«Нам трэба ўзброіцца не новым аўтаматам, а новым поглядам на жыццё». Святлана Алексіевіч сустрэлася з былымі палітвязнямі

Главное
Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч на сустрэчы з беларусамі ў Вільні. Літва, 28 лютага 2025 года. Скрын відэа

У віленскім «Замку», шэлтары арганізацыі «Дапамога», прайшла сустрэча з пісьменніцай Святланай Алексіевіч. На спатканні прысутнічалі былыя палітвязні, а таксама — літоўскі паэт Томас Венцлава. Нобелеўская лаўрэатка адказала на шматлікія пытанні і распавяла пра сваю новую кнігу, пра падзеі 2020-га і сваё бачанне будучыні. Выбралі з гутаркі самае важнае.

Святлана Алексіевіч збірае матэрыял для новай кнігі пра беларускую рэвалюцыю 2020 года, пра тое, як мы змяніліся за гэтыя чатыры гады, пра вайну ва Украіне. Яе рабочая назва «У чаканні варвараў». У прыватнасці, пісьменніца камунікавала з Палінай Шарэндай-Панасюк, якая «не гаварыла пра нянавісць, там больш было слоў любові. І я думаю, што гэта адзінае, што можа выцягнуць нас з пекла», — сказала Святлана Алексіевіч.

Пісьменніца заўважыла, што беларусы цяпер перажываюць велізарнае гістарычнае прыніжэнне, бо ў нас забралі краіну, у нас хочуць забраць годнасць. Гэта вельмі цяжка адрэфлексаваць, павінна быць шмат псіхалагічнай працы, якую лягчэй рабіць сумеснымі высілкамі.

У нашай гісторыі такой рэфлексіі не было: «Ні камунізм ні адрэфлексаваны, ні ГУЛАГ. І таму гэта ўсё да нас вяртаецца».

Алексіевіч мяркуе, што будучыня не абяцае нам нічога добрага (пазней, у адказ на пытанне, ці ўцягнецца Беларусь у вайну, Алексіевіч сказала: «Мне здаецца, што Пуцін нас уцягне ў вайну. Гэта маё прадчуванне, яно ж не абавязкова спраўдзіцца»), аднак нельга паставіць сваё жыццё на чаканне: «Па-першае, гэта адзінае тваё жыццё: трэба любіць, па магчымасці, упрыгожваць дом, з дзецьмі знаходзіць патрэбныя словы. Атрымліваць прафесію, гэта для маладых, вучыць мовы. Новай Беларусі патрэбны будуць не толькі рэвалюцыянеры, а і прафесіяналы, новыя людзі. Ствараючы сябе сёння, мы становімся патрэбнымі людзьмі ў будучым. Адчай пажырае душу, гэта рэч вельмі небяспечная».

Пісьменніцы задалі пытанне пра тое, у чым памыліліся беларусы ў 2020-м?

Алексіевіч адказала, што збіраючы матэрыял для сваёй кнігі, яна сама задае гэтае пытанне сваім суразмоўцам. І ёй здаецца, што вынік 2020-га нельга назваць поўнай паразай, бо «нешта вырасла ў нашым разуменні».

Святлана Алексіевіч згадала, як з акна свайго (яна жыла ў «доме Чыжа» каля Траецкага прадмесця) кожную раніцу, з пяці гадзін, бачыла вялізную колькасць ваеннай тэхнікі. А потым ішла вялікая колькасць людзей — вельмі прыгожа апранутых у белыя сукенкі, з кветкамі. «Гэта ішла сутнасць наша беларуская — дабра, радасці, жыцця», — сказала пісьменніца. І патлумачыла, што чытаючы беларускі фальклор, бачыць шмат дзіцячага ў нашым светаўспрыманні: «Як у нас, пасля Гулага, пасля Другой сусветнай вайны засталося столькі ідэалістаў. Што нас абараніла ў гісторыі? І гэта стала для мяне загадкай: чаму мы ў 2020 годзе вось так наіўна выйшлі і думалі, што Лукашэнка ўбачыць, што нас так многа, і пройдзе транзіт улады».

Пісьменніца заўсёды была ўпэўненая, што гэты лідар без крыві не сыдзе. Пра гэта трэба было памятаць. «І мы зрабілі памылку – мы забылі пра гэтае, мы думалі, што свабода – гэта свята».

Тады ўлада на нейкі час разгубілася, быў нейкі перыяд, калі нават міліцыя знікла з вуліц, але мы гэтым не скарысталіся: «Хаця, улічваючы, што на мяжы стаялі рускія падраздяленні, магчыма, мы апынуліся ў гістарычнай пастцы», — мяркуе Алексіевіч.

Такога гвалту над нацыяй мы яшчэ не перажывалі, кажа Алексіевіч. І згадвае, што на маршах у людзей былі іншыя твары, мы ўсміхаліся адно аднаму. Цяпер пісьменніцы дасылаюць лісты са словамі: «Ну як вашы шарыкі-кветачкі? Што вы думалі, здымеце красоўкі, залезеце на лаўку і гэтым пераможаце?».

«А мы спрабавалі даць нейкае іншае ўяўленне, што мы жывем у ХХІ стагоддзі, што можна прыйсці да новай улады без крыві, — патлумачыла Алексіевіч. — Напэўна, без гэтага мы б не заваявалі свет, як мы заваявалі яго сёння. Мы прапанавалі, не, не гандызм, а спробу новага погляду на жыццё.

Але аказалася, што тыя людзі, пакаленне дзядоў, яны мацней, іх сёння больш, перамагла не толькі іх тактыка, але і іх светапогляд. Таму трэба напрацоўваць новы светапогляд. Таму мне заўсёды дзіўна, што маўчыць наша эліта, маўчаць філосафы. Трэба менавіта пра гэта гаварыць, нам трэба ўзброіцца не новым аўтаматам, а новым поглядам на жыццё».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

  1. A)

    «А мы спрабавалі даць нейкае іншае ўяўленне, што мы жывем у ХХІ стагоддзі, што можна прыйсці да новай улады без крыві» — проcто yжаcающая неадекватноcть продолжать повторять что режим падет от кветак имея практичеcкий опыт что это не так, при том что кровь продолжает литcя дальше. гореть тебе в адy.

    Ответить

Последние новости