Восіп Цадкін — не рускі творца. Працягваецца кампанія па вяртанні на музейныя шыльды краіны паходжання аўтараў

Культура
Восіп Цадкін. Фота: www.facebook.com/Ossip Zadkine

Беларуская Рада культуры працягвае кампанію адвакацыі, каб у калекцыях сусветных мастацкіх музеяў былі пазначаны ўраджэнцы Беларусі.

Вядомага скульптара і мастака Восіпа Цадкіна (Ossip Zadkine) часта падпісваюць і называюць «рускім» творцам. Пры тым, што ён не звязаны з гэтай краінай і наогул у сваім жыцці на тэрыторыі сучаснай Расіі не быў.

Мастацтвазнаўцы ўпэўненыя, што Цадкіна справядліва называць французскім мастаком беларускага паходжання.

Эксперты BCC/Belarusian Council for Culture падрыхтавалі аргументацыю, чаму Цадкін у тым ліку беларускі мастак, а таксама шаблон ліста для пляцовак, дзе можа быць некарэктны подпіс да яго твораў і паходжання.

Восіп Цадкін нарадзіўся 28 студзеня 1888 года як Ёсель Аронавіч Цадкін у Віцебску у Беларусі, што была тады ў Расійскай імперыі. Усе ягоныя сваякі таксама паходзяць з Беларусі. Бацька, Цадкін Аарон Мардуховіч, з традыцыйнай артадаксальнай іўдзейскай сям’і. Фрэйда-Цыпа Абрамаўна, жонка Аарона Цадкіна, маці скульптара, стала ахвярай Халакосту, загінула ў вайну і пахаваная ў агульнай магіле.

Першым сваім настаўнікам у мастацтве ён называе жывапісца з Віцебска Юдэля Пэна. Адным з яго вучняў быў Марк Шагал, з якім Цадкін меў блізкія зносіны ў гады вучобы. Ва ўзросце пятнаццаці гадоў бацька выправіў Цадкіна ў Сандэрленд у Шатландыі, дзе жыў іх сваяк, стрыечны брат маці Джон Лестэр. То-бок – на тэрыторыі сучаснай Расіі Восіп Цадкін наогул ніколі не быў. Пасля Шатландыі ён пераехаў у Лондан і наведваў урокі ў Політэхнічным універсітэце Рыджэнт-стрыт.

Улетку 1908 г. Цадкін вярнуўся ў Беларусь, у Віцебск, каб ненадоўга апынуцца ў сямейным коле і зноў адправіцца ў Лондан.

У Віцебск ён прыязджаў яшчэ некалькі разоў, да 1911 года.

У 1910 годзе Цадкін пасяліўся стала ў Парыжы, жыў і працаваў у Ля Руш.

Знаходзячыся ў Парыжы, ён далучыўся да кубістычнага руху, а пазней выпрацаваў уласны стыль. У летнія месяцы ён па-ранейшаму наведваў радзіму. Так працягвалася аж да пачатку Першай сусветнай вайны, калі скульптар быў канчаткова адрэзаны ад яе франтамі баявых дзеянняў. Цадкін служыў санітарам у французскай арміі падчас Першай сусветнай вайны і быў паранены ў баі. Дакументы сведчаць аб перапісцы з роднымі, блізкімі і настаўнікамі. У архівах, у прыватнасці, маюцца ягоныя лісты да Юдэля Пэна 1916 года.

У 1921 годзе атрымаў французскае грамадзянства. Другую сусветную вайну правёў у ЗША. Яго самай вядомай працай, напэўна, з’яўляецца скульптура «Разбураны горад» (1951-1953), якая ўвасабляе чалавека без сэрца, у памяць аб знішчэнні цэнтра галандскага Ратэрдама ў 1940 г. нямецка-фашысцкімі войскамі.

Да 1958 года ён выкладаў скульптуру ў Акадэміі дэ ла Гранд Шом’ер. Цадкін памёр у Парыжы ў 1967 годзе ва ўзросце 79 гадоў і быў пахаваны на могілках Манпарнас.

Такім чынам, справядліва яго называць французскім мастаком, але і беларускім таксама, бо ён нарадзіўся і пачаў свой шлях у мастацтва менавіта ў Беларусі, атрымаў рамесную спецыяльнасць токара і сталяра, што прыдалося яму ў далейшай творчасці, і пачаў прафесійную мастацкую адукацыю ў майстэрні Юдэля Пэна.

Рада культуры нагадвае, што па хэштэгу #art_born_Belarus можна адшукаць шаблоны і аргументацыю, датычную іншых беларускіх мастакоў — Марка Шагала, Надзі Лежэ, Яна Хруцкага, Фердынанда Рушчыца, Хаіма Суціна.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: