Новая хваля? Праекты больш за дзесяці беларускіх фатографаў будуць прэзентаваны на прэстыжным Фотафестывалі ў Лодзі

Культура
Саша Вялічка «Called to the Carpet». Фота: fotofestiwal.com

Сёлета адзін з самых прэстыжных фотафестываляў Еўропы — Fotofestiwal у Лодзі (18–28 чэрвеня) — пройдзе пад знакам салідарнасці з незалежнай Беларуссю. На падзеі адбудзецца прэзентацыя дзесяці праектаў беларускіх фатографаў, а таксама выстава Сашы Вялічка, фотамастачкі са Слоніма, якая ўзяла галоўную ўзнагароду фэсту Fotofestiwal Grant 2026.

«Выкліканыя на дыван»

Праект Сашы Вялічка пад назвай «Called to the Carpet» («Выкліканыя на дыван») стаў найлепшым сярод сотняў заявак з усяго свету. 19 чэрвеня ў Камяніцы Хіларыя Маеўскага адкрыецца выстава беларускай аўтаркі і будзе працаваць цягам усяго фестываля.

Назва «Выкліканыя на дыван» адсылае і да савецкай ідыёмы пра допыт у начальніка, і да фізічнага гвалту ў турмах. Саша працуе з тэмай «біяпалітыкі» — яна даследуе, як дзяржава спрабуе кантраляваць цела палітзняволеных. Гэта моцнае, інтэлектуальнае мастацтва, якое прынесла аўтарцы і статус «Futures Talent 2026» — аднаго з самых перспектыўных імёнаў еўрапейскай фатаграфіі.

Творца, якая працуе на мяжы фатаграфіі, архіўнай працы, інсталяцыі і новых медыя, падрыхтавала серыю партрэтаў, надрукаваных на дыване і фатаграфіі, у супрацы з ініцыятывамі Politvyazynka і Pink Scarves.

Новая хваля? Імёны, якія варта запомніць

Поспех Сашы Вялічка — не адзінкавая прысутнасць беларускай фатаграфіі на падзеі. Дзякуючы спецыяльнай праграме падтрымкі беларускіх фатографаў, якую фэст ладзіць разам з міжнароднымі куратарамі (Ганна Карпенка, Эмануэль Халкін і Іштван Вірагвёльдзі), сёння на івэнце можна будзе ўбачыць праекты яшчэ дзесяці сучасных аўтараў з Беларусі.

27 чэрвеня ў Art_Inkubator пройдуць публічныя прэзентацыі працаў вядомых, так і новых беларускіх фатографаў:

  • Марыі Алена Бонэт
  • Кацярыны Дзегцярэнка
  • Пашы Крычко
  • Кацярыны Кузмічовай
  • Кацярыны Мяц
  • Лесі Пчолка
  • Максіма Сарычава
  • Марыі Сазонавай
  • Юліі Шаблоўскай
  • Паліны Турко.

Гэта маладое і сярэдняе пакаленне фатографаў, якое намагаецца адлюстраваць глыбінныя трансфармацыі грамадства, працуюць з архівамі і асабістымі траўмамі. Кожны з іх мае сваю мастацкую мову.

Шмаслойная прысутнасць

Адзначым, што беларускі дэсант у Лодзі не абмяжуецца толькі выступамі.

Пятнаццаць аўтараў (уключаючы Яўгена Атцецкага, Максіма Багдановіча, Мілу Іванову, Марыю Карнеенка, Яўгенію Курган і Караліну Палякову) увойдуць у спецыяльны міжнародны PDF-каталог, які пойдзе па руках еўрапейскіх галерыстаў і крытыкаў.

Таксама конкурс уключае і магчымасць працы ў творчай рэзідэнцыі ў Польшчы, якая пройдзе ў кастрычніку 2026 года. Тут спіс абраных фіналістаў будзе абвешчаны на пазнейшым этапе.

Заснаваны 25 гадоў таму, Fotofestiwal у Лодзі з’яўляецца адной з самых уплывовых фотападзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сёлета фестываль (які пройдзе з 18 па 28 чэрвеня) засяроджаны на тэмах вызвалення, экалогіі і калектыўнай памяці. У агульнай праграме возьмуць удзел каля 150 мастакоў, а агульная тэма заклікае пераасэнсаваць адносіны з навакольным асяроддзем і мінулым праз прызму «свабоды».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.