На прэстыжным Венецыянскім біенале Польшчу прадставяць украінскія мастакі. Выбраны раней праект адмянілі

Культура
«Open Group». Караоке. Відэа. 2022. Фота: suspilne.media.

У Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы працягваюцца «святочныя чысткі», — піша польскае выданне SZUM.

Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны перагледзеў рашэнне адносна мастацкага праекта, які павінен быў прадстаўляць Польшчу на 60-м Біенале ў Венецыі, і абраў рэзервовы праект — выставу «Паўтарайце за мной», прадстаўленую польскай куратаркай Мартай Чыж і ўкраінскім мастацкім калектывам «Open Group» (Юрый Білей, Паўло Ковач, Антон Варга).

Такое рашэнне з’явілася на сайце ведамства.

У Міністэрстве кажуць, што пастанова прынятая ўлічваючы «меркаванні і галасы культурных колаў».

Абураныя галасы ў культурных колах з’явіліся пасля таго, як міністэрства прадставіла праект куратараў Пятра Бернатовіча і Дарыя Карловіча пад назвай «Польскія практыкаванні з трагічнасці свету. Паміж Нямеччынай і Расіяй». Выстава ва ўласным павільёне краіны ў Венецыі павінна была раскрыць польскую трагедыю ХХ стагоддзя, аднак у мастацкім асяроддзі праект выклікаў крытыку.

Абвінавачанні тычыліся вобразу Польшчы, якая паўставала ў праекце як аднастайная і маналітная краіна, засяроджаная на ўласнай ахвярнасці, што даўно не адлюстроўвае стану сучаснага грамадства. Аўтара праекта — мастака Ігнацыя Чвартоса абвінавацілі ў тым, што ён прадукуе тыповыя антынямецкія і антысавецкія сюжэты праз вельмі супярэчлівыя візіі і постаці.

Праект украінскай групы «Паўтарайце за мной» стане працягам існуючай відэаінсталяцыі, якую мастакі стварылі ў 2022 годзе. У ёй паказаны ўцекачы з усходу Украіны, якія, ратуючыся ад пагрозы вайны, знайшлі прытулак у часовым лагеры ў Львове. Яны дзеляцца сваім вопытам гукаў вайны. «Прайграваючы гукі рознай зброі, яны ствараюць своеасаблівы караоке-інструктаж. Аднак інструкцыя не можа перадаць вопыт знаходжання ў зоне баявых дзеянняў. Гэта мастацтва сведчыць пра рэальнасць, у якой цяпер жывуць украінцы і ўкраінкі», — апісваюць першую частку працы мастакі.

Нагадаем, што Украіна на Венецыянскім біенале будзе прадстаўлена праектам «Пляценне сетак». Метафара праекта — пляценне маскіровачнай сеткі як сумеснага дзеяння, якое дапамагае эмансіпацыі кожнага ўдзельніка.

Куратарам і мастацкім кіраўніком 60-га Венецыянскага біенале з’яўляецца Адрыяна Педроса. Ён абраў тэму «Іншаземцы паўсюль» і ў галоўнай выставе біенале плануе засяродзіцца на тых, хто знаходзіцца на маргінэсе грамадства, а менавіта на выгнанцах, эмігрантах і аўтсайдарах.

Рэспубліка Беларусь другі раз запар не будзе афіцыйна прадстаўлена на Венецыянскім біенале.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: