«Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець»: мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры

Культура
Ганна Мядзведзева падчас працы. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Цэнтр польскай скульптуры ў Ароньску з 2008 года арганізуе міжнародныя пленэры керамікі LAB-ORO, па выніках якіх ладзіць выставы. Беларуская мастачка Ганна Мядзведзева прайшла конкурсны адбор і зрабіла падчас пленэру тры новыя творы. 20 кастрычніка там адкрылася выстава ўсіх удзельнікаў.

Паразмаўлялі з Ганнай Мядзведзевай пра тэхналагічныя сакрэты керамікі і крыніцы натхнення.

"Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець": мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры
У майстэрні падчас працы над творамі. Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Гэта не першы ваш удзел у такога кшталту пленэры. Што яны вам даюць для творчага станаўлення?

— Упершыню я стала ўдзельнічаць у міжнародных пленэрах у Беларусі яшчэ падчас вучобы ў нашай Акадэміі мастацтваў. Гэта быў «Арт-Жыжаль», які шмат гадоў праводзіцца керамістам Валерыем Калтыгіным.

— Ці можна лічыць гэты пленэр працягам вашай мастацкай адукацыі?

— Так, бо падчас вучобы ў нас не было магчымасці пазнаёміцца з усімі керамічнымі тэхнікамі, хоць бы таму, што печ на дровах у Акадэміі не зладзіш, пажарнікі не дазволяць. У ў лесе на пленэры «Арт-Жыжаль» у такой печы якраз і адбываецца эксперыментальны абпал керамічных твораў.

"Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець": мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры
Выстава ў Ароньску ў будынку «Дом скульптара». Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Як у свеце ладзяцца керамічныя пленэры ці сімпозіумы, як можна прыняць у іх удзел?

— На рэзідэнцыі, на пленэры ці сімпозіуме ёсць конкурсны адбор. Сімпозіум і рэзідэнцыя маюць падобныя фарматы, але розніца ў тым, што сімпозіум — камандная праца, у ім прымаюць удзел мастакі з розных краін, на рэзідэнцыі ты рэалізуеш уласны праект, свае працы пасля звычайна забіраеш і нават можаш атрымаць грант на іх выкананне. Таксама табе забяспечваюць усе тэхнічныя магчымасці для працы.

Напрыклад, у жніўні я ўдзельнічала ў сімпозіуме ў Балеслаўцы, дзе ў мяне была цудоўная магчымасць папрацаваць на знакамітай керамічнай фабрыцы. Мне было вельмі цікава пабачыць, як працуе гэтая вытворчасць. Вельмі здзівіла тое, што парцаляна там ліецца з крана.

— І вы там рабілі ўласную працу па сваім праекце, залівалі парцаляну з крана ў сваю форму?

— Так, я там спачатку працавала ў мадэльнай майстэрні, дзе робяць гіпсавыя формы, там я зрабіла форму для свайго вырабу, а потым улівала ў яе парцаляну з крана.

"Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець": мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры
Ганна Мядзведзева падчас працы. Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Пленэр у Ароньску для вас другі ў гэтым годзе. Як так атрымалася, што вядомы скульптурны Цэнтр праводзіць керамічныя пленэры?

— Аднойчы сюды на скульптурны сімпозіум патрапілі некалькі керамістаў і вырашылі ініцыяваць асобны керамічны пленэр. Кіраўніцтва Цэнтра іх падтрымала. І хоць цяпер крыху менш фінансаў выдзяляецца на керамістаў, напрыклад, не выдаецца каталог, усё роўна гэта файная магчымасць папрацаваць побач з калегамі з іншых краін, абмяняцца досведам. Бо нават калі збіраюцца мастакі з вопытам, яны заўсёды адзін у аднаго нешта падгледзяць — нейкія фішкі, тэхнікі, інструменты, метады працы, асаблівасці абпалу вырабаў.

Адбываецца пашырэнне камунікацыйнага поля, мастакі расказваюць пра падзеі ў сваіх краінах. Пленэры, сімпозіумы заўсёды накіраваны на тое, каб адбываўся мастацкі дыялог, каб знікалі межы ў мастацтве.

"Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець": мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры
Керамічны аб’ект Ганны Мядзведзевай ў майстэрні. Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Які твор вы выканалі на гэтым пленэры? Ён стаўся рэалізацыяй вашых ранейшых задум ці натхнёны прасторай, у якой працавалі?

— Заўсёды месца, у якім працуеш, уплывае на мае працы. Некаторыя рэзідэнцыі якраз і скіраваныя на тое, каб ты прыехаў і натхніўся гэтай лакацыяй, а пасля пад тым уражаннем ствараў сваю працу.

На практыцы гэта адбываецца трошкі цяжэй, чым гучыць у тэорыі, таму што мастаку трэба час, каб «разагнацца». Спачатку трэба гэтую прастору адчуць, а пасля ты ўжо зможаш фармуляваць новыя ідэі.

"Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець": мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры
Керамічны аб’ект Ганны Мядзведзевай у майстэрні. Фота прадастаўлена аўтаркай.

У Ароньску я спачатку зрабіла дзве працы, якія запланавала для выставы, што адбудзецца ў латвійскім Арт-цэнтры Марка Роткі. Яны звязаныя з месцамі, дзе я раней была. Я называю свае аб’екты пейзажамі, аднак, натуральна, гэта не літаральныя пейзажы. Яны адлюстроўваюць фактуры, структуры, светлацень, падгледжаныя ў канкрэтных месцах. Мне падабаецца назіраць, як па-рознаму святло гуляе з рознымі тэкстурамі, як прабіраецца яно праз галіны дрэў, як цікава глядзіцца мох пад касымі сонечнымі промнямі.

Тут у Ароньску я вельмі люблю выходзіць у парк скульптуры з самага ранку, калі сонца толькі пачынае ўставаць, і тады ўсе гэтыя скульптуры выглядаюць містычна. Я хаджу і назіраю, як святло гуляе з гэтымі аб’ектамі, і паступова ў маёй свядомасці пачынае фармавацца вобраз.

"Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець": мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры
Керамічны аб’ект Ганны Мядзведзевай, натхнёны Ароньскам, у працэсе стварэння. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Таму трэці твор у мяне эксперыментальны, і зроблены ён пад уплывам уражанняў ад Ароньска.

Я цяпер менш займаюся структурнай парцалянай, бо гэта складана рэалізаваць без стабільнай майстэрні. Таму я раблю скульптурныя аб’екты, адметныя тым, што яны апіраюцца на тры ножкі. Такая тэма балансавання і стабільнасці ў складаныя часы. Форма, якая апіраецца на тры ножкі, візуальна вельмі лёгкая, таму што пад ёй свабодна цыркулюе паветра, і адначасова стабільная, бо тры апоры — гэта самая ўстойлівая пазіцыя.

— А як тэхнічна робяцца вашы творы, бо часам яны нагадваюць вязанне?

— Я працую з масамі, у якія дададзены шамот. Ляплю нейкі аб’ект. А потым раблю росчын: дадаю крыху вады, каб маса стала падобная да смятаны, і тады яе можна выціскаць з аптэчнай грушкі. Гэта мой асноўны інструмент.

І тады на паверхні гэтых аб’ектаў з гэтай самай керамічнай масы я выціскаю структурныя формы.

"Нават мастакі з вопытам імкнуцца адзін у аднаго нешта падгледзець": мастачка Ганна Мядзведзева пра керамічны пленэр у Цэнтры польскай скульптуры
Твор Ганны Мядзведзевай на выставе ў «Доме скульптара». Фота прадастаўлена аўтаркай.

— Пасля выставы вашыя працы застануцца ў Ароньску?

— Адна застанецца. Усе керамічныя працы тут захоўваюцца ў сховішчы, аднак гэта калекцыя не мае нейкага афіцыйнага статусу. Аднак яны не будуць проста ляжаць на паліцах і пыліцца, бо праз год плануецца вялікая выстава з адабраным творамі за 15 год існавання пленэру.

— Ці ёсць у Польшчы свой Цэнтр керамікі?

— У Польшчы няма вялікага керамічнага цэнтра міжнароднага ўзроўню, то-бок няма асобнай інстытуцыі, якая б бесперапынна займалася правядзеннем міжнародных выстаў, сімпозіумаў, рэзідэнцый, збірала калекцыю сучаснай керамікі з усяго свету.

Мне вельмі спадабаўся Цэнтр керамікі ў Латвіі, я прыязджала туды на рэзідэнцыю. Была ўражана, як яны актыўна працуюць з керамікай, запрашаюць мастакоў з усяго свету і паказваюць сваіх.

Шмат у якіх краінах дзейнічаюць Цэнтры керамікі. У Беларусі няма, але я пісала праект стварэння такой інстытуцыі. Маю надзею, што калісьці гэты праект можа быць рэалізаваны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: