Дэбютны раман пісьменніка Аляксандра Карнаўха «Халодныя землі» быў надрукаваны ў кракаўскім выдавецтве Gutenberg Publisher. Цяпер аўтар містычнага трылеру адпраўляецца ў літаратурны тур па Польшчы.
Аляксандр Карнаўх — фізік па адукацыі. Нарадзіўся ў Нясвіжы, аднак нейкі час — як сын вайскоўца — жыў у Германіі, таму беларускую мову ў дзяцінстве не вывучаў, аднак першую кнігу напісаў па-беларуску. Цяпер Аляксандр жыве ў Італіі.
У кнізе расказваецца гісторыя выкладчыка ўніверсітэта Антося, які страціў любімага сабаку, а жонка прыходзіць да высновы, што іх шлюб не мае будучыні. Таму калі знаёмая Антося прапаноўвае яму разабраць тэкст загадкавых сшыткаў, напісаных зютэрлінам, ён, спрабуючы ўцячы ад рэчаіснасці і справіцца з унутраным болем, адразу згаджаецца. Сшыткі, тэкст у якіх напісаны забытым нямецкім шрыфтам зютэрлінам, знайшлі ў адной з вёсак непадалёк ад балот, дзе жыў дзед Антося.
Літаратурны тур з прэзентацыяй рамана распачнецца ў Варшаве 17 траўня — падчас Міжнароднага кніжнага кірмашу, пазней адбудзецца ў Кракаве, Уроцлаве, Познані, Быдгашчы, Гданьску.
Расклад сустрэч можна паглядзець тут.
Падчас прэзентацыі можна будзе набыць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram