«Свінгеры» Андрэя Кашперскага? Ці «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі? Літаральна бойка прэм’ер беларускіх рэжысёраў пройдзе ў Польшчы на Дзень беларускага кіно 17 снежня.
Адсвяткаваць 101 год беларускага кінематографа гледачы атрымаюць магчымасць у Беластоку і ў Варшаве: паказы ажно чатырох нашумелых карцін ад трох кінематаграфістаў адбудуцца ў розных гарадах у адзін дзень.
Так, 17 снежня ў беластоцкі кінатэатр FORUM на вечар беларускіх фільмаў запрашае фестываль «Бульбамуві» — акурат на святочную дату адзін з заснавальнікаў вядомага партызанскага фэсту белкіно Януш Гаўрылюк запланаваў «паніхіду» свайго кінафоруму.
У праграме вечара: паказ удзельніка праграмы Берлінале-2025 — драмедзі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі з музыкай Вячаславам Кмітам у галоўнай ролі — карціны, фестывальная гісторыя якой яшчэ працягваецца.
Нагадаем, што фабула гэтай стужкі трымаецца на пошуку галоўным героем, маладым музыкантам, магічнага швэдара, які дапаможа яму напісаць найлепшую песню.
Таксама ў праграме імпрэзы — паказ ігравой поўнаметражнай карціны «Хто я?» ад беларускага рэжысёра Жэні Дарк. Фільм, які быў зняты ў Беларусі напярэдадні 2020 года, да гэтай пары з’яўляецца terra incognita — карціна, нягледзячы на флёр культавасці вакол яе, не мела гучных публічных сеансаў. І гэта сапраўдная ўдача — убачыць яе на вялікім экране ў Польшчы.
Жэня Дарк у сваім кіно-прытчы стварае партрэт беларускага «грамадства-падлетка», не здольнага на ініцыяцыю і сталенне.
Кульмінацыяй вечара стане дыскусія «Беларускае кіно, якога няма» з удзелам культуролага, кінакрытыка Максіма Жбанкова, кінематаграфіста, дырэктара кінафестывалю «Бульбамуві» Януша Гаўрылюка, экс-каардынатара беларускага конкурсу на фестывалі «Лістапад» Мікалая Лаўранюка і кінарэжысёра Юрыя Сямашкі.
А цяпер перанясемся ў Варшаву, у кінатэатр AMONDO, дзе з нагоды прафесійнага свята стваральнік серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі падрыхтаваў паказы дзвюх сваіх найноўшых стужак: першай серый серыяла «Свінгеры» і кароткаметражкі «Суд мёртвых» з удзелам зоркі «Вольных Купалаўцаў» Зоі Белахвосцік.
«Суд мёртвых» толькі перамагла ў Беларускім конкурсе фестывалю «Паўночнае ззянне-2025». Палітычны хорар быў адзначаны журы за ўражлівае майстэрства, цэласную канцэпцыю і нечаканае спалучэнне жанраў. У кароткаметражнай карціне ідзе гаворка пра закон, прыняты ўладамі Беларусі, які дазваляе судзіць памерлых. Так вось тыя памерлыя ў сваю чаргу могуць не пагадзіцца з прысудамі суддзі і здзейсніць свой акт помсты.
Андрэй Кашперскі таксама пакажа на вечары пілотную серыю серыяла «Свінгеры» — праект цалкам у іншай плоскасці, лёгкі і забаўляльны, прызваны адцягнуць увагу гледачоў ад палітычнай барацьбы і пасмяяцца з рэчаў побытавых. У стужцы маладыя людзі 30-35 гадоў сустракаюцца, каб заняцца сексам, але, як аказалася, свінгерства — справа не для слабых духам і целам. Калі вы марылі пра камедыю пра сваіх, — вам акурат сюды.
Падрабязней пра кінавечар у Беластоку можна дазнацца тут.
Пра імпрэзу ў Варшаве — тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram