якія, прыехаўшы ў Польшчу, сышлі з нацыянальнай сцэны. Гэта псіхалагічны шок. Аднак гісторыі асобных людзей сведчаць, што нягледзячы на балючае падзенне, сёння яны ўліваюцца ў польскае грамадства, каб выжыць, выконваюць самую звычайную працу і, нягледзячы ні на што, не падаюць духам і займаюцца мастацтвам. Гэта каштоўныя педагогі ў галіне мастацтва, свядомыя артысты, цудоўныя асобы, з якімі варта сябе супаставіць. Нягледзячы на моўныя абмежаванні, гэты патэнцыял можна выкарыстоўваць для агульных мэт. Больш за тое, беларускія творцы паходзяць з надзвычай шматкультурнага асяроддзя. Народжаныя на ўскраіне колішняга Савецкага Саюза, яны разумеюць, што значыць міжнароднае, шматкультурнае асяроддзе, якое, насуперак уяўленням, для мовы мастацтва можа аказацца надзвычай блізкім у кантэксце разнастайнасці, якую прапануе Еўрапейскі Саюз.
Сёння менавіта Польшча нясе галоўную адказнасць за захаванне нашага агульнага мінулага, сучасных культурных сувязяў і, бясспрэчна, нашай супольнай будучыні. Таксама гэта ёсць у інтарэсах тых, хто, жывучы пакаленнямі ў Беларусі, адчувае сябе палякам. Я мару, што яшчэ пры гэтым жыцці з’езджу ў вандроўку ў недалёкае ад Беластока Гродна, стану паміж Старым і Новым замкамі, пагляджу на Нёман і ўздыхну: «А прыгожае гэтае нашае Гродна». І ніхто не запатрабуе ўдакладнення: «Нашае? Значыць чыё?». Яно ёсць папросту нашае.
«Супраца беларускіх талентаў з польскай індустрыяй мае яшчэ большы патэнцыял»
Мара Тамковіч, кінарэжысёрка, сябра Беларускай незалежнай кінаакадэміі
— Я прадстаўляю Беларускую незалежную кінаакадэмію, але таксама з’яўляюся чальцом Польскай гільдыі рэжысёраў і працую ў польскай кінаіндустрыі больш за дзесяць гадоў. Хоць у гэтыя няпростыя часы на розум прыходзіць слова «выклік», я хачу засяродзіцца на магчымасцях, якія могуць стаць асновай для ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва.
Мой поўнаметражны дэбютны фільм «Пад шэрым небам», які распавядае гісторыю, што адбываецца ў кантэксце беларускага пратэста 2020 года, быў зняты польскай прадзюсарскай кампаніяй і суфінансаваны Польскім інстытутам кіно. І стаў не толькі выдатным інструментам, каб даць голас журналістам, якія трапілі ў турму за адлюстраванне праўды, але і меў поспех на мясцовым узроўні тут, у Польшчы (фільм быў прызнаны «Найлепшым дэбютам» на Фестывалі польскага кіно ў Гдыні), але і на міжнародным (яго сусветная прэм’ера адбылася на прэстыжным фестывалі ў Нью-Ёрку Tribeca).

Кіно — надзвычай моцны інструмент фарміравання меркаванняў гледачоў, сродак масавай інфармацыі з вялікім патэнцыялам для ахопу вялікай аўдыторыі. Гэта цудоўна разумее рэжым у Беларусі, укладываючы шмат рэсурсаў у вытворчасць прарасійскіх, антыеўрапейскіх і асабліва антыпольскіх гісторый. Мы лічым, што супрацоўніцтва беларускіх талентаў з польскай індустрыяй мае яшчэ большы патэнцыял, калі прыкласці намаганні для яго садзейнічання, прытрымліваючыся наступных крокаў.
1. Стварэнне праграмы падтрымкі, арыентаванай на праекты кінематаграфістаў, якія працуюць у выгнанні (яна магла б ажыццяўляцца праз Польскі інстытут кіно, аналагічная праграма была для ўкраінскіх кінематаграфістаў). Такая праграма надзвычай неабходная, каб стымуляваць прадзюсараў рызыкаваць з аўтарамі, якія яшчэ не маюць трывалых пазіцый на рынку пасля ўцёкаў са свайго прафесійнага асяродку.
2. Уключэнне дзеячаў беларускай культуры ў фінансавыя магчымасці, якія існуюць у Польшчы. Напрыклад, афіцыйны дазвол беларускім кінематаграфістам, якія зараз працуюць у Польшчы і не маюць польскага грамадзянства, разглядацца ў якасці ключавых творцаў (рэжысёраў, сцэнарыстаў) для праектаў, якія фінансуюцца польскімі інстытуцыямі — Польскім інстытутам кіно, Studio Munka і іншымі.
3. Падтрымка адукацыі і прафесійнага развіцця беларускіх дзеячаў культуры і менеджараў у Польшчы праз стыпендыі (гаворка — пра фармальную адукацыю, а таксама праграмы распрацоўкі праектаў і навучання). Гэта можа не толькі дапамагчы нам расці прафесійна, але і наладзіць сувязі з патэнцыйнымі партнёрамі, адкрыць доступ да супрацоўніцтва і павысіць давер.
4. Ахоп супрацоўніцтва польскіх дзяржаўных арганізацый з незалежнымі беларускімі дзеячамі культуры. Мы сутыкнуліся з выключэннем беларускіх удзельнікаў альбо ініцыятываў з супрацоўніцтва з-за неразумення таго, што не кожная беларуская ініцыятыва трапляе пад санкцыі. Мы ведаем, што існуе дакумент, які падпісваюць дзяржаўныя арганізацыі — ён забараняе ім працаваць з партнёрамі з Беларусі і Расіі. Тлумачэнне гэтага факту, што супрацоўніцтва з незалежнымі беларускімі дзеячамі культуры і ініцыятывамі прымальна і вітаецца, сапраўды дапамагло б.
«Адна з найгалоўнейшых перашкод на шляху да Еўропы — візавы працэс»
Вольга Кліп, арт-куратарка
— Сёння я хацела б засяродзіцца на сітуацыі беларускіх візуальных мастакоў, асабліва тых, хто працягвае працаваць у Беларусі. Важна адзначыць, што многія беларускія мастакі ў Польшчы цяпер маюць амаль тыя ж магчымасці, што і мясцовыя творцы. Яны ўдзельнічаюць у стыпендыяльных праграмах, выстаўляюцца як у дзяржаўных установах, так і ў прыватных галерэях, інтэгруюцца ў культурнае асяроддзе. Гэта абнадзейвае, і таму сёння яны не з’яўляюцца маёй галоўнай занепакоенасцю.
Замест гэтага я хачу падкрэсліць праблемы, з якімі сутыкаюцца мастакі, што застаюцца ў Беларусі. Усюдыіснасць так званага «рускага свету» відавочная. На жаль, тое, што паступае ў беларускую культурную прастору з Расіі, часта мае ідэалагічны характар і сумніўную мастацкую вартасць. Больш за тое, сучасная расійская культура, дзякуючы сваёй даступнасці, аказвае прамы ўплыў на беларускіх мастакоў — як унутры краіны, так і за яе межамі. Масква і Санкт-Пецярбург застаюцца ледзь не адзінымі культурнымі цэнтрамі, якія яны могуць наведваць без сур’ёзных перашкод.

Добра вядома, што беларускія мастакі ўнутры краіны сутыкаюцца з сур’ёзнымі абмежаваннямі свабоды выказвання. Сама ідэя мастацкага самавыяўлення амаль адсутнічае. Нават тыя, хто не закранае сацыяльныя ці палітычныя тэмы, але маюць пасіўную апазіцыю да рэжыму, застаюцца без магчымасці выстаўляць свае працы.
Я цвёрда перакананая, што мастацтва, асабліва візуальнае мастацтва, з’яўляецца рухавіком грамадскага прагрэсу і важным элементам у фарміраванні грамадзянскай супольнасці. Мастакі маюць патрэбу ў пастаяннай творчай стымуляцыі, і, у ідэале, яны павінны мець доступ да еўрапейскай культуры як крыніцы натхнення і прафесійнага росту. Аднак адной з найгалоўнейшых перашкод на іх шляху з’яўляецца візавы працэс.
Для многіх беларускіх мастакоў нават ідэя паездкі ў суседнюю краіну, каб наведаць музеі ці выставы, становіцца няздзейсненай ужо на першым этапе — атрымання візы. Як куратар, які працуе за межамі Беларусі, я імкнуся прадстаўляць беларускіх мастакоў у Еўропе, арганізоўваючы арт-рэзідэнцыі і выставы. Але першае, што я заўсёды пытаюся ў іх: «Ці ёсць у вас віза?» Занадта часта адказ — «не».
Гэтая праблема яшчэ больш ускладняецца тым, што многія адкрытыя конкурсы, спецыяльна распрацаваныя для беларусаў, патрабуюць ад заяўнікаў ужо мець сапраўдную візу. Нават арганізацыі, якія падтрымліваюць беларускіх мастакоў, часта не маюць магчымасці дапамагчы з атрыманнем віз.
З уласнага досведу я ведаю, што выдача візы — гэта простая бюракратычная працэдура, якая займае не больш за дзесяць хвілін. Мне таксама вядома, што існуюць практыкі, калі амбасады атрымліваюць спісы асоб, рэкамендаваных для візавай падтрымкі.
Таму я прапаную стварыць структураваны механізм, у межах якога адабраныя арганізацыі маглі б наўпрост падаваць спісы беларускіх мастакоў, якія маюць патрэбу ў візах, у консульствы. У выніку гэтыя мастакі маглі б проста прад’явіць свае пашпарты і атрымаць візы без непатрэбных бар’ераў.
Акрамя таго, я хачу падкрэсліць важнасць візавай падтрымкі для сем’яў мастакоў, асабліва іх малых дзяцей. Як маці чатырох дзяцей, я ведаю, што мастакі не павінны выбіраць паміж кар’ерай і сям’ёй. Яны павінны мець магчымасць гарманічна спалучаць гэтыя дзве сферы жыцця.
Стварыўшы больш эфектыўную і сістэмную візавую падтрымку, мы зможам забяспечыць, каб беларускія мастакі заставаліся часткай шырокай мастацкай супольнасці, працягвалі сваё творчае развіццё і ўносілі свой уклад у культурны ландшафт Еўропы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram