«Гэта ня рукапіс Барадуліна, а ксеракс. Такі самы ў мяне ляжыць дома — у сэнсе, недасяжны, у Беларусі, у маіх паперах», — пісьменніца Югася Каляда дадала яшчэ адну главу ў гісторыю з выпадкова знойдзеным невядомым вершам Рыгора Барадуліна, якая прагучала ў байнэце. Са слоў літаратаркі, ідэнтычны знаходцы Ганны Каспяровіч аркуш яна атрымала ў 1998 годзе, калі прыехала на «Чарнобыльскі шлях» у Мінск.
Пра што гаворка?
Нагадаем, што ўчора газета «Новы час» надрукавала «маленькую» сенсацыю — невядомы рукапіс верша Рыгора Барадуліна выпадкова быў знойдзены ў зборніку паэта «Прынамсі» 1977 года. Выданне разам з іншымі кнігамі было перададзена беларускай архітэктарцы Ганне Каспяровіч у Кракаў. Калі Ганна знайшла ў зборніку паперку з вершам 1998 года і подпісам беларускага паэта, яна пачала пошукі і высветліла, што твор да гэтай пары нідзе друкаваўся. Атрымоўваецца, што верш «Вольна развінайцеся» раней увогуле не даходзіў да чытачоў.
«Гэта сапраўдны цуд», — падсумоўвае ўладальніца артэфакта.
Публікацыя пра знаходку выклікала рэзананс, і літаральна ў той же дзень на навіну адгукнулася пісьменніца з Гомеля Югася Каляда. Яна ўзнавіла, што падобны аркуш з вершам беларускага класіка ёсць у яе архіве. І гэты не рукапіс, сцвярджае аўтарка, а ксеракопія.
«Мяне гэты верш расчуліў да слёз!»
Па просьбе Reform.by пісьменніца падзялілася сваёй версіяй «паходжання» аркуша.
— Гэты быў 1998 год, я памятаю, што прыехала з Гомеля ў Мінск на «Чарнобыльскі шлях». Ішоў апошні год майго навучання ў школе перад універсітэтам, у мяне былі сябры ў Менску, я тады актыўна камунікавала з беларусканацыянальнай супольнасцю, — уводзіць у кантэкст аўтарка.
Са слоў спадарыні Каляды, аркуш з вершам Рыгора Барадуліна на тым мітынгу ёй даў яе сябра — будучы журналіст і вучоны Віктар Корбут.
— Я спытала тады, пабачыўшы паперу: «Гэта праўда рукапіс Рыгора Барадуліна?». І мой сябра пажартаваў: «Канечне, Рыгор Барадулін сядзеў і пісаў аркушы цэлы дзень». Віктар паказаў мне цэлы стос гэтых копій і дадаў, што аркушы былі памножаныя ва Ўправе БНФ на Варвашэні, 8. (Сёння гэта вуліца Машэрава — заўвага Reform.by).
Пісьменніца згадвае, што ў той час Управа БНФ — гэта была «амбасада Беларусі» ва, уласна, Беларусі. Ля ўваходу ў офіс вісеў бела-чырвона-бела сцяг. Туды было можа вольна зайсці і ўзяць розныя лістоўкі, матэрыялы.
— У маёй памяці дакладна адбілася, што памножаныя копіі былі адтуль, — працягвае расповед наша суразмоўца. — «Вольна развінайцеся!», — я памятаю радок з верша. Пасля мітынгу я захавала паперу і павесіла яе ў сябе на сцяне ў юначым пакоі, — дадае аўтарка.- І верш да гэтай пары захоўваецца ў маіх архівах у Беларусі, толькі хутка яго цяпер не знойдзеш.
Ці ведала тады Югася, што верш — ненадрукаваны?
— Мне гэта ў галаву не магло прыйсці! — прызнаецца яна. — Я была ўпэўненая, што верш — вядомы, яго раздавалі ўсім, — адказвае яна. — І калі я прачытала артыкул у «Новым часе», то ўвогуле была шакавана. Вось якая сенсацыя! Калі б я толькі ведала, што гэты верш невядомы…, — усміхаецца наша візаві.
Югася Каляда дадае, што гісторыя са знойдзеным артэфактам ускалыхнула ў ёй шмат добрых успамінаў пра тагачасны Мінск і Беларусь.
— 1998 год — толькі два гады прайшло, як адбыўся ганебны рэферэндум, — узнаўляе яна тыя часы. — Усё вакол яшчэ віравала, яшчэ ў людзей жыла надзея, што гэта беззаконне, бандыцкая ўлада доўга не працягнуць. Памятаю, які тады быў вялікі мітынг на 26 красавіка, як мы дайшлі да Опернага тэатра і фатаграфаваліся на яго прыступках с расцяжкамі…
— На мой век прыпала дзве вясны: першая — гэта 1991 год — і яна доўжылася пакуль не згасла, а другая вясна ў нас была такая, што не ведаю з чым параўнаць — з Аршанскай бітвай, напэўна. Гэта, вядома, я пра 2020 год, — эмацыйна дзеліцца пісьменніца. — Таму так, мяне гэта гісторыя і ўзнёслы і прыгожы верш Барадуліна расчулілі да слёз! — прызнаецца яна.
«Прадмет для даследавання тут ёсць»
Каб дазнацца больш пра «паходжанне» аркуша, Reform.by палічыў важным звязацца і з сябрам Югасі Каляды — журналістам і вучоным Віктарам Корбутам.
— У 1998 годзе я заканчваў Ліцэй пры Беларускім гуманітарным адукацыйна-культурным цэнтры. Тады ж я часта бываў ва Управе БНФ. Увогуле я там бываў з 1994 года, калі пачаў яшчэ школьнікам прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. А 1998 год быў пачаткам маёй журналісцкай дзейнасці, — узнаўляе той час журналіст. — Я пісаў у розныя самвыдатаўскія газеты, у тым ліку тыя, якія выдаваў “Малады фронт”, маладзёжная арганізацыя пры БНФ, і іншыя нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі.
— Мне здаецца, гэты верш Барадуліна мог з’явіцца ў тагачаснай прэсе, — падзяліўся Віктар сваім меркаваннем. — Або, калі не быў абнародаваны ў газетах, то мог быць надрукаваны ў выглядзе лістоўкі. Тады яшчэ не быў так распаўсюджаны інтэрнэт, як цяпер, і ўсе матэрыялы не перасылаліся праз месенджары або з’яўляліся ў электронных СМІ, а ксеракапіраваліся, а далей распаўсюджваліся з рук у рукі. Рыгор Барадулін, як вядома, быў сябрам БНФ, і таму гэты верш па ініцыятыве кагосьці з БНФ мог быць размножаны менавіта ва Управе, а адтуль яго мог сабе ўзяць любы жадаючы. 26 красавіка на Чарнобыльскім шляху мы пазнаёміліся з Югасяй. І я мог ёй даць лістоўку з вершам Барадуліна. Я тады браў усю друкаваную прадукцыю ва Управе і распаўсюджваў сярод сяброў і знаёмых, — распавядае наш субяседнік.
Віктар Корбут дадае, што знойдзены цяпер верш выклікаў у яго эфект дэжавю.
— Як толькі я прачытаў інфармацыю пра гэты верш, я азнаёміўся, натуральна, і з самім гэтым творам. І мне здалося, што я раней нешта падобнае ўжо чытаў. А на наступны дзень да мяне звярнуліся вы, журналіст Reform.by, з пытаннем… І я, шчыра кажучы, не здзівіўся вашаму пытанню. Бо некаторыя метафары, эпітэты, выкарыстаныя паэтам у вершы, мне здаецца, я ўжо раней сустракаў у яго творчасці. Магчыма, на “той самай” лістоўцы. Праўда, я сам дакладна не магу ўспомніць, якія творы ў 1998 годзе распаўсюджваліся ва Управе БНФ, — адказвае Віктар.
— Магчыма, нехта са сведкаў тагачасных падзей мог бы ўспомніць нейкія дэталі, якія не захаваліся ў маёй памяці. Але калі Югася гаворыць, што верш у выглядзе лістоўкі даў ёй менавіта я, то не стану гэта адмаўляць. Для мяне гэта была звычайная практыка: дзяліцца такога роду літаратурай з сябрамі, знаёмымі. А для Югасі, мабыць, гэта магла быць яркая падзея, якая адбілася ў памяці больш выразна, чым у мяне: хаця б таму, што яна паэтэса і да вершаванага слова адносіцца неабыякава, — кажа журналіст.
Віктар Корбут падкрэслівае, што ён не хоча спяшацца з вывадамі. Даследчык і ўдзельнік даўніх падзей вельмі асцярожна заўважае:
— Тэарэтычна магчыма, што калі ніхто не паклапаціўся ў свой час пра публікацыю гэтага твора ў адным са зборнікаў Рыгора Барадуліна, ён мог застацца толькі на лістоўцы. Таму сёння і быў імгненна акрэслены як “невядомы”. Але хто ведае… Можа, верш яшчэ ў 1998 годзе апублікавалі ў нейкім выданні, але гэта публікацыя забылася… З другога боку, нягледзячы на тое, што я добра знаёмы з творчасцю Рыгора Барадуліна і быў знаёмы з ім, дарэчы, з 1998 года, я ўсё ж не з’яўляюся даследчыкам яго творчасці, каб даць адназначны адказ: ці гэты твор сапраўды “невядомы”, “новы” для нас, ці ўжо дзесьці публікаваўся. Аднак, падкрэслю, што некаторыя радкі менавіта гэтага верша мне здаюцца знаёмымі. Тут я магу цалкам даверыцца сваёй памяці і яе сігналам, — дадае аўтар.
Застаецца спадзявацца, што наша публікацыя ў сваю чаргу дапаможа «праліць святло» на гісторыю невядомага верша дзядзькі Рыгора.
Публікуем тэкст верша:
Вольна разьвінайцеся!
Бел-чырвона-белыя буслы,
Вы — сьцягі,
Якія немагчыма
Зь неба зьняць
З зацятасьцю айчыма.
Вы —
Як нашы шчырыя паслы.
Нашы душы пасылаюць вас
Папрасіць дабраслаўленьня ў Бога,
Каб у Край наш
Пані Перамога
Зноў наведалася ў добры час.
Вам пасьцелім сэрцы,
Як лугі.
Асланяйце Беларусь сьвятую.
Вечны той,
Хто родны Край ратуе.
Вольна разьвінайцеся,
Сьцягі!
4 сакавіка, 98
Рыгор Барадулін.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: