Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Культура
Фрагмент вокладкі кнігі Пэрл Бак «Вецер з Усходу, Вецер з Захаду»

Новыя кнігі лютага фіксуюць час, калі збіраюццца камяні і выказванні, – часам рэфлексіўныя, часам – паэтычныя, часам – заснаваныя на дакладных фактах. Аднак кожны такі каменьчык, нават калі ён іншага колеру, важны для сцен і падмурка.

Содержание

Мастацкая літаратура

«Вільня. Анталёгія беларускай паэзіі XX стагодзьдзя»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

У анталогіі прадстаўлены творы пра Вільню, напісаныя ў ХХ стагоддзі.

Вільня была галоўным горадам для продкаў сучасных беларусаў, цэнтрам усяго жыцця краю, калыскай мадэрнай беларускай нацыі. Пра Вільню складаліся народныя песні і прыказкі, пісалі паэты Сярэднявечча, Асветніцтва і Новага часу.

Паводле ўкладальніка і каментатара выдання Сяргея Дубаўца, «для большасці беларусаў кніга стане сапраўдным адкрыццём Вільні, паэзіі, а найперш саміх сябе. Гэта — наш, беларускі ўклад у мультыкультурную традыцыю старое сталіцы».

Выданне аздобленае здымкамі Уладзіміра Парфянка і Дзяніса Раманюка.

Выдавецтва «Логвінаў».

Набыць можна тут.

Алесь Адамовіч «Хатынская аповесць», «Нямко»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

У «Хатынскай аповесці» (1970 год) Алесь Адамовіч перадае эмацыянальны напал падзей часу вайны, невыносны боль беларускіх жанчын і дзяцей, якія намагаюцца адшукаць словы, адэкватныя перажытаму імі.

У аповесці «Нямко» (1992 год) апавядаецца пра каханне нямецкага салдата Франца і беларускай дзяўчыны Паліны ў час акупацыі і ў пасляваенны перыяд.

Выдавецтва «Папуры».

Набыць можна ў мінскай кнігарні «Параграф 45» ці тут.

Адам Глобус «Наш сусед Караткевіч»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

«Беларусы выбралі сабе любімага паэта — Максіма Багдановіча і любімага пісьменніка — Уладзіміра Караткевіча. У кнізе «Наш сусед Караткевіч: словы пра выбітнага літаратара Уладзіміра Караткевіча» Адам Глобус сабраў свае нататкі пра пісьменніка, з якім яму пашанцавала жыць па суседстве, на адной лесвічнай пляцоўцы», — паведамляе анатацыя выдання.

«У стварэнні і кананізацыі іншых нашых хрэстаматыйных пісьменнікаў удзельнічалі знешнія сілы, прычым актыўна. Караткевіча беларусы выбралі і кананізавалі самі, кананізавалі насуперак знешнім уплывам», — піша Глобус у сваёй кнізе.

Выдавец Раман Цымбераў.

Набыць можна тут.

Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў «Пешшу»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Гэта пяты зборнік вершаў паэта, аднак па словах аўтара кніга стала самай аб’ёмнай у параўнанні з папярэднімі — 148 старонак.

Нібы ў музычнай тэме з варыяцыямі, у кнізе паўтараюц­ца і вар’і­руюц­ца матывы, вобразы, гукавыя комплексы, нават цэлыя вы­каз­ванні. Пры гэтым кожны тэкст застаецца самакаштоўнай ма­стац­кай цэласнасцю. Сярод іншых у зборнік увайшлі вершы, ад­значаныя прэміяй «Залаты апостраф» як найлепшая паэтычная публікацыя ў часопісе «Дзеяслоў» у 2023 годзе.

Не фігуры, не рыфмы, не тропы —
толькі ветру таемны шыфр,
толькі паўзы пасля шматкроп’яў,
толькі цішы снежная шыр.

Толькі там, за рытмам і метрам,
за страфой, за сцяной, за мяжой, —
шыфрам ветру, голасам мэтра…
Немагчыма… няможна… няўжо…

Выдавецтве «Скарына».

Набыць можна тут.

Сяргей Кавалёў «Камедыя Юдзіфі»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

У кнігу ўвайшлі новыя п’есы, напісаныя Сяргеем Кавалёвым у розных жанрах: гістарычная драма, філасофская камедыя, містычны дэтэктыў, гарадское фэнтэзі, казка-прыпавесць.

Доўгі час драматург маўчаў, бо перарвалася яго сувязь з беларускімі тэатрамі: «Калі казаць пра маю ўласную творчасць, то атрымаўся нейкі такі перыяд роздумаў-маўчання. Апошнюю п’есу, якую я напісаў, гэта былі «Лабірынты Власта», яна друкавалася ў «Дзеяслове», і, безумоўна, нідзе не ставілася. А пісалася яна яшчэ ў той час з разлікам на «купалаўцаў» у Менску».

Сяргей Кавалёў цяпер жыве ў Любліне і працуе ва Універсітэце імя Марыі Кюры-Складоўскай. Як драматург ён стваральнік жанра герменеўтычнай драматургіі. Аўтар п’ес, напісаных на гістарычным, фальклорным матэрыяле і пастаўленых у Беларусі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Балгарыі.

Выдавецтва: фонд «Kamunikat.org».

Замовіць кнігу можна тут.

Цімур Кудзеліч «Значныя дні»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

«Значныя дні» Цімура Кудзеліча – заліхвацкі раман пра страх і ачмурэнне, безвыходнасць і пробліскі надзей. Яго рэчаіснасць непадлеглая нармальнаму апісанню: у пошуках сваёй авангарднай оптыкі і сваіх механізмаў для канструкцыі тэксту аўтар выкарыстоўвае наўмысна «няправільную» мову аповеду, ненарматыўны сінтаксіс, зменлівы тэмп, гратэск і гіпербалы, прывідныя алюзіі.

«Кропка, вакол якой круціцца ўвесь сьвет рамана «Значныя дні», — Беларусь. Так называецца чыгуначная станцыя ў горадзе Заслаўі, — піша пра раман Віктар Жыбуль. — На ёй стаіць звычайная грамадзкая прыбіральня. У якой адбыва­юц­ца даволі незвычайныя рэчы. Кропка, дзе пераплятаюцца рэалістычнае і фантазійнае. Умоўны сьвет, упісаны ў канкрэтную тапаграфію. Рэчаіснасьць, непадлеглая «нармальнаму» апісаньню. Жыцьцёвыя і тагабоч­ныя пэрсанажы. Наўмысна «няправільная» мова аповеду. Не­нар­матыўны сынтаксіс. Зьменлівы тэмп. Гратэск і гіпэрбалы. Прывідныя алюзіі. Апавядальнік, раствораны ў сусьвеце. Людзі, ператвораныя ў Словы…»

Выдавецтва «Скарына».

Набыць можна тут.

Ілля Кульбіцкі «Хроніка адмаўлення пустаты»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

У дэбютную кнігу паэта Іллі Кульбіцкага «Хроніка адмаўлення пустаты» ўвайшлі вершы і паэмы, напісаныя ў 2017–2024 гадах.

Зборнік складаюць тэксты рознага кшталту — ад хронікі грамадскіх падзей і замалёвак з натуры да сатыры, міфатворчасці і гарадскога фэнтэзі. Яны аб’яднаныя адной мэтай: знайсці шлях скрозь навакольную і ўнутраную пустэчу да праўдзівага свету. Гэта шлях мовы, веры, спробаў пабачыць і здзейсніць небывалае і пільнага слухання галасоў іншых падарожных на гэтым шляху.

Мы з табою крочым пешкі па вадзе,
і яны таксама крочаць па вадзе.
Кажаш: «мы не тонем, таму што з намі Бог,
а яны не тонуць, бо яны — гаўно».
І далей наперад крочым па вадзе,
ды трашчыць раз-пораз пад нагою лёд.

Выдавецтва «Скарына».

Набыць можна тут.

Фрыдрых Самотны «Śviata žyćcia»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

У новую кнігу паэта, музыкі і перформера Фрыдрыха Самотнага пераважна ўвайшлі творы напісаныя ў 2022 годзе. «Гэта першы для нас досвед кнігі, набранай беларускай лацінкай. І тут вялікая падзяка рэдактарцы, Наталлі Русецкай, за скрупулёзную працу», —  напісаў выдавец Дзмітры Строцаў.

Фрыдрых Самотны паходзіць з Магілёва, больш вядомы як музыка (гурты Masque Noir, Dead Frank, MadMenDuo і іншыя). Аўтар паэтычнай складанкі «Начныя гульні» (2021, «Галіяфы»). З 2022 году жыве па-за Беларуссю.

Ілюстрацыю для кнігі намалявала Ірына Зданевіч.

Выдавецтва hochroth Minsk 

Набыць можна тут.

Андрэй Федарэнка «Сцэнарыст»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Раман Андрэя Федарэнкі «Сцэнарыст» працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў папярэдняй яго кнізе «Жэтон на метро». Сюжэт закручаны па-майстэрску, тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі. «Сцэнарыст» — сапраўдны дэтэктыў і адначасова драма з непрадказальным фіналам.

Героі рамана — малады рэжысёр і пажылы сцэнарыст. Падзеі ў ім, як піша сам аўтар, пачынаюцца «даўно, ледзь не ў даайфонаўскую эпоху, прынамсі, задоўга да Вялікага Каранціну і ўсяго, што затым пачалося», калі «на базе айчыннай кінастудыі вырашылі стварыць нешта кшталту філіяла».

Выдавецтва: фонд «Kamunikat.org».

Набыць можна тут.

Кастусь Цвірка «Чатыры вятры». Выбранае

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Кастусь Цвірка – сёлетні лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Кніга паэта «Чатыры вятры» выдадзена ў якасці ўзнагароды.

Перад укладальнікамі гэтай кнігі Кастуся Цвіркі паўстала найскладанейшая задача: выбраць з ягонай шматгадовай, шматграннай творчасці патроху найадметнага з усіх галінаў літаратуры, у якіх ён працуе, — паэзія, проза, эсэістыка, літаратуразнаўства, пераклады…

Наколькі гэта ўдалося зрабіць — меркаваць чытачам. А як дадатак да выбранага ўпершыню менавіта ў гэтай кнізе друкуюцца згадкі Кастуся Аляксеевіча пра сяброў-пісьменнікаў, з якімі ён сябраваў.

Выдавец Раман Цымбераў.

Набыць можна тут.

Дзіцячая літаратура

«10 пытанняў пра птушак»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

«10 пытанняў пра птушак» — чарговая кніга серыі «100 пытанняў пра Беларусь».

У нашай краіне можна сустрэць болей за 340 відаў птушак. А вы ведаеце, якая з іх самая вялікая, а якая — самая хуткая? Чаму менавіта белы бусел — сімвал Беларусі? Ці праўда, што некаторыя птушкі прылятаюць да нас на зімаванне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці ў дадзенай кнізе.

Выдавецтва: «Мастацкая літаратура».

Набыць можна тут.

Віталія Глаз «Праз казку — пра мастацтва»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Кніга складаецца з васьмі казак па матывах твораў знакамітых мастакоў. Чытачоў знаёмяць з творчасцю Станіслава Жукоўскага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Абрама Маневіча, Казіміра Альхімовіча, Юдаля Пэна, Міколы Селешчука, Язэпа Драздовіча, Алены Кіш у фантазійнай форме.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Набыць можна тут.

Сяргей Календа «Хлопец Томас. Tomas the Boy»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Аўтар гэтай кнігі Сяргей Календа не пайшоў шляхам стварэння нейкага дзівоснага свету: ён паставіў у цэнтр звычайнага свету свайго сына і сваю сям’ю – і цяпер глядзіць на іх як на сапраўдны цуд.

Быццам бы самыя простыя, будзённыя гісторыі адбываюцца ў сям’і, дзе падрастае дзіця. Што незвычайнага? Ды тое, што нараджаецца Асоба. Маленькі чалавечак пачынае разумець гэты свет, родных людзей, ён прапускае праз сябе асаблівасці і акалічнасці, ён асэнсоўвае асяроддзе і сваё месца ў ім. «Бач, характар прабіваецца», – казалі незласліва ў такія часы бабулі і дзядулі на сваіх маленькіх унукаў, якія ўжо сваімі ўчынкамі акрэслівалі сваю самасць.

Менавіта за гэтым назіраюць тата і мама, і канешне ж, нейкім чынам, па-рознаму, імкнуцца ўздзейнічаць на гэты працэс фарміравання. Такім чынам, з другога боку – гэта карысная кніжка для тых, хто гадуе дзіця. Адно варта разумець, што Сяргей Календа не вынаходзіць ровар і не заклікае «Рабіце як я!». Не і не. Ён шчыра расказвае пра свой асабісты вопыт – і тым гэты вопыт асабліва карысны, што ён і шчыры, і не выключна дадатны.

Гэты тэкст – вельмі асаблівы. З аднаго боку – самая звычайная проза, разбітая на слупкі. Але яна нечакана пачынае гучаць вершам, у яе з’яўляецца свая рытміка, якая цудоўна перадае настрой і атмасферу. Анягож, гэтая рытміка цудоўна вытрымліваецца і ў ангельскім перакладзе.

Але перад вамі ня толькі вершыкі, а яшчэ і 90 старонак з найпрыгажэйшымі ілюстрацыямі, зробленымі Марыяй Шэндзель. Часам яны проста дапаўняюць тэкст, а часам – робяцца цэнтрам аповеду, паказваюць свет такім, якім ён бачыцца пяцігадоваму хлапчуку – вялікім, дзівосным, яскравым, жывым, багатым на дэталі, кожная з якіх, здаецца, утрымлівае ў сабе бясконцасць таямніцаў.

Выдавецтва «Gutenberg Publisher».

Набыць можна тут.

Перакладная дзіцячая і падлеткавая літаратура

Грэтэ Ротбёль, Анна Карын Гархамн «Усе хочуць… есці»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Дзіцячая кніжка для маленькіх даследчыкаў, якім цікава, што ядуць вожыкі, медузы, птушкі і іншыя жывёлы. У кнізе распавядаецца, колькі яны жывуць, як растуць і што любяць есці. А яшчэ — ці можна іх карміць марозівам!

Калі дзеці ядуць, яны растуць і становяцца большымі і большымі! І мацнейшымі! Тое ж самае адбываецца і з матылькамі, вожыкамі ды катамі. Але ўсе яны любяць розную ежу. Чалавек можа вырасці вышэй за два метры. А якой даўжыні могуць быць жабка, чарвяк, рыба, багоўка ці птушка? І што яны мусяць есці, каб расці?.

Кнігу напісала Грэтэ Ротбёль, вядомая беларускім чытачам кнігай «Вулкан і цялятка, якое выратаваў Пу», ілюстрацыі зрабіла Анна Карын Гархамн.

Выданне выйшла ў супрацы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і Фонду Kamunikat.org.

Перакладчыца Надзея Кандрусевіч.

Выдавецкае агенцтва «Экапрэс».

Набыць можна тут.

Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і Келіх агню»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Чацвёртая кніга з серыі твораў Джоан Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Гары Потэра ўпершыню выйшла на беларускай мове.

Гары Потэр хоча збегчы ад паганых Дурсляў і адправіцца на Чэмпіянат свету па квідычы з Герміёнай, Ронам і сям’ёй Уізлі. Ён хоча марыць пра Чоў Чанг, у якую закаханы (і, магчыма, больш, чым проста марыць). Ён хоча даведацца, што гэта за таямнічая падзея, у якой удзельнічаюць і канкуруюць дзве іншыя школы магіі, і пра спаборніцтва, якога не было сотні гадоў. Ён хоча быць звычайным чатырнаццацігадовым чараўніком. На жаль для Гары Потэра, ён не звычайны, ён іншы — нават паводле чараўніцкіх стандартаў. І ў гэтым выпадку незвычайнасць можа быць смяротна небяспечнай.

Перакладчыца Алена Пятровіч.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

 

Пераклады

«Горад на гары». Анталогія літоўскай паэзіі

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

«Цягам больш як дзесяці гадоў на паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» традыцыйна выступалі госці з Літвы — паэты і перакладчыкі, кіраўнікі пісьменніцкіх арганізацый. Прачытаныя на фэсце вершы не раз друкаваліся ў перыядычных выданнях, перадусім у часопісе «Дзеяслоў», але ніколі не аб’ядноўваліся ў кнігу. Як развіццё гэтай ідэі, з’явілася думка прадставіць сучасную паэзію Літвы як мага больш шырока, бо прадстаўнічыя анталогіі з дзясяткамі аўтараў не выходзілі на беларускай мове з савецкіх часоў», — тлумачыць задуму выдання яе ўкладальнік Ціхан Чарнякевіч.

Пры дапамозе кансультантаў, паэтаў Маруса Бурокаса і Вітаса Дэкшніса, стваральнікі анталогіі — Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч і Ціхан Чарнякевіч — выбралі спіс найбольш яркіх аўтараў і кніг, якія выйшлі ў Літве ў апошняе дзесяцігоддзе і з’яўляюцца вызначальнымі і найбольш актуальнымі для разумення сучаснай літаратурнай сітуацыі ў краіне. Такім чынам, у кнізе «Горад на гары» чытачы пабачаць і тыя тэксты, якія ўжо можна было прачытаць у перыёдыцы, аднак ладную частку анталогіі складаюць творы, якія былі перакладзеныя адмыслова для гэтага выдання.

Кніга змяшчае біяграмы ўсіх аўтараў і аўтарак анталогіі з пералікам асноўных публікацый і кніг. Анталогію адкрывае кароткі нарыс гісторыі літоўскай паэзіі, напісаны Ціханам Чарнякевічам.

Перакладчыкі — Андрэй Адамовіч, Уладзіслаў Гарбацкі, Уладзімір Лянкевіч, Марыя Мартысевіч, Ванда Марцінш, Андрэй Хадановіч, Сяргей Шупа, Ціхан Чарнякевіч.

Выдавецтва: фонд «Kamunikat.org».

Набыць можна тут.

Вергілій «Энэіда» 

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

На беларускую мову ўпершыню пераклалі першы том «Энэіды» Вергілія, у які ўвайшлі кнігі з першай па шостую.

У творы паэта антычнага Рыма Вергілія (70–19 гады да н. э.) распавядаецца пра легендарнае паходжанне рымскага народа. Паэма Вергілія мае шчыльную повязь з гамераўскім эпасам. У змешчаных у гэтым выданні першых шасці кнігах эпасу, у якіх гаворка ідзе аб падарожжы Энэя з Троі ў Італію, можна бачыць частковае перайманне сюжэта «Адысеі».

У галоўным творы свайго жыцця паэт збліжае мінулае са сваёй сучаснасцю, міфы – з рэальнай гісторыяй; ён стварае запамінальныя вобразы як галоўнага героя, так і іншых смяротных і несмяротных персанажаў.

Перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Выдавец Раман Цымбераў.

Набыць можна тут.

Пэрл Бак «Вецер з Усходу, Вецер з Захаду»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Галоўная гераіня рамана Пэрл Бак «Вецер з Усходу, вецер з Захаду» – Квэй-лан – не змагарка і не рэвалюцыянерка. Яна – жанчына, якая вучыцца разважаць і разумець саму сябе.

Квэй-лан нарадзілася ў Кітаі, дзе традыцыі моцныя, як каменныя сцены. Яна вучылася слухацца, захоўваць сямейны гонар, быць годнай дачкой і жонкай. Але муж, які атрымаў заходнюю адукацыю, паказаў ёй, што можна жыць інакш – не руйнуючы мінулае, а спалучаючы лепшае з традыцый і прынцыпаў здаровага розуму.

Перакладчыца Кацярыны Несцяровіч.

Выдавецтва «Gutenberg Publisher».

Набыць можна тут.

Рэй Брэдберы «Марсіянскія хронікі»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Неперавышаны шэдэўр навуковай фантастыкі XX стагоддзя «Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы — гэта не проста гісторыя пра спробы чалавецтва каланізаваць Марс. Гэта глыбокае даследаванне нашых летуценняў, страхаў і няўдач. Праз серыю ўзаемазвязаных гісторый Рэй Брэдберы тчэ габелен з пранізлівых, паэтычных і захапляльных апо­ведаў.

Першае беларускае выданне «Марсіянскіх хронік» запрашае чытачоў адкрыць для сябе будучыню вачыма Брэдберы, якая падаецца адначасова далёкай і неверагодна знаёмай. У свеце пустынных марсіянскіх краявідаў і крохкіх чалавечых калоній Брэдберы па­майстэрску задаецца пытаннем: што адбудзецца, калі чалавецтва выйдзе за межы свайго ўласнага свету і прынясе з сабою ўсе яго праблемы?

Гэтая кніга — для летуценнікаў, філосафаў і ўсіх, хто калі­-небудзь глядзеў у неба і задаваўся пытаннем, што ляжыць за яго межамі.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

«Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

У серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі» выйшла кніга беларускіх замоваў з пераказам на расійскую і перакладам на ангельскую мовы.

Выданне ілюстраванае выцінанкамі Наталлі Сухой і мае гукавыя прыклады асобных тэкстаў, зробленыя ўкладальніцай у розных раёнах Беларусі і размешчаныя на YouTube-канале.

У выданне ўключаны тэксты замоў — адметнага і жывога да сёння жанру фальклёрнай творчасці беларусаў. Абсалютная большасць з іх друкуецца ўпершыню. Перад чытачом адкрываецца багаты свет традыцыйных уяўленняў з яго шчыльным і арганічным знітаваннем архаічнай міфалагічнай і хрысціянскай плыняў, а таксама праходзіць будзённае чалавечае жыццё, дзе шукаюць ратунку ад бед і хваробаў. Гэтым надзвычай яркім, паэтычным і нават займальным тэкстам прыпісвалася асаблівая моц.

Куратарка праекта доктарка філалагічных навук Таццяна Валодзіна каля 30 гадоў збірала па ўсёй Беларусі і запісала ўсе замовы, змешчаныя ў гэтым выданні.

Выдавецтва «Беларуская навука».

Набыць можна тут.

«Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

Зборнік студэнцкіх эсэ «Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га» выйшаў у дзвюх моўных версіях, апроч беларускай, яшчэ і па-ангельску — The Unbroken Generation. Youth Voices of Belarus 2020.

Рэдактарамі выступілі прафесарка Алены Карасцялёва і прафесар Віктар Шадурскі. Кніга таксама распаўсюджваецца задарма ў фармаце PDF.

«Аповеды студэнтаў пра тое, як з імі абыходзіліся прадстаўнікі беларускай дзяржавы, — кранальныя, пераканаўчыя і, часам, напісаны з гумарам. Гэты зборнік эсэ дае нам аўтэнтычнае і асабістае разуменне зламаных надзей аднаго пакалення, аднак аўтары ніколі не трацяць надзею. Іх рашучасць бачыць змены ў сваёй роднай краіне застаецца нязломнай на працягу ўсяго часу. У гэтым сэнсе яны —«няскораныя». Такія сведчанні пра падзеі 2020 года немагчыма знайсці дзе-небудзь яшчэ. Гэта важная кніга», — піша пра кнігу доктар Пол Хансберы з Уорыкскага ўніверсітэта.

Зборнік складаецца з 25 эсэ студэнтаў, якія сведчаць пра іхны досвед пратэстаў, затрыманні, катаванні і вымушаную эміграцыі. Кніга дае голас моладзі, якая брала ўдзел у падзеях 2020 году. Гэтыя гісторыі стануць важным і цікавым рэсурсам для даследчыкаў, мастакоў, актывістаў і палітыкаў.

Выдавецтва «Скарына».

Купіць кнігу або спампаваць электронную версію мажна тут.

Ангельская версія  тут.

«Распытванне на нулявым пункце»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

«Распытванне на нулявым пункце» (Befragungen am Nullpunkt) — кніга, у якой у форме эсэ і інтэрв’ю з беларускімі мастакамі абмяркоўваюцца пытанні пра сучасную незалежную культуру ў Беларусі і яе (вымушаную) «нулявую» сітуацыю, гаворыцца ў анатацыі.

У эсэ закранаюцца тэмы знішчэння культурных аб’ектаў і ніш для мастацкага і асабістага існавання, доступ да ўласнай творчасці ў выгнанні, там ёсць разважанні пра змену палітычных, сацыяльных і маральных катэгорый у рэчаіснасці «пераломнага моманту», а таксама мастацка-культурныя сувязі паміж Беларуссю і Украіна.

Аўтарамі з’яўляюцца беларускія мастакі, а таксама студэнты і эксперты па Усходняй Еўропе. Сярод іх: Антаніна Слабодчыкава, Артур Клінаў, Зміцер Вішнёў, Юра Дзівакоў, Лукас Берфус, Марыя Кірава, Юліус Ламберт, Пэгі Лозэ, Каця Яшчук.

Рэдактары кнігі: Ірына Герасімовіч, Надзін Менцэль, Ніна Велер.

Дзвюхмоўная кніга выйшла ў межах праекта 33 кнігі для іншай Беларусі.

Выдавецтве «Schublade».

Набыць можна тут.

Іна Калечыц «Палеаграфічная спадчына полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы: суправаджальныя надпісі на фрэсках і пытанне аўтарства»

Пра таемныя шыфры, прыроду творчасці і надпісы Еўфрасінні. Новыя кнігі лютага: літагляд

У манаграфіі вывучаюцца суправаджальныя надпісы полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, якія знаходзяцца каля постацяў святых, біблейскіх кампазіцый, на скрутках, што трымаюць у руках святыя. Суправаджальныя надпісы даюць матэрыял для складання палеаграфічных табліц ХІІ стагоддзя. Паводле падабенства графікі літар аўтар выказвае меркаванне аб выкананні надпісаў адным чалавекам, а менавіта прападобнай Еўфрасінняй Полацкай.

Спаса-Праабражэнскай царква, узведзеная ў ХІІ стагоддзі, амаль цалкам была пакрытая роспісамі, раскрываць іх фрагменты пачалі ў 1992 годзе. Адкрылі тысячу квадратных метраў фрэсак. Вядома, што Еўфрасіння сама выбірала сюжэты для роспісаў і суправажала іх цытатамі са святога пісання. Шрыфт на гэтых фрагментах паўтарае яе почырк.

Выдавецтва «Беларуская навука».

Набыць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости