Драмедзі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі працягвае свой фестывальны шлях. Пасля сусветнай прэм’еры на Берлінскім кінафестывалі ў лютым, фільм, адзначаны чытацкім журы нямецкай газеты «Tagesspiegel», трапіў у конкурс Паўднёвакарэйскага кінафестывалю ў Чонджу.
Стужка пра маладога музыканта Фёдара, апантанага пошукамі магічнага швэдара, была адабраная ў дзясятку фільмаў міжнароднага конкурсу з усяго свету. Поўнаметражны дэбют Юрыя Сямашкі будзе спаборнічаць на фестывалі са стужкамі з Аргентыны, Францыі, Індыі, Аўстрыі, ЗША, Японіі і іншых краін.
Міжнародны кінафестываль у Чонджу спецыялізуецца на незалежным і эксперыментальным кіно: сёлета агулам на аглядзе будуць паказаны 224 фільмы з 57 краін. Адкрываць падзею будзе сатырычная драма румынскага рэжысёра Раду Жудэ «Кантыненталь’ 25».
Нагадаем, што ігравая мікрабюджэтная карціна «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», якая нарадзілася праз падтрымку беларускай кінакампаніі на чале з прадзюсарам Леанідам Каліценем — Belarusian Filmmakers’ Network, літоўскай кампаніі Artbox і нямецкай Shoot’n’Post, распавядае пра маладога музыку Фёдара, апантанага пошукам швэдара, які дорыць натхненне. Напярэдадні новага года, у часы напружанай палітычнай абстаноўкі — чакання пачатку Трэцяй сусветнай вайны — Фёдар пачынае ўласную адысею, якая прывядзе яго ў цалкам невядомыя абшары. У карціне здымаліся беларускія акторы і музыкі: Вячаслаў Кміт, Віялета Рагачова, Павел Гарадніцкі, Міхаіл Зуй, Наста Рысік, Аляксей Любчанка. Аператар стужкі — Сяргей Кавалёў.
Адзначым, што да азіяцкай прэм’еры ў Чонджу «Лебядзіную песня Фёдара Озерава» можна будзе ўбачыць у Берліне. 5 красавіка карціна будзе дэманстравацца ў культавым берлінскім кінатэатры Krokodil.
Паўднёвакарэйскі міжнародны фэст, які ладзіцца сёлета ў 26-ты раз, пройдзе з 30 красавіка па 9 мая.
Як прайшла сусветная прэм’ера карціны на Берлінале, можна пачытаць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram