Reform.news

«Пачынаем у Швецыі, працягнем ва Украіне». Рэжысёр серыяла «Пукст на Поўначы» Арцём Лобач распачаў здымкі новага дакументальнага фільма

Reform.news · 9 октября 2026, 17:53

https://reform.news/pachynaem-u-shvecyi-pracjagnem-va-ukraine-rjezhysjor-seryjala-pukst-na-po-nachy-arcjom-lobach-raspacha-zdymki-novaga-dakumentalnaga-filma/

Беларускі кінематаграфіст Арцём Лобач — рэжысёр дакументальнага міні-серыяла «Пукст на Поўначы», які прама зараз выходзіць на Reform.news, — распачаў працу над сваім новым кінапраектам. Здымкі ўжо стартавалі ў Скандынавіі, а наступным этапам стане Украіна. Пра гэта фільммейкер эксклюзіўна паведаміў Reform.news.

Паводле слоў Арцёма Лобача, першапачатковая ідэя стварэння стужкі істотна трансфармавалася падчас падрыхтоўчага перыяду:

«Тэма пачыналася з таго, што мой знаёмы, які жыве ў Швецыі, дапамагае пераганяць машыны на фронт ва Украіну. Спачатку задума была здымаць кіно менавіта пра гэта. Але за год працы, пакуль шукалі фінансаванне і пісалі сцэнар, мы дапрацавалі канцэпцыю. Машыны засталіся фонам, а ў цэнтры ўвагі апынуліся людзі: галоўныя героі стужкі — гэта адзін швед, у якога мы зараз здымаем, і адна сям’я ва Украіне», — распавёў дакументаліст.

Аўтар адзначыў, што здымачны працэс пачаўся ў Швецыі, аднак падрабязнасці сюжэта пакуль трымаюцца ў таямніцы, бо праект знаходзіцца ў жывой стадыі развіцця. Аднак ужо вядома, што гэта будзе поўнаметражная дакументальная карціна.

Арцём Лобач — беларускі рэжысёр дакументальнага кіно і кліпмейкер. У яго даробку — такія дакументальныя працы, як «Шлях дадому», «Простыя рэчы», «Бліжэй, чым ты думаеш», «Дом», «Кроў на траве», «Дом там, дзе я?» ды іншыя. Удзельнік міжнародных кінафестываляў: «Бульбамуві», Cinema Perpetuum Mobile, «Паўночнае ззяне», Artdocfest, лаўрэат Прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Аўтар і рэжысёр некалькіх дакументальных цыклаў для тэлеканалаў Белсат і currenttime.tv.

Нагадаем, 5-серыйны дакументальны праект Reform.news «Пукст на Поўначы» з музыкантам Сяргеем Пукстам выходзіць па серадах на YouTube-канале «Саша, што ты нясеш?!» — на сённяшні дзень ужо апублікаваныя дзве серыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий