«Пры сапраўды беларускай уладзе юбілей пісьменьніка быў бы агульнанацыянальнай падзеяй»: Рада БНР заклікае годна адзначыць стагоддзе Васіля Быкава

Культура
Івонка Сурвілла і Васіль Быкаў, сакавік 2003, Прага. Фота: facebook/radabnr

19 чэрвеня 2024 года будзе адзначацца 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі стварыла зварот з заклікам шырока адзначыць гэтую дату.

«Беларусь адродзіцца, калі не скарыцца чужой сіле», — згадваюцца ў звароце словы Быкава. Ва ўмовах, якія зараз пануюць унутры Беларусі, важна годна ўшанаваць памяць вялікага суайчынніка ды прадэманстраваць еднасць у абароне нацыянальных каштоўнасцяў, — паведамляюць аўтары звароту.

Зварот Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

19 чэрвеня 2024 году спаўняецца 100 гадоў з дня народзінаў Васіля Быкава — вялікага беларуса, які ў нацыянальным Пантэоне стаіць побач са Скарынам, Каліноўскім, Купалам, Коласам, Караткевічам. Быкаў узьняў беларускую літаратуру на сусьветны ўзровень і быў у першым шэрагу змаганьня за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі, за нацыянальнае Адраджэньне. Ён не баяўся казаць праўду ў твар дыктатару і апошнія гады жыцьця мусіў правесьці на чужыне.

Да гэтага часу ў сталіцы Беларусі, нягледзячы на шматгадовыя патрабаваньні грамадзкасьці, няма ні вуліцы Васіля Быкава, ні помніка выбітнаму пісьменьніку. Спыненыя і «быкаўскія дні» на ягонай малой радзіме, на Вушаччыне, якія штогод зьбіралі аматараў прыгожага пісьменства. Пры сапраўды беларускай уладзе юбілей пісьменьніка быў бы агульнанацыянальнай падзеяй, аднак цяперашні прамаскоўскі рэжым насаджае чужынскія сьвяты, зьвязаныя з самымі чорнымі, сталінскімі, старонкамі гісторыі, культывуе дзеячаў, якія зьнішчалі нацыянальную ідэнтычнасьць, імкнуліся перарабіць беларусаў у рабоў Масквы.

Рада БНР выступае ініцыятарам шырокага адзначэньня быкаўскага юбілею і заклікае беларусаў і на Бацькаўшчыне, і ў замежжы ўшанаваць памяць нашага вялікага суайчыньніка ды прадэманстраваць нашую еднасьць у абароне нацыянальных каштоўнасьцяў.

«Беларусь адродзіцца, калі не скарыцца чужой сіле», — сказаў калісьці Быкаў. І сёньня мы маем і нагоду, і абавязак прадэманстраваць усяму сьвету «імя і сілу беларуса», увасобленую і ў постаці вялікага пісьменьніка, і ў асобах лепшых дачок і сыноў Беларусі, якія змагаюцца за яе свабоду.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі

25 студзеня 2024 года

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: