На вокладцы гэтага альбома — «абуглены» чалавек. Адна яго палавіна падобная на спаленае дрэва, другая — цёмная, як ноч. Па адзін бок ад яго — сонца, а па другі — месяц. І ці то асвечаны сонцам, ці то прайшоўшы праз агонь — гэты чалавек жывы. «Рамантызм» — новы альбом Relikt, які аглядальнік Reform.news слухаў цэлы дзень і не мог адарвацца.
У сваім дзявятым альбоме беларускі арт-рок гурт выводзіць на сцэну аўтарскага героя — неарамантыка, які «трымае вышыню» і верыць у каханне, нягледзячы на страты, іспыты і згублены край. У гэтым альбоме шмат фэнтэзійнасці і мары, казкі і міфа — і пры гэтым сапраўднага пачуцця, тугі, якая не дае выказванню сысці ў гульню. І да ўсяго альбом вельмі прыгожы ды цудоўна запісаны — што робіць яго адным з прэтэндэнтаў на найлепшую плытку года.
Узгадаем, што Relikt «выбухнуў» сваім чацвёртым альбомам — «Лекавыя травы» (2015), у якім спалучылі folk і progressive rock. Далей музыканты развівалі нацыянальную тэму, прапаноўваючы сваё прачытанне як народным песням, так і творам беларускіх аўтараў другой паловы ХХ стагоддзя, беларускім рок-хітам, а таксама ствараючы кампазіцыі на вершы класікаў, у прыватнасці Рыгора Барадуліна. Пасля 2020 года гучанне калектыву стала больш канцэптуальным, і ўрэшце бачым цалкам аўтарскую плытку ў тым сэнсе, што гурт напісаў музыку (Аляксандр Дземідзенка, Уладзімір Казлоў, Віталь Макшун, Дзмітрый Наркевіч) і словы (Уладзімір Казлоў, Аляксандр Дземідзенка) самастойна.
Ці змянілася гучанне? І так, і не. Можна сказаць, што Relikt, не згубіўшы свайго гітарнага груву, прыгожага басу, passion барабанаў, стаў больш лірычным. Тое, што можна назваць фэнтэзійнасцю — пераключэнне рытмавых рэгістраў, шматгалоссе, крыху электронікі, лёгкасць, выкарыстанне гітарнай гукавой палітры — усё разам выкрышталізавала свежае аблічча беларускага progressive rock.
Можна сказаць, што «разгубленасць» і «згубленасць» героя-рамантыка, пра якога казалі напачатку, дадаюць яму пэўнага шарму. Герой не забыў ні «Шляхціца Завальні», ні беларускіх класікаў — ён проста дазволіў сабе памарыць пра каханне ў цёмныя часы.
Слухаць альбом можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

