На Еўрапейскім кінарынку Берлінале прайшоў пітчынг праектаў беларускіх кінематаграфістаў. Падзея, арганізатарам якой выступіла Беларуская незалежная кінаакадэмія, нечакана атрымала доўгі інфармацыйны шлейф, сёння выклікаўшы вакол сябе бурную дыскусію на старонцы вядомага беларускага культурнага дзеяча.
Якія кінапраекты на беларускую тэматыку сёння могуць быць запатрабаваныя ў свеце? Вылучыўшы з правакацыйнай палемікі гэту тэзу, Reform.news вырашыў даць кароткі агляд праектаў беларускіх аўтараў, якія пітчыліся на Еўрапейскім кінарынку. Журналіст выдання прысутнічаў на падзеі, якая ладзіцца ў межах індустрыяльнай платформы Берлінале ўжо ў трэці раз.
Для даведкі
Пітчынг (ад слова pitch — прасоўваць, выстаўляць пра продаж) — вусная або візуальная прэзентацыя кінапраекта з мэтай знаходжання партнёраў і інвестараў. Пітчынг у межах Еўрапейскага кінарынку ўжо трэці год запар ладзіць Беларуская незалежная кінаакадэмія, створаная ў 2022 годзе.
Напярэдадні пітчынгу быў аб’яўлены адкрыты конкурс праектаў, падацца на які мог кожны кінатворца.
Да публічнай прэзентацыі на Еўрапейскім кінарынку ўдзельнікаў адбіралі беларускія кінакрытыкі Ірэна Кацяловіч і Ігар Сукманаў, а таксама еўрапейскія эксперты з Фінляндыі і Італіі — рэпетытарка праектаў Documentary Campus, EsoDoc, WEMW і EAVE, экс-кіраўніца фестывалю DOK Leipzig Леэна Пасанэн, а таксама прадзюсар, рэжысёр, эксперт у галіне кіно, рэпетытар на Biennale Cinema College Venice, Amman Film Industry, Attagirl, Cannes Docs і іншых праграмах Стэфана Тэальдзі.
На пітчынгу былі прадстаўлены дзесяць праектаў ад беларускіх кінематаграфістаў: дзевяць ігравых і адзін дакументальны. Reform.new коратка распавядзе пра сем з іх, аўтары іншых трох па прычыне небяспекі пажадалі не публічыць свае працы.
1. Праект ігравога кіно «Аўгуст» (August). Рэжысёрка і сцэнарыстка праекта — Нэла Агрэніч, вядомая пра фільмах «Мой брат», «Тата», «Сябры па ліставанні»

Пра што праект:
Ганна — апалітычная жонка міліцыянера Цімура, які ўдзельнічаў у падаўленні мірных пратэстаў пасля сфальфікаваных выбараў у 2020 годзе. Ганна цяжарная і цярпліва чакае канца пратэстаў і ненавідзіць усё, з чым яны сутыкнуліся праз працу яе мужа. Але калі Цімур сведчыць супраць нявіннага чалавека, якога ён арыштаваў, Ганна разуме, што ўнутры яе саспявае маральны канфлікт.
«Аўгуст» ужо мае падтрымку польскіх прадзюсараў Эвы Хофман і Яцэка Гжэлака. Праект мае першапачатковую падтрымку ў 23 тысячы еўра, але для рэалізацыі гэта драма патрабуецца бюджэт, які вымярацца ў значна большых лічбах.
2. Праект ігравога «Краіна ўцех» (The land of delights). Аўтары — Аляксандра С. (рэжысёрка, сцэнарыстка) і Міхал Мешчык (рэжысёр)

Пра што праект:
Дыяна з’ехала з Беларусі ў Варшаву. Намагаючыся адбудаваць сваё жыццё, яна працуе хостэс у стрыптыз клубе. Пасябраваўшы з украінскай танцоркай Кацяй, дзяўчына знаёміцца з патаемным бокам гарадскога жыцця — там кіруе чалавек пад мянушкай Султан Вуліц. Дыяна сустракае паляка Рафала, з якім у яе здараецца раман. Малады чалавек прапаноўвае ёй з’ехаць разам у Нарвегію. Гераіня пагаджаецца, але стасункі з Рафалам у выніку прыводзяць яе ў турму. Дыяна вяртаецца ў Варшаву ні з чым.
Аднак гісторыя галоўнай гераіні зазнае яшчэ адзін паварот, калі яна губляе свой пашпарт.
Гэта адысея маладой эмігранткі заснавана на рэальных падзеях, падкрэсліваюць стваральнікі. Аўтарка карціны Аляксандра прапрацавала пэўны час у стрыптыз-клубе менеджарам, каб правесці даследаванне начнога жыцця.
На дадзены момант праект атрымаў падтрымку ў 100 тысяч еўра, але бюджэт карціны вылучаецца большымі сумамі. Плануецца ігравая карціна, альбо міні-серыял з сямі серый. Аўтары шукаюць прадзюсараў, sales-агентаў, дыстрыб’ютараў.
3. «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» (The swan song of Fedor Ozerov). Рэжысёр праекта — Юрый Сямашка
Фільм вытворчаці Літвы і Германіі акурат займеў сусветную прэм’еру ў межах секцыі Forum Берлінскага кінафестывалю.

Пра што праект:
25-гадовы Фёдар застаецца неадчувальным да чутак пра пачатак Трэцяй сусветнай вайны: ён хоча стварыць гурт і напісаць песні, але ў гэтай справе яму патрэбны магічны швэдар. У гэтым рытмічным дэбюце трагікамедыя сустракаецца з грэчаскай міфалогіяй і іроніяй, каб супрацьстаяць жаху.
На пітчынгу рэжысёр шукаў sales-агентаў і фестывальных дыстрыб’ютараў.
4. «Lithuania Minor». Рэжысёр — Арцём Лобач. Дакументальны фільм

Пра што праект:
«Lithuania Minor» — дакументальная карціна, якая даследуе ўнікальны культурны абшар у Заходняй Літве, побач з Нёманам. Гэты тэрыторыя памежжа, якая была ў свой час часткай Прусіі, зараз падзелена паміж Літвой, Расіяй і Польшчай. Фільм, занураючыся ў суіснаванне нямецкіх, савецкіх, літоўскіх і расійскіх традыцый, стварае партрэт культурнага перакрыжавання. Гэту складаную культуру ўвасабляюць два героі — рыбак, які працуе ў Нямеччыне — ён згубіў сувязь са сваёй спадчынай праз савецкую каланізацыю. І другі персанаж — былы афіцэр паліцыі, які пераўтварыў старую нямецкую школу ў сучасны гатэль.
Праект пакуль не атрымаў падтрымкі і шукае галоўнага прадзюсара.
5. «Суд мёртвых» (Judgment of the dead). Стваральнікі праекта — Андрэй Кашперскі (рэжысёр, сусцэнарыст), Міхаіл Зуй (сусцэнарыст), вядомыя аўтары серыяла «Працэсы» і праекта «ЧынЧынЧанэл». Свой новы твор кінематаграфісты пазначаюць як камедыйны хорар

Пра што праект:
У Беларусі прымаецца закон, які дазваляе судзіць мёртвых. І беларускія ўлады пачынаюць масавыя суды мёртвых апанентаў рэжыму з мэтай канфіскацыі іх маёмасці. Але прывіды мёртвых прыходзяць да суддзі Аляксандры, якая выносіць прысуды падобнага кшталту. Мёртвыя патрабуюць апеляцыі супраць вердыктаў. Аднак Аляксандра адмаўляецца апраўдваць іх, і прывіды брутальна забіваюць суддзю.
Дачка Аляксандры, суддзя Дыяна, працягвае справу яе маці. У гэты ж час расследаваннем загадкай смерці Аляксандры пачынаюць займацца агенты КДБ. І раптам высвятляецца, што Дыяна валодае звышздольнасцю ўваскрашаць мёртвых.
Вядома, што ў праекце галоўныя ролі граюць Зоя Белахвосцік і Валянціна Гарцуева. Фільм ужо мае падтрымку ў 25 тысяч еўра, але шукае прадзюсараў, sales-агентаў.
6. «Тры гады лістапада» (Three years of November). Cцэнарыстка і рэжысёрка — Улада Сянькова, аўтарка карцін «Граф у апельсінах», «II»

Пра што праект:
Гэта гісторыя пра 37-гадовую беларускую рэжысёрку Яну, якая бяжыць ад палітычнага пераследу ў Варшаву, і 22-гадовага польскага рэп-выканаўцу Дамініка. Воляю лёсу маладыя людзі вымушаны дзяліць адзін пакой у Варшаве. Яна, якую прымусова прымусілі падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, ізалюе сябе, бо не хоча даваць інфармацыю пра дыяспару.
У Дамініка мноства даўгоў, ён хоча знайсці прадзюсара, але пакуль яго мары разбіваюцца аб рэаліі жыцця.
Кожны з герояў шукае свае месца пад сонцам, кожны пакутуе з-за няздзейсненых спадзяванняў. Але пераадольваючы ўласныя траўмы, Яна і Дамінік спазнаюць шлях ад нянавісці да кахання. Усё гэта на фоне вайны ва Украіне, рэпрэсій у Беларусі, ядзернага шантажу і мілітарызацыі свету.
Праект знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і шукае прадзюсараў і sales-агентаў. У галоўнай ролі ў будучай карціне здымаецца Нэла Агрэніч.
7. «Суперпазіцыя» (Superposition). Рэжысёрка — Марыя Пташка. Жанр фільма — драма

Пра што праект:
Гісторыя крочыць за Віталікам, вучоным, які звольніўся з Акадэміі навук пасля выбуху ў лабараторыі. Ён падаецца на арт-рэзідэнцыю, каб у новым мастацкім атачэнні знайсці формулу таго, як нараджаецца ідэя ў свядомасці чалавека. Матэрыял, на аснове якога ладзяцца яго даследаванні — камбуча. Але Віталь сустракае ў арт-рэзідэнцыі мастачку Улю, закохваецца ў яе і пачынае вывучаць камбучу ўжо з пункту гледжання эмацыйных сувязяў. У адзін момант ён вырашае выпіць напой, і… правальваецца ў падсвядомае.
Будучая ігравая стужка мае падтрымку ў 64 тысяч еўра і шукае прадзюсараў і далейшае фінансаванне.
Які праект абралі б вы, шаноўныя чытачы, для падтрымкі?
Нагадаем, што пітчынг праектаў беларускіх кінематаграфістаў адбыўся ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю, які ладзіўся з 13 па 23 лютага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram