Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA запрашае галасаваць за лепшы рукапіс на беларускай мове

“Шуфлядка” — першы конкурс рукапісаў на беларускай мове, які з новага года запусціў Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. На сёння журы вызначыла шорт-ліст у трох намінацыях і запрашае выбраць лепшы рукапісны твор чытачоў.

На конкурс быў дасланы 61 рукапіс ад 46 аўтараў і аўтарак. «Рукапісаў ад пісьменнікаў болей, чым ад пісьменніц — 36 супраць 25», — падзяліліся статыстыкай арганізатары і дадалі, што аўтараў хоць і было менш па колькасці — 22 супраць 24 аўтарак, але рукапісаў яны дадалі больш.

Сёння на старонцы фестывалю ў сацсетках ідзе глядацкае галасаванне за найлепшы дасланы тэкст.

У намінацыі «Нон-фікшн і дакументальная проза» сярод шорт-лістараў прадстаўлены ўрыўкі з рукапісаў: «Зона лёну», «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» і «Там не кажуць».

У намінцыі «Масавыя жанры» галасаваць можна за тэксты з твораў: «Бясконцы дзень», «Жыццё ў дванаццаці апавяданнях», «Смерць прапагандыста»,» Усе (ці не?) жыцьці Іванова».

І сярод шорт-лістараў у намінацыі «Дзіцячая і падлеткавая кніга» ажно восемь тэкстаў: «Арцік і магічны ліхтарык. Калядная ёга для дзетак», «Бяры і ідзі», «Джа. Легенда аб забраным сэрцы», «Дрэва і ліхтар», «Перапёлкавы Кароль», «Плюшавы Лёкса», «Скарбы лабірынта», «Хованкі з Анёлам».

Пасля таго, як будзе вызначаны пераможца ў кожнай намінацыі ад гледачоў, арганізатары адкрыюць імёны і прозвішчы аўтараў. Пакуль іх імёны зашыфраваны нават для журы.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA запрашае галасаваць за лепшы рукапіс на беларускай мовеФестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA запрашае галасаваць за лепшы рукапіс на беларускай мове
Фота: фейсбук фестывалю.

Арганізатары падзяліліся меркаваннямі сябраў журы, якія абіралі рукапісы ўдзельнікаў конкурсу ў шорт-лісты.

Пасля знаёмства з рукапісамі, дасланымі на першы конкурс “Шуфлядка”, магу вылучыць чатыры заканамернасці. Першае: яшчэ рана казаць пра 2020 год у мастацкай літаратуры. Лепшае, што пакуль даводзілася бачыць «на тэму», гэта публіцыстыка, усё астатняе – агіткі са знакам «плюс». Рукапісы канкурсантаў выключэннем не сталі.

Другое: людзі дасюль упэўненыя, што літаратура – гэта пра што, а не як. Пакуль не засвоіцца гэтая простая ісціна, руху не будзе.

Трэцяе: дзіцячую літаратуру лічаць чымсьці другарадным і лёгкім для выканання. І гэта, як той казаў, фатальная памылка.

Чацвёртае: пісьмо застаецца найпапулярнейшым сродкам псіхатэрапіі. Што цалкам легальна, аднак варта памятаць, што пладамі гэтай тэрапіі дзяліцца неабавязкова.

P.S. Але конкурс цікавы, добра, што ён ёсць, — падзяліўся сваімі ўражаннямі адзін з экспертаў.

Фота: фейсбук фестывалю PRADMOVA.

Прыемна здзіўляе колькасць рукапісаў, хапае неабыякавых да пісання людзей. Пры гэтым перавага за літаратурай для дзяцей, відаць, самімі бацькамі сапраўды адчуваецца недахоп сучасных дзіцячых кніг.

Разам з тым бачна, што беларускай мовай канкурсанты часта валодаюць на не вельмі добрым узроўні, імаверна, для кагосьці гэта наогул першыя спробы пісаць па-беларуску. Гэта, з аднаго боку, праблема, бо і актуальным, і будучым пісьменнікам усё ж варта дасканаліцца, а з другога боку — гэта прыкмета таго, што жаданне і патрэба пісаць па-беларуску з’яўляецца не толькі ў купкі былых студэнтаў філфаку, а гэта не можа не радаваць, — такім было меркаванне яшчэ аднаго сябра журы.

Нагадаем, што конкурс рукапісаў быў створаны фестывалем інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA з мэтай падтрымкі аўтараў — і пачаткоўцаў, і тых, хто піша даўно. Таксама форум прагне падвысіць цікавасць чытачоў і людзей слова да масавых жанраў, ды, натуральна, садзейнічаць публікацыі рукапісаў – з’яўленню новых кніг.

Згодна з умовамі конкурсу, фіналісты «Шуфлядкі» акурат атрымаюць магчымасць публікацыі свайго тэксту.

Імёны пераможцаў мусяць быць названы неўзабаве.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!