«Не адчыняй дзверы!» — у Варшаве 15 красавіка адкрываецца выстава беларускага фатографа Аляксандра Валодзіна. У цэнтры ўвагі творцы — незвычайная тэма: гэта гісторыі прымусовага высялення людзей з дамоў і культурных прастораў польскай сталіцы.
Назва праекта фатографа ўзятая з надпісу на ўваходных дзвярах аднога з дамоў, жыхары якога сутыкнуліся з пагрозай высялення.

Reform.news спытаў аўтара, як нарадзілася гэта фотасерыя.
З апісання праекта.
Фатограф Аляксандр Валодзін цэлы год дакументаваў гвалтоўныя высяленні жыхароў варшаўскіх сквотаў. Яго фатаграфіі паказваюць паўсядзённае жыццё людзей, якія займаюць закінутыя будынкі ў пошуках даху над галавой, ствараючы там свой уласны свет — далікатны, але поўны жыцця і сэнсу. Мастак закранае тэмы пустых дамоў і людзей, якім вельмі патрэбнае месца для жыцця. Ён таксама займаецца праблемай мастацтва, якое не ўпісваецца ў інстытуцыі і шукае прастору для дзеяння тут і цяпер. Людзей, якія займаюць закінутыя будынкі, называюць сквотарамі або самавольцамі. Яны ствараюць мікрасупольнасці, якія рана ці позна сутыкаюцца з уладальнікамі, якія спрабуюць вярнуць сваю маёмасць. Цяпер гэтыя гісторыі можна ўбачыць на фотаздымках, даступных шырокай публіцы.
— Гэта было супадзеннем абставінаў, — падзяліўся з Reform.news Аляксандр Валодзін. — Я некалькі гадоў працую над дакументальным фільмам пра Прагу (раён у Варшаве — заўв. Reform.news). І напрасіўся паздымаць Камітэт абароны правоў арандатараў (Komitet Obrony Praw Lokatorów — арганізацыя, якая з 2009 года прадастаўляе юрыдычныя кансультацыі арандатарам — заўв. Reform.news). Яны знаходзяцца на Празе і дапамагаюць жыхарам змагацца з высяленнем і павышэннем арэнднай платы. Праз пэўны час праваабаронцы сталі мне пісаць, калі адбывалася пэўнае прымусовае высяленне жыльцоў. Я прыязджаў проста з фотаапаратам.

Аляксандр адзначае, што ў яго не заўжды атрымоўвалася фатаграфаваць тое, што адбывалася, але нешта зафіксаваць удалося.
— Другая гісторыя звязана са сквотам Syrena, — працягвае расповед фатограф. — Тым жылі некалькі маіх сяброў — яны папрасілі пафатаграфаваць канцэрт, прымеркаваны да дня нараджэння сквота.

Таксама ў аб’ектыў Аляксандра Валодзіна трапіла і высяленне жыхароў сквота Zaczyn у раёне Прагі. Творца засняў той інцыдэнт, калі ўладкаваўся працаваць у агенцтва навін EastNews.
— Яны мне напісалі, што сквот высяляе прыватнае агенцтва аховы і паліцыя. Я зрабіў рэпартаж з высялення. Фота, напэўна, спадабалася сквотарам, і розныя калектывы розных сквотаў сталі мне пісаць, калі ў іх з’яўляліся праблемы. Я проста прыязджаў з камерай. Амаль усіх людзей, якія мне паведамлялі аб эксмісіі, я не ведаў. Гэта былі незнаёмыя мне людзі.


Спыталі Аляксандра Валодзіна пра тое, як ён асабіста ставіцца да няпростай тэмы свайго фотапраекта.
— Нягледзячы на тое, што я калісьці жыў у падобным месцы, мяркую, што ў гэтых гісторыях няма добрых і дрэнных людзей. Я — фотарэпарцёр, і, на маю думку, не павінны задаваць пытанні. Проста фіксую рэчаіснасць. Успрымаць гэту тэму і думаць, што з гэтым рабіць, павінна грамадства, палітыкі і суддзі. Мая задача — націскасць кнопку фотаапарата. Рабіць нейкія маральныя высновы мне не хочацца.
На пытанне, ці лічыць аўтар, што польскае грамадства больш актыўнае ў абароне сваіх праваў, Аляксандр адказаў:
— Калі шчыра, я не ведаю, ці засталіся ў беларусаў якія-небудзь правы. Чужая дзяржава Польшча больш клапоціцца пра абарону маіх правоў, чым краіна, грамадзянінам якой я з’яўляюся. Калі браць пытанне закінутых будынкаў і рэпрыватызацыі, гэта проста дзве розныя гісторыі… Тут складана праводзіць паралелі, гэта розны кантэкст.
Праект «Не адчыняй дзверы» адкрыецца 15 красавіка а 18.00 у прасторы Społeczna Instytucja Kultury Krytyki Politycznej па адрасе Jasna, 10. Арганізаваць выставу аўтару дапамаглі польская арганізацыя Strefa WolnoSłowa, часопіс Krytyka Polityczna, агенцтва навін EastNews, а таксама беларуская куратарка В.

Фотаграф заўважыў, што нечакана для яго на праект звярнуў увагу беларускі ГУБАЗіК. Таму ён звяртаецца да ўсіх наведвальнікаў з паведамленнем, што пасля экспанавання ў інстытуцыі культуры Krytykа Politycznа выстава будзе перавезена ў сквот Osiedle Przyjaźń. Там можна будзе спакойна і бяспечна яе паглядзець, калі пытанне з бяспекай хвалюе публіку на адкрыцці праекта.
Аляксандр Валодзін — беларускі фатограф, фотарэпарцёр, жыве ў Польшчы. Здымае розныя праекты, у прыватнасці, фатограф — аўтар вядомай фотагісторыі пра Ігара Банцара, калі той шукаў працу і жыў без даху над галавой.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram