Сёння былі агучаныя імёны пераможцаў Першага конкурсу рукапісаў на беларускай мове «Шуфлядка», зладжанага Фестывалем інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.
Так, лаўрэтам у намінацыі «Дзіцячая і падлеткавая кніга» стаў Эліаш Барт і яго твор «Джа. Легенда аб Забраным Сэрцы».
У намінацыі «Нон-фікшн і дакументальная проза» перамог журналіст, гісторык і крытык Дзяніс Марціновіч з кнігай пра кіраўніка БССР у 1983—1987 гадах, паплечніка Міхаіла Гарбачова — Мікалая Слюнькова. Нон-фікшн мае назву «Слюнькоў. Палітычная біяграфія».
Твор «Бясконцы дзень» вядомага беларускага пісьменніка Валерыя Гапеева быў адзначаны ў намінацыі «Фэнтэзі, фантастыка, прыгоды, дэтэктыў».
Бліжэйшым часам, як адзначаюць арганізатары конкурсу, будзе абвешчаны тэндар для выдавецтваў на выданне кніг лаўрэатаў.
Хутка будуць раскрыты і вынікі чытацкага галасавання.
Конкурс рукапісаў на беларускай мове «Шуфлядка» быў створаны фестывалем інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA з мэтай падтрымаць аўтараў – як пачаткоўцаў, так і тых, хто піша даўно. Жаданне падвысіць цікавасць чытачоў і людзей слова да масавых жанраў, садзейнічаць публікацыі рукапісаў – з’яўленню новых кніг, — таксама сярод прыярытэтаў праекта. Нагадаем, што сёлета на конкурс быў дасланы 61 рукапіс ад 46 аўтараў і аўтарак.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram