«Не існавала тады ніякага яўрэйскага мастацтва, не існавала ніякага беларускага жывапісу ў тыя часы»: Леанід Парфёнаў — пра тое, чый Шагал

Культура
Марк Шагал. Фота: https://blog.artsper.com.

Леанід Парфёнаў не лічыць мастацтва Марка Шагала ні габрэйскім, ні беларускім. «Як школа гэта, відавочна, рускі і французскі мадэрн. Я не разумею, навошта прывязвацца да яго яўрэйскага паходжання. Не існавала тады ніякага яўрэйскага мастацтва, не існавала ніякага беларускага жывапісу ў тыя час. Ну, Віцебск увогуле ніхто не ўспрымаў ніякай Беларуссю ў тагачаснай унітарнай Расійскай імперыі», — падзяліўся ён сваім меркаваннем з вядоўцам YouTube-шоу «Рэдакцыя» Аляксеем Піваваравым. Чарговае «перапрысваенне» культурнай спадчыны заўважыла «Наша Ніва».

Размова Леаніда Парфёнава з расійскім журналістам Аляксеем Піваваравым на гэты конт адбылася ў адным з апошніх выпускаў YouTube-канала «Рэдакцыя» — спадар Півавараў сустракаўся з Парфёнавым у Вене. Праходзячы міма афішы выставы Марка Шагала, што зараз ладзіцца ў «Альберціне», вядоўца пацікавіўся ў героя выпуску, ці лічыць ён Марка Шагала рускім мастаком. На гэта пытанне аўтар «Намедни» выдаў разгорнуты адказ, у якім пазначыў мастацтва Шагала «рускім і французскім мадэрнам», а габрэйскі і беларускі жывапіс, на той час, па меркаванні журналіста, увогуле не існаваў. «Ну, Віцебск увогуле ніхто не ўспрымаў ніякай Беларуссю ў тагачаснай унітарнай Расійскай імперыі», — дадаў ён.

«Не існавала тады ніякага яўрэйскага мастацтва, не існавала ніякага беларускага жывапісу ў тыя часы»: Леанід Парфёнаў — пра тое, чый Шагал
Скрыншот з відэа.

«Ён [Марк Шагал], вядома, у значнай ступені выйшаў з рускага мадэрна і тая школа, якую яны з Эль Лісіцкім стварылі ў вельмі нядоўгі час рэвалюцыйнай рамантыкі. (Гаворка ідзе пра стварэнне Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў 2018 годзе — заўвага Reform.news). Ён [Марк Шагал], здаецца, у 1922 другім пераехаў? Ён яшчэ дастаткова маладым чалавекам пераехаў ва Францыю, але і да Першай сусветнай вайны ён атрымаў вельмі моцную ін’екцыю гэтага ўсяго (маецца на ўвазе час прыбывання ў Парыжскім вуллі ў 1911-1913 гадах».

«Толькі што я быў на выставе Восіпа Цадкіна, — узгадаў журналіст і яшчэ аднога габрэйскага мастака, ураджэнца Беларусі. — У Парыжы ёсць музей Восіпа Цадкіна, ён таксама чалавек з Віцебску, і вучыўся з Шагалам разам, авангардыйскі скульптар. Вельмі багаты аўтар — не шыбка вядомы ў былым СССР. Ён з’ехаў у 15 гадоў. Так што ў значнай ступені яны былі сфарміраваны на захадзе менавіта мастацкім мадэрнісцкім метадам. Зразумела, што вобразы вечнага Віцебска, якога не існавала ўжо тады… Калі Шагал у пачатку 1970-х прыязджаў у СССР, ён адмовіўся ў Віцебск ехаць, разумеючы, што ідзішлэнда не існуе. І што ён там будзе гараваць?».

Са сказанага вынікае, што Леанід Парфёнаў па-ранейшаму існуе ў парадыгме «рускага свету», метраполіі і «калоній», калі гісторыя краін, якія адышлі да Расійскай імперыі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, пішацца ад імя той самай метраполіі. Няма ні прызнання культурнай адметнасці беларусіх гарадоў і мястэчак, ні разумення культурнага асяродку, у якім фарміраваліся творцы, якія ў далейшым, з’ехаўшы, зрабілі ўнёсак у гісторыю сусветнага мастацтва. Няма таксама бачання тых працэсаў, якія адбываюцца пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.

Адзначым, што феномен культурнага асяродку ў Беларусі, які даў свету выбітных творцаў, заўважыў у свой час Віктар Бабарыка. У 2011 годзе банкір пачаў фарміраваць карпаратыўную калекцыю «Белгазпрамбанка», у якую стаў набываць творы габрэйскіх мастакоў, ураджэнцаў Беларусі — Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Хаіма Суціна, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя, Восіпа Любіча і іншых. Калекцыя дазволіла пазначыць Беларусь як месца нараджэння вядомых мастакоў свету на еўрапейскай мапе мастацтва. Зараз гэты збор аформіўся ў праект «Арт-Беларусь» і яго можна паглядзець у галерэі ў Мінску на Казлова, 3.

У 1990-2000-я актыўна пісаў пра мастакоў Парыжскай школы з Беларусі мастацтвазнаўца Барыс Крэпак — серыя «Вяртанне імёнаў».

«Не існавала тады ніякага яўрэйскага мастацтва, не існавала ніякага беларускага жывапісу ў тыя часы»: Леанід Парфёнаў — пра тое, чый Шагал
Марк Шагал «Над горадам», 1918 год.

Пра заснаванне Віцебскага народнага мастацкага вучылішча Маркам Шагалам у 1918 годзе і далейшы канфлікт мастака з Казімірам Малевічам — кніга Віктара Марціновіча «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску».

Даследчык і музейшчык Валерый Шышанаў прысвеціў сваё выданне «Витебский музей современного искусства: история создания и коллекции (1918-1941») цікавейшай тэме — лёсу Віцебскага музея сучаснага мастацтва, пра заснаванне якога адначасова з заснаваннем легендаранай віцебскай навучальнай установы дбаў Марка Шагаў. Лёс гэтай ініцыятывы 1910-х быў трагічным — ад прыстойнай калекцыі «рускіх авангардыстаў, вучняў і выкладчыкаў Віцебскага народнага мастацкага вучылішча застаўся толькі адзін твор.

У Віцебску працуе Дом-музей Марка Шагала і Арт-цэнтр імя мастака, дзе ладзяцца «шагалаўскія чытанні». Цудам захаваўся будынак Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, у якім зараз знаходзіцца  і працуе «Музей Віцебскага народнага мастацкага вучылішча».

Беларуская Рада культуры ў 2022 годзе распачала і працягвае кампанію адвакацыі, каб у калекцыях сусветных мастацкіх музеяў былі пазначаны ўраджэнцы Беларусі. Рух, дзякуючы суайчыннікам па ўсім свеце, ужо пачаў прыносіць плён — у шмат якіх музеях свету супрацоўнікі ідуць насустрач у пазначэнні месца нараджэння Марка Шагала, Восіпа Цадкіна і іншых творцаў.

Але Леанід Парфёнаў дбае пра звыклыя культурныя гіерархіі, дзе як культурныя цэнтры існуюць адно Расія і Захад.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: