Міжнародны тэатральны інстытут (ITI — International Theatre Institute) аб’явіў Пасланне да Міжнароднага дня тэатра, які адзначаецца сёння, 27 сакавіка.
Такое пасланне, напісанае выбітнай асобай свету сцэны, рыхтуецца ўжо больш за 60 гадоў, першае было распаўсюджана ў 1962 годзе французскім літаратарам і мастаком Жанам Както.
Сёлетнім аўтарам з’яўляецца егіпецкая актрыса Саміха Аюб, якая пачынае свой зварот апісаннем катастрафічнага стану свету: «Нявызначанасць — гэта вынік таго, з чым нам даводзіцца сутыкацца перад шматлікімі канфліктамі, войнамі і стыхійнымі бедствамі. Яны руйнуюць наш матэрыяльны, духоўны свет і руйнуюць псіхічнае жыццё, але ў той жа час падкрэсліваюць: тэатр у сваёй першапачатковай форме — гэта дзеянне, заснаванае менавіта на падмурку чалавечнасці, якім з’яўляецца жыццё.
Я размаўляю з вамі сёння, адчуваючы, што свет ператварыўся ў самотны востраў або карабель у тумане, які складае ветразі і дрэйфуе без рулявога і арыенціраў. Аднак ён працягвае сваё падарожжа ў надзеі дабрацца да бяспечнай гавані пасля доўгага марскога паходу.
Свет ніколі не быў такім адзіным і падзеленым адначасова. У гэтым і заключаецца драматычны парадокс нашай сучаснасці. З аднаго боку, хуткасць інфармацыі і сучасная камунікацыя пераадолелі ўсе геаграфічныя бар’еры. З іншага боку, сённяшнія канфлікты і напружанасць выйшлі за межы лагічнага мыслення, стварыўшы фундаментальную неадпаведнасць, якая аддаляе нас ад сапраўднай сутнасці жыцця».
Потым актрыса вызначае ролю тэатра ў нашым неспакойным свеце: «Тэатр у сваім першапачатковым выглядзе — гэта дзеянне, заснаванае менавіта на падмурку чалавечага быцця. Як казаў Канстанцін Станіслаўскі: «Ніколі не выходзьце на сцэну з брудам на нагах. Пакіньце свой бруд звонку. Пазбаўцеся ад сваіх маленькіх клопатаў і ўсяго, што адцягвае ўвагу ад мастацтва». Выйшаўшы на сцэну, мы прыўносім толькі жыццё, здольнае памнажаць энергію. Яно ажыўляе іншых, прымушае іх квітнець і станавіцца багацей ўнутры.
Тое, што мы робім у тэатры як драматургі, рэжысёры, акцёры, дэкаратары, паэты, музыканты, харэографы і тэхнікі, усё без выключэння, — гэта акт стварэння жыцця, якога не было да таго моманту, як мы выйшлі на сцэну. Гэтае жыццё заслугоўвае клопату… Я не перабольшваю, калі кажу, што тое, што мы робім на сцэне, — гэта акт стварэння жыцця з небыцця»…
Саміха Аюб тлумачыць, што тэатр дае інструменты, каб супрацьстаяць і выжыць: «Мы выкарыстоўваем святло мастацтва, каб супрацьстаяць цемры невуцтва і экстрэмізму. Мы прытрымліваемся дактрыны жыцця, каб яно магло распаўсюджвацца. Нашы намаганні, час, пот і слёзы, кроў і нервы — усё, што ў нас ёсць, служаць гэтай вышэйшай мэце. Абараняючы праўду, дабро і прыгажосць, мы верым, што жыццё заслугоўвае таго, каб яго пражываць».
Дзеля ўмацавання дактрыны жыцця Саміха Аюб заклікае знайсці ў сабе страчаную сутнасць чалавека: «Давайце адкінем брыдкі вобраз жорсткасці, расізму, крывавых канфліктаў, аднабаковага мыслення і экстрэмізму. Людзі ходзяць па гэтай зямлі і пад гэтым небам тысячы гадоў, і яны працягнуць сваё падарожжа. Такім чынам, давайце выйдзем з балота войнаў і крывавых канфліктаў — пакінем іх каля дзвярэй сцэны. Можа быць, тады затуманеная сумневамі чалавечнасць зноў стане катэгарычнай пэўнасцю. Давайце зноў будзем ганарыцца тым, што мы людзі, браты і сёстры».
І напрыканцы актрыса зноў звяртаецца да місіі тэатра: «Наша місія, драматургаў, якія нясуць паходню асветы, з моманту першага з’яўлення акцёра на сцэне — пастаянна супрацьстаяць выродліваму, крываваму і бесчалавечнаму. Узамен мы прапануем прыгожае, чыстае і гуманнае. У нас ёсць здольнасць распаўсюджваць жыццё. Давайце аб’ядноўвацца ў імя адзінага свету і адзінага чалавецтва».
Саміха Аюб вядомая сваёй дзейнасцю на сцэне, у кіно і тэлебачанні. У пачатку 1970-х кіравала «Сучасным тэатрам», з 1975 года была дырэктарам Нацыянальнага тэатра Егіпта. У 2015 годзе яна атрымала ўзнагароду Nile Arts Prize ў галіне мастацтва. У тым жа годзе яе імем была названа вялікая зала Нацыянальнага тэатра.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: